Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: «начальнікі» рвуцца ў абласныя саветы дэпутатаў


Для любой вобласьці Беларусі абласны савет — найвышэйшая дэпутацкая інстанцыя. Хто ж сёлета імкнецца засядаць у абласных саветах? Карэспандэнты Свабоды вывучалі сытуацыю ў трох рэгіёнах.

Магілёўшчына: структурна ў аблсавеце мала што зьменіцца

На 54 дэпутацкія месцы сёлета прэтэндуюць 156 кандыдатаў. Чатыры гады таму ахвотнікаў займець дэпутацкі мандат было 139.

Як і на мінулых выбарах, сёлета прадстаўніцтва чыноўнікаў сягае двух дзясяткаў. Пабыць у складзе аблсавету 28 скліканьня захацеў 21 службовец. У 2014 годзе прэтэндэнтаў было 22, зь іх 14 сталі дэпутатамі.

Грамаду чыноўнікаў сёлета папоўніў толькі адзін вылучэнец ад БРСМ. У 2014-м іх было сямёра. Дэпутатамі захацелі стаць і чацьвёра журналістаў дзяржаўных СМІ з Магілёва, Бабруйску ды Шклова. На мінулых выбарах у аблсавет прэтэндавалі трое вылучэнцаў інфармацыйна-прапагандысцкага пулу. Усе трое сталі дэпутатамі.

Прэтэндуе на дэпутацтва і дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў. У сьпісе кандыдатаў 18 прадстаўнікоў гэтай групы вылучэнцаў. У 2014 годзе іх было больш за два дзясяткі. Дэпутатамі сталі дванаццаць зь іх.

Установы адукацыі на сёлетніх выбарах прадстаўленыя 26 прэтэндэнтамі. Летась пэдагогаў, ахвотных стаць дэпутатамі, было 22. Месца ў аблсавеце займелі толькі чацьвёра.

Сёлета сярод прэтэндэнтаў на дэпутацтва — 15 прадстаўнікоў устаноў аховы здароўя. У 2014 годзе ў аблсавет трапілі 6 мэдыкаў. Вылучаліся — 14.

13 прадпрымальнікаў наважыліся ў сёлетнія выбары атрымаць мандат дэпутата аблсавету. У 2014 годзе іх было 9. У аблсавет ніводзін ня трапіў.

Навошта ўлады ўтойваюць зьвесткі аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты

Дэпутат Глаз: аблсавет захавае касьцяк

Зь цяперашняга складу Магілёўскага аблсавету наважыліся захаваць паўнамоцтвы 17 дэпутатаў. Сярод іх шасьцёра чыноўнікаў, якім складаюць кампанію двое вылучэнцаў зь дзяржаўных газэт. Хочуць застацца дэпутатамі двое мэдыкаў, двое прадстаўнікоў адукацыйнай сфэры, а таксама група кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый.

Цяперашні дэпутат Анатоль Глаз сваіх калегаў, якія наважыліся, як і ён сам, застацца ў аблсавеце, называе касьцяком прадстаўнічага органа ўлады. «У любым савеце, — кажа ён, — павінна застацца група экспэртаў».

«Людзі павінны падрастаць, вучыцца мясцоваму самакіраваньню ды ажыцьцяўляць уладу на месцах», — так патлумачыў абнаўленьне аблсавету Анатоль Глаз, дадаўшы, што кожны дэпутат, прымаючы рашэньне, ці балятавацца яму паўторна, кіруецца і ўласнымі меркаваньнямі.

Апазыцыянэр Шанцаў: у аблсавеце нічога ня зьменіцца

Уладзімер Шанцаў, архіўнае фота
Уладзімер Шанцаў, архіўнае фота

На думку апазыцыйнага вылучэнца Ўладзімера Шанцава, новы склад аблсавету хоць і істотна абновіцца, але рэй у ім будуць весьці, як і раней, прадстаўнікі выканаўчай улады. Старшыняваць у аблсавеце будзе Дзьмітры Харытончык, цяперашні намесьнік старшыні Магілёўскага аблсавету, лічыць Шанцаў.

«На пасаду старшыні аблсавету ўлада ня можа дапусьціць не праверанага службоўца. Таму прызначаць Харытончыка, бо ён з уладнай абоймы», — прагназуе кіраўнік абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Старшынём цяперашняга складу аблсавету яго дэпутаты ў 2014 годзе абралі Анатоля Ісачанку, які таксама быў намесьнікам кіраўніка вобласьці. Старшыняваў Ісачанка ў аблсавеце толькі два гады. У 2016 годзе Лукашэнка прызначыў яго інспэктарам па Менскай вобласьці, а ў 2017 годзе — старшынём Менскага аблвыканкаму. Два гады пасада старшыні Магілёўскага аблсавету была вакантная.

Прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый, на думку Шанцава, у аблсавет не прапусьцяць, каб «не парушаць стабільнасьці ў ім».

Берасьцейшчына: амаль палова кандыдатаў — дырэктары ці іх намесьнікі

На Берасьцейшчыне ў 56 акругах быў зарэгістраваны 141 кандыдат у дэпутаты. Аднак ужо 10 кандыдатаў, якіх называюць праўладнымі, зьнялі свае кандыдатуры.

Напрыклад, у Бярозаўскай акрузе № 24 зьнялася з выбараў начальніца аддзелу адукацыі райвыканкаму Тацяна Бранько. Цяпер тут начальніку аддзелу па надзвычайных сытуацыях Аляксандру Пятроўскаму будуць супрацьстаяць два апазыцыянэры — Аляксандар Кабанаў ад АГП і Тацяна Тарасевіч ад БСДП(Г).

З улікам тых кандыдатаў, што зьняліся, на Берасьцейшчыне выходзіць 13 безальтэрнатыўных акругаў. На чарговы тэрмін балятуюцца 16 чалавек. Некаторых можна загадзя віншаваць зь перамогай. Напрыклад, старшыню вытворчага каапэратыву «Моталь» Мікалая Шыкалая ды дырэктара Пружанскага заводу радыёдэталяў Віктара Каліха. Іх супернікі з выбараў зьняліся.

Найбольшая канкурэнцыя ў вялікіх гарадах — у Берасьці ёсьць акруга, дзе на мандат прэтэндуюць 6 чалавек. У большасьці рэгіянальных акругаў — па 2 чалавекі на месца.

Пераважная большасьць кандыдатаў у абласны савет — кіраўнікі прадпрыемстваў. У графе «пасада» ў 64 кандыдатаў напісана «дырэктар» або «намесьнік дырэктара». Апроч іх шмат начальнікаў, старшыняў, загадчыкаў, галоўных лекараў.

Цікава ў Мікашэвіцкай акрузе № 43 — тут балятуецца гендырэктар прадпрыемства «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч, якому супрацьстаіць сябра БСДП(Грамада) Леанід Дубаносаў. Менавіта Дубаносаў быў адным зь лідэраў пратэсту рабочых на «Граніце» ў 2011 годзе. Пасьля тых падзей яго з прадпрыемства звольнілі. Кампанію дырэктару і былому рабочаму складзе яшчэ і намесьнік дырэктара Лунінецкага ЖКГ Юры Корчык.

«Гэта чарговая „фраў А.“». Апазыцыя пра нападкі дзяржаўных тэлеканалаў на незалежнае назіраньне

Гомельшчына: «Атрымаем начальніцка-дырэктарскі савет»

У Гомельскі аблсавет на 60 дэпутацкіх месцаў прэтэндуюць 142 кандыдаты. У кожнай выбарчай акрузе абавязкова ёсьць «начальнік», у некаторых — нават па два. Але наўрад ці для канкурэнцыі — хутчэй для адводу вачэй, каб асабліва «не выпінаць» галоўнага прэтэндэнта.

Да прыкладу, у Цэнтральнай выбарчай акрузе № 50 Рэчыцы ў абласны савет балятуюцца начальніца аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Сьвятлана Краўчанка і генэральны дырэктар мэтызнага заводу Віктар Самончык. Зусім не выглядае, што Краўчанка складзе значную канкурэнцыю кіраўніку прадпрыемства. Яна не стварала групы па зборы подпісаў у сваю падтрымку, а вылучылася пратакольна, праз кампартыю, да якой належыць. Няма начальніцы ідэалягічнага аддзелу нават у сьпісе выступоўцаў на дзяржаўным радыё.

«Фэйкавыя» канкурэнты ляяльным начальнікам ад прамысловасьці, будаўніцтва, адукацыі, мэдыцыны, а таксама ўладным чыноўнікам ёсьць амаль у двух дзясятках выбарчых акругаў.

Як бы зьнешне ні выглядала прыгожа, але наўрад ці будзе насамрэч канкураваць начальнік электрасетак Кармянскага раёну Аляксандар Базылеў з начальніцай галоўнага фінансавага ўпраўленьня Гомельскага аблвыканкаму Тамарай Сушкінай. Абое яны зарэгістраваныя кандыдатамі ў акрузе № 38. Чыноўніца з аблвыканкаму запісалася паагітаваць за сябе і праз радыё, а Базылеў адмовіўся ад такой магчымасьці.

Колькі каштуе агітацыя на «мясцовых» выбарах

У пяці выбарчых акругах начальнікі выбіраюцца ў абласны савет на безальтэрнатыўнай аснове. У прыватнасьці, у Гомлі ў акрузе № 7 — гэта намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі і сацыяльных пытаньнях «Гомсельмашу» Мікалай Кавалевіч, у Лельчыцах у акрузе № 39 — генэральны дырэктар «Гомельаблдарбуду» Ігар Краўчанка, у Мазыры ў выбарчай акрузе № 45 — першая намесьніца старшыні райвыканкаму Валянціна Назаранка.

Праўда, да нядаўняга часу ў Назаранкі быў канкурэнт, прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі з Калінкавічаў, але ён зьняў сваю кандыдатуру.

Дарэчы, зь пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якія на этапе агітацыі адмовіліся ад удзелу ў выбарах, — двое прадстаўнікоў ЛДП, адзін сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці і двое мясцовых кіраўнікоў невысокага рангу, якія саступілі месца большым начальнікам.

Намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў (ён аналізуе выбарчыя кампаніі і займаецца падрыхтоўкай назіральнікаў) лічыць, што новы склад Гомельскага абласнога савету ня будзе істотна адрозьнівацца ад цяперашняга.

«Атрымаем такі ж самы начальніцка-дырэктарскі савет з чыноўніцкай праслойкай, якому не цікавае мясцовае самакіраваньне», — кажа Палякоў.

Там, дзе апазыцыя, найбольш кандыдатаў

Юры Ляшэнка зь Сьветлагорску — кандыдат у дэпутаты ў Маладзёжнай выбарчай акрузе № 57
Юры Ляшэнка зь Сьветлагорску — кандыдат у дэпутаты ў Маладзёжнай выбарчай акрузе № 57

Абʼяднаная грамадзянская партыя вылучыла на выбары ў аблсавет шасьцёх сьпікераў. Яны пераважна і ладзяць публічную агітацыю на вуліцах празь пікеты, распавядаючы, што выбараў у Беларусі няма, а ёсьць толькі палітычная кампанія пад назвай «выбары». У Сьветлагорску — гэта дырэктар ТАА «Сьветлагорскія перавозкі плюс» інвалід Юры Ляшэнка, у Акцябрскім — Алена Луцковіч, у Лоеве — Мікалай Анісавец, у Гомлі — Мікалай Новікаў і Кастусь Жукоўскі. Ад партыі левых «Справядлівы сьвет» у аблсавет балятуюцца сямёра вылучэнцаў.

У акругах, дзе кандыдатамі зарэгістраваныя прадстаўнікі дэмакратычных партый, найбольшая колькасьць канкурэнтаў — па 3–4 прэтэндэнты на мандат.

«Ня думаю, што гэта выпадкова, — кажа кандыдат у дэпутаты ад „Справядлівага сьвету“ ў Прыбыткаўскай акрузе № 25 Уладзімер Сякерка. — Прасьцей будзе пісаць пра канкурэнтныя выбары ды „маляваць“ больш высокую яўку выбарнікаў на ўчастках для галасаваньня».

Яшчэ адна асаблівасьць сёлетніх мясцовых выбараў на Гомельшчыне — гэта ўдзел у іх прадстаўнікоў прыватных камэрцыйных прадпрыемстваў. Ім, выглядае, адведзена такая ж роля, як і апазыцыйным кандыдатам — для «карцінкі».

Кандыдат у дэпутаты сьцьвярджае, што ў Берасьці «прапалі» 47 тысяч выбарнікаў

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG