Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рэжысэр Кудзіненка праз крымінальны перасьлед зьехаў зь Беларусі

Беларускі рэжысэр Андрэй Кудзіненка. Архіўнае фота
Беларускі рэжысэр Андрэй Кудзіненка. Архіўнае фота

Рэжысэр Андрэй Кудзіненка, які зьняў больш за 20 поўнамэтражных і дакумэнтальных фільмаў, і ў апошні час кіраваў прыватнай школай «КінаКалайдэр», мусіў зьехаць зь Беларусі.

«Андрэй быў вымушаны ўцячы зь Беларусі. Улады дзяржавы абвінавацілі яго ў „экстрэмізьме“. У ператрусах у ягонай кватэры і ў кінашколе ўдзельнічалі 8 супрацоўнікаў АМАПу і 2 супрацоўнікі КДБ. Ператрусы працягваліся 15 гадзін. У яго забралі пашпарт і тэлефон», — паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook заснавальнік і дырэктар кінафэстывалю Bulbamovie Януш Гаўрылюк.

Асобна ён зьвярнуў увагу на тое, што ўсе мэсэнджары і профілі Андрэя Кудзіненкі цяпер пад кантролем КДБ. «Андрэю сказалі, што яму пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, як рэжым зьнішчае незалежную культуру і перасьледуе людзей мастацтва. Сёньня самае галоўнае — Андрэй у бясьпецы. Хочацца верыць, што ўжо хутка ён зноў зможа здымаць кіно, а не змагацца за ўласную свабоду», — адзначыў Януш Гаўрылюк.

Андрэй Кудзіненка — рэжысэр фільму «Акупацыя. Містэрыі», беларусьфільмаўскай «Масакры», сузаснавальнік фэстывалю Bulbamovie, аўтар дакумэнтальных фільмаў для тэлеканалу Белсат. Ягоныя стужкі дэманстраваліся на найбольшых міжнародных кінафэстывалях сьвету.

Чаму гэта важна

У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і масавых акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Незалежныя назіральнікі задакумэнтавалі больш за 6000 парушэньняў культурных і чалавечых правоў, якія закранулі дзеячаў культуры — пісьменьнікаў, музыкаў, выдаўцоў, актораў і мастакоў. Дзясяткі дзеячаў беларускай культуры былі асуджаныя за мінулыя пяць гадоў на турэмнае зьняволеньне або хатні арышт.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG