Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дэпутат Скрабец паскардзіўся ў Генпракуратуру на цэнзураваньне ягонай выбарчай улёткі


Сяргей Скрабец

Былы намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па падатках і бюджэце Сяргей Скрабец зьвярнуўся са скаргай у Цэнтральную выбарчую камісію і Генэральную пракуратуру. Ён абураны дзеяньнямі камісіі ў Пляханаўскай выбарчай акрузе №10, дзе балятуецца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты сталічнага гарсавету.

«З маёй біяграфіі, прызначанай для разьмяшчэньня на выбарчым стэнды і на ўлётцы, зьніклі зьвесткі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да выбараў. У прыватнасьці, адсутнічае інфармацыя аб тым, што я быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», – напісаў у скарзе Скрабец.

Ён запатрабаваў «неадкладна разабрацца з гэтым абуральным беззаконьнем і тэрмінова ўнесьці гэтыя найважнейшыя для выбарніка зьвесткі ва ўлётку зь біяграфіяй».

Скрабец паведаміў Свабодзе, што палова тэксту пра яго на ўлётцы расказвае пра тое, што ён быў асуджаны за вымаганьне крэдыту.

«Гэтую судзімасьць зьнялі зь мяне яшчэ 12 гадоў таму. Таму ад такой маленькай хітрасьці пахне вялікай маной. У Канстытуцыі запісана, што кожны грамадзянін Беларусі мае права на праўдзівую і сумленную інфармацыю. Тое, што напісана ва ўлётцы, я не лічу ні праўдзівым, ні сумленным», – лічыць Скрабец.

Гэта ня першы выпадак, калі акруговыя выбарчыя камісіі выдаляюць некаторыя зьвесткі зь біяграфіі зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Як
ужо паведамляла Свабода, Шклоўская акруговая выбарчая камісія № 54 выкрасьліла некаторыя зьвесткі зь біяграфіі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якая павінна была разьмяшчацца на выбарчых стэндах і ўлётках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG