Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошынай — ляльку, Хлястову — валянцінку. БРСМ правёў акцыю «Моладзь і выбары»


У Рэспубліканскім доме моладзі, дзе цэнтральны офіс БРСМ, гэтая моладзевая арганізацыя правяла акцыю пад назвай «Моладзь і выбары: формула адказнасьці».

Акцыя была заяўленая ў фармаце адкрытага дыялёгу, але прайшла без удзелу палітычных сілаў, якія лічацца апазыцыйнымі. Тыя, хто мяркуе, што выбары ў Беларусі сыстэматычна фальсыфікуюць, яўку штучна завышаюць, а з думкай дэпутатаў мясцовых саветаў чыноўнікі ўсё роўна ня лічацца, на дыялёг не зьявіліся. Затое прыйшла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына з шэрагам дэпутатаў і зорак беларускай эстрады.

Аляксей Хлястоў
Аляксей Хлястоў

Сьпявак Аляксей Хлястоў дэманстраваў калегам-жанчынам адмысловыя туфлі для венскіх баляў, у якіх можна хадзіць ня толькі па паркеце, але і па лёдзе. А ўдзельніца «Эўрабачаньня» Алена Ланская старалася прыгажэй скласьці вусны, фатаграфуючыся на мабільны тэлефон.

Галоўнай госьці, Лідзіі Ярмошынай, таксама далі выказацца, а ў канцы сьвята ўручылі торбу, поўную падарункаў.

Для Свабоды старшыня ЦВК адкрыла, што ў торбе: там былі прыгожая лялька ў нацыянальным строі і гліняны гаманец з надпісам «Чавусы».

Між тым да раздачы падарункаў старшыня ЦВК узяла актыўны ўдзел у размове пра тое, ці варта асуджаць моладзь за малое жаданьне ісьці на выбары і як прыцягнуць маладых на выбарчыя ўчасткі. Вось некалькі тэзаў зь ейнага выступу, якія, мабыць, можна лічыць яе «моладзевай праграмай».

  • «Моладзь паўсюль малаактыўная, ня толькі ў нас».
  • «Нармальна, што ў моладзі ёсьць крытычныя погляды, у тым ліку на тых, хто абіраецца, і на тыя формы працы, якія мы ім прапаноўваем».
  • «Але моладзь схільная прыслухоўвацца да думкі бацькоў і пэдагогаў».
  • «Спадзяюся, што яны (бацькі і пэдагогі) падключацца і дапамогуць, каб маладыя людзі хаця б прыйшлі на выбарчыя ўчасткі».
  • «Далей, па меры таго як яны будуць разьвівацца, — гэта ўжо будучыя кандыдаты».

Пасьля Лідзіі Ярмошынай выбарчую тэму падхапілі дзейныя дэпутаты Нацыянальнага сходу і маладыя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў, за якіх заўтра ўжо пачнуць галасаваць датэрмінова.

Пірагу папярэднічаў «тост» у выкананьні дэкана факультэту філязофіі БДУ Вадзіма Гігіна: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»
Пірагу папярэднічаў «тост» у выкананьні дэкана факультэту філязофіі БДУ Вадзіма Гігіна: «Мой родны кут, як ты мне мілы...»

Лідзія Ярмошына і Аляксей Хлястоў сфатаграфаваліся ў падтрымку беларускай алімпійскай зборнай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG