«Майго мужа Аляксея Хлястова сёньня затрымалі без тлумачэньняў. І цяпер ён знаходзіцца на Акрэсьціна. Ён не парушаў нічога», — напісала Алена Хлястова ўвечары 21 траўня ў сацыяльнай сетцы Threads.
Яе допіс на раніцу 22 траўня прагледзелі амаль 200 тысяч карыстальнікаў сеткі. У камэнтарах да яе допісу людзі пераважна выказваюць падтрымку ёй і Аляксею, але ёсьць і пагрозы ў іх адрас, бо, маўляў, Алена «падыгрывае зьбеглым», бо «нізавошта ў Беларусі не затрымліваюць». Некаторыя прапанавалі Алене выдаліць публікацыю і відэазапіс, каб не нашкодзіць Аляксею.
АБНАЎЛЕНЬНЕ. Увечары 22 траўня жонка другі раз выйшла ў этэр у Threads і расказала, што мужу прысудзілі 14 дзён арышту нібыта за дробнае хуліганства. Але абставінаў яна ня ведае.
Мэдыямэнэджар Кірыла Валошын ня выключыў, што Аляксея Хлястова маглі затрымаць за «шчырае інтэрвію» Youtube-праекту OPUSHKA, у якім той расказаў, як у 2021 годзе яго «патаемна» пазбавілі права выступаць на сцэне і ён мусіў пайсьці працаваць у таксі.
Раніцай 22 траўня на старонцы Аляксея Хлястова ў Instagram зьявіўся відэазапіс, у якім ён сказаў, што «знаходзіцца на прафіляктычнай гутарцы» ўжо трэці раз. Паводле яго, факт апублікаваньня гэтага відэа сьведчыць, што ён ня дома і не на працы.
«Першы раз мяне выклікалі ў ДАІ за нібыта парушэньне правілаў дарожнага руху, бо браў тэлефон падчас руху. І там мяне запрасілі прадстаўнікі ГУБАЗіК на вуліцу Рэвалюцыйную, 3. Там была зусім незразумелая размова, на што я нічога ня змог адказаць. У пятніцу я выйшаў, у панядзелак мне патэлефанавалі і папрасілі прыехаць у ГУУС. Я туды таксама прыехаў, самастойна. Цяпер мяне запрасілі на Партызанскі праспэкт, 6, транспартная міліцыя», — сказаў ён.
Аляксей Хлястоў падкрэсьліў, што не рабіў ніякіх неправамерных і незаконных дзеяньняў, і папрасіў распаўсюдзіць яго відэазапіс, каб яго маглі абараніць.
Што Хлястоў сказаў у інтэрвію
Праект OPUSHKA апублікаваў 30-хвілінны фільм з удзелам Аляксея Хлястова 3 траўня 2026 году.
«Я жыў дзякуючы сцэне і публіцы. Цяжка адчуць, што ты ня можаш працягваць працу на сцэне. Давайце назавем гэта „пакараньнем сьмерцю“. Было цяжка, сцэны не хапае», — сказаў сьпявак.
Хлястоў кажа, што пачаў працаваць у таксоўцы ў траўні 2025 году. Але ён плянуе вярнуцца ў сваю прафэсію. Пэўны час, як ён прызнаўся, ён называў сябе «таксістам-артыстам».
«З канца 2021 году ў мяне зьнікла магчымасьць выступаць, канцэртаваць. Мяне як артыста, як выкладчыка нельга было наймаць. Адбылося „скасаваньне“ на пэўным узроўні. Я адпраўляў у розныя кампаніі рэзюмэ розных прафэсіяў — і як выкладчык, і як прадусар, і як арт-мэнэджар, як арт-дырэктар, але мне ветліва тлумачылі, што ня могуць мяне ўзяць, і на гэта ёсьць пэўныя прычыны», — расказаў ён.
І калі, паводле яго, сям’я пачала выкарыстоўваць фінансавую «падушку», ён вырашыў паспрабаваць працаваць у таксі. Цяпер у таксі працуе і ягоны сын.
Аляксей Хлястоў адзначыў, што займеў вялікую падтрымку, калі пачаў выкладваць у сацыяльных сетках кароткія відэазапісы, на якіх ён сьпявае за стырном.
У інтэрвію не было ніякай крытыкі на адрас уладаў Беларусі.
Што вядома пра Аляксея Хлястова
Аляксей Хлястоў нарадзіўся 23 красавіка 1976 году ў Менску. Ён пачаў сьпяваць у дзяцінстве, скончыў музычную школу. Сьпяваў у вельмі папулярным дзіцячым ансамблі «Равесьнік» разам з сваім братам, таксама сьпеваком Андрэем.
У 1993 годзе на другім рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў Менску Аляксей атрымаў прыз глядацкіх сымпатыяў. Удзельнічаў у «Славянскім базары», працаваў у студыі «Сябры», выступаў у дуэце з сваім братам Андрэем.
З канца 1996 году працаваў у Бахрэйне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе і амаль адразу стаў найбольш рэйтынгавым сьпеваком 2003 году.
Меў сольныя канцэрты, удзельнічаў у гастролях з прэзыдэнцкім аркестрам, удзельнічаў у конкурсе маладых выканаўцаў у Юрмале.
Шмат гадоў Аляксей Хлястоў выступаў на канцэртах і імпрэзах, якія арганізоўвалі дзяржаўныя структуры.
У лютым 2023 году Беларуская рада культуры паведаміла, што Аляксей Хлястоў трапіў у сьпіс 87 калектываў і выканаўцаў, чые песьні забаранілі выконваць у Беларусі. Сьпіс, імаверна, падрыхтаваны ў КДБ, перадалі дзяржаўным установам, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў.
Форум