Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошай на агітацыю кандыдатам на мясцовых выбарах не хапае. А бясплатна яны маюць толькі адзін радыёэфір на лякальным радыё. Свабода даведалася, колькі каштуе агітацыя для кандыдатаў у дэпутаты.

Выбарчае заканадаўства гарантуе кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў (ад раённага да абласнога) адзін бясплатны выступ празь мясцовае радыё. Ніжняя плянка працягласьці выступу — ня меней за тры хвіліны. Больш магчымасьцяў для бясплатнай агітацыі празь дзяржаўныя мэдыі не існуе. А калі хто хоча скарыстацца паслугамі, напрыклад, раённай газэты, то мусіць за гэта плаціць. Грошы можна ўзяць з спэцыяльнага рахунку кандыдата. Але ён абмежаваны. Невыпадкова, што яго адкрыў пакуль толькі кожны дваццаты кандыдат.

«Магілёўскія ведамасьці»: сярэдняя цана рэклямы кандыдата — 250 рублёў

У інфармацыйным агенцтве «Магілёўскія ведамасьці», якое выдае аднайменную абласную газэту, кажуць: кандыдаты ў дэпутаты па такую паслугу, як публікацыя агітацыйных матэрыялаў, не зьвярталіся. Бясплатных абвестак вылучэнцаў газэта не друкуе. За сродкі кандыдатаў выданьне бярэцца надрукаваць іхныя матэрыялы як рэклямна-інфармацыйныя артыкулы. Асобнай выбарчай пазыцыі ў прайсе не прадугледжана.

Як удалося высьветліць, сярэдняя цана публікацыі на палову паласы — блізу 250 рублёў. Кошт залежыць ад фармату артыкула, наяўнасьці колеру і дня выхаду газэты. У прыватнай гутарцы супрацоўнік рэдакцыі сказаў, што расцэнкі «не падганялі» пад выбары. Яны разьлічаныя для рэклямадаўцаў.

Каб тэкст адпавядаў выбарчаму заканадаўству, пільнуе адказны за выпуск газэты. У публікацыі не павінна быць дэструктыўных заклікаў, сказаў суразмоўца. Ён запэўніў, што дадатковай працэдуры ўзгадненьня артыкула вылучэнца няма.

«Горацкі веснік»: Раней прыносілі, сёлета не было

Ад пачатку агітацыйнай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты не зьвярталіся і ў горацкую раёнку. «Горацкі веснік» за публікацыю агітацыйнага матэрыялу вылучэнцаў просіць, як і за рэкляму, 80 капеек за квадратны сантымэтар. У рэдакцыі сказалі, што расцэнкі ўмысьля пад выбары не ўздымалі. Плаціць за рэкляму кандыдат мае з свайго выбарчага фонду.

Працэдура публікацыі тэксту кандыдата таксама засталася ранейшая. Дадатковага ўзгадненьня матэрыялаў, запэўнілі ў рэдакцыі, не патрабуецца. Адзінае, на што зьвяртаюць увагу, — гэта на дэструктыўныя заклікі.

«Каб не было заклікаў да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу, ваенных дзеяньняў, — тлумачыла супрацоўніца рэдакцыі. — А калі нехта захоча пакрытыкаваць свайго апанэнта альбо існуючы стан рэчаў у краіне, то калі ласка — гэта не забараняецца».

Тое, што сёлета няма попыту на публікацыі агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у дэпутаты, рэдакцыю дзівіць.

«Свае праграмы кандыдаты ў дэпутаты раней заўжды прыносілі. Будзем чакаць, мо заўтра прынясуць», — пракамэнтавала сытуацыю журналістка дзяржаўнага выданьня.

«Асіповіцкі край»: адкуль у кандыдатаў грошы на агітацыю?

У рэдакцыі «Асіповіцкага краю» сказалі: за ўвесь пэрыяд агітацыі ў справе апублікаваньня выбарчай праграмы зьвяртаўся толькі адзін чалавек. Яму сказалі, што надрукуюць матэрыял, калі будзе адкрыты адмысловы рахунак. Пасьля гэтага яго больш ня бачылі.

«Наагул мы не падлічвалі, у колькі абыдзецца кандыдату яго агітацыя ў газэце», — сказаў супрацоўнік рэдакцыі.

Суразмоўца выказаў сумнеў, што за агітацыю кандыдат у дэпутаты павінен плаціць паводле рэклямных расцэнак. На ягоную думку, такія матэрыялы павіны разглядацца як «інфармацыйна-прапагандысцкія». «Адкуль у кандыдатаў грошы на рэкляму?» — кажа ён.

Згадваючы ранейшыя выбарчыя кампаніі, журналіст дзяржаўнага выданьня адзначыў, што агітацыя кандыдатаў у дэпутаты і раней не публікавалася. Газэта, сказаў ён, бясплатна адзін раз падавала зьвесткі пра тых, каго зарэгістравалі кандыдатамі, і другі раз разьмяшчалі іхныя кароткія біяграфіі з фатаздымкамі.

Апазыцыянэрам можна публікавацца за грошы, а пра дасягненьні праўладных кандыдатаў пішуць навіны

На Берасьцейшчыне кандыдаты не сьпяшаюцца несьці публікаваць свае звароты ў дзяржаўнай прэсе. Прычына — выданьні бяруць за гэта грошы, на якія часам можа не хапіць усяго выбарчага рахунку кандыдата.

Кандыдат у дэпутаты Драгічынскага раённага савету Сяргей Гардзіевіч, сябра кампаніі «Гавары праўду», высьвятляў, як можна надрукаваць зварот да выбарнікаў. У «Драгічынскім весьніку» яму сказалі, што тэкст да 2 тысяч знакаў паставяць за 70 рублёў, ды яшчэ 5 рублёў за фота. У выніку кандыдат адмовіўся ад ідэі публікавацца ў раённай газэце. Ён мяркуе, што прасьцей будзе данесьці свае ідэі праз інтэрнэт.

«Цікава, што пры гэтым інфармацыя аб праўладных кандыдатах, у тым ліку аб маім канкурэнце, зьяўляецца ў газэце. То адчынілі станцыю абезжалезваньня, будаўніцтва якой, дарэчы, фінансавалася Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця, то яшчэ нешта. Ідуць публікацыі пра іх дасягненьні, іх працу. Атрымліваецца такая прыхаваная рэкляма праўладных кандыдатаў у дэпутаты», — кажа Сяргей Гардзіевіч.

Як сказаў Свабодзе кіраўнік абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі, кандыдаты ад партыі нават і не зьбіраюцца друкавацца ў дзяржаўных газэтах, таму што бясплатная публікацыя цяпер законам не прадугледжаная.

«Гэта ня мае сэнсу, бо рахунак кандыдата абмежаваны — у раённы савет гэта 245 рублёў. Мы больш ставім на агітацыю праз пікеты, праз абыходы кватэр — то бок на непасрэдныя сустрэчы з выбарнікамі. Таксама агітаваць будзем праз распаўсюд улётак», — кажа Ігар Маслоўскі.

Заплаці, кандыдат, і выбарцы ўбачаць тваю праграму

З надыходам у выбарчай кампаніі часу агітацыі Мікалай Анісавец, кандыдат у дэпутаты двух саветаў — Гомельскага абласнога і Лоеўскага раённага — даслаў у мясцовую газэту «Лоеўскі край» свой зварот да выбарнікаў. Меркаваў так: выбары — справа дзяржаўнай важнасьці, газэта таксама дзяржаўная, дык чаму не падзяліцца празь яе сваім бачаньнем эканамічнай сытуацыі, не патлумачыць, што хвалюе, якім рэчам варта аддаць увагу саветам у новым скліканьні. Падрыхтаваў, можна сказаць, свой перадвыбарны маніфэст. Дзьве старонкі, тысяча слоў.

І атрымлівае кандыдат адказ за подпісам галоўнай рэдактаркі выданьня Сьвятланы Маторнай. Згодна з рэдакцыйным загадам ад 9 студзеня праграмы кандыдатаў раённага і абласнога саветаў у дзяржаўнай установе «Рэдакцыя газэты „Лоеўскі край“» публікуюцца «на аднолькавых умовах»:

— абʼём тэксту праграмы павінен не перавышаць 5000 знакаў з прабеламі (прыблізна аркуш фармату А4 дзясятым кеглем);

— кошт публікацыі — 0,65 рубля за 1 квадратны см газэтнай плошчы.

Тэкст абʼёмам да 5000 тысяч знакаў займае ў газэце плошчу прыблізна 360 квадратных см.

Простыя падрахункі паказваюць: каб надрукаваць перадвыбарчую праграму, трэба заплаціць 234 рублі.

«Я працаваў настаўнікам, — кажа Анісавец, — цяпер на пэнсіі, атрымліваю крыху больш за 300 рублёў. За публікацыю пра дзяржаўнае ўладкаваньне раёну мушу аддаць амаль месячную пэнсію. А жыць на што? Адсюль і дылема: нічога не друкаваць і проста ўдзельнічаць у такім выбарчым фарсе — ці дэманстратыўна зьняць сваю кандыдатуру і не зважаць на абсурдную сытуацыю ў раёне?»

Суразмоўца дадае, што раней кандыдаты ў дэпутаты мелі магчымасьць разьмяшчаць свае праграмы ў мясцовых выданьнях на бескаштоўнай аснове. Цяпер папяровыя мэдыі ставяцца да праграмаў кандыдатаў як да выгаднай рэклямы, бо Выбарчы кодэкс замацаваў для кандыдатаў як бясплатны толькі выступ на радыё. На Гомельшчыне адвялі кожнаму кандыдату 5 хвілін эфірнага часу. І каб скарыстацца ім, кандыдаты ў дэпутаты нават раённых саветаў — з Лоева, Лельчыцаў, Акцябрскага ды ўсіх іншых райцэнтраў — мусяць ехаць у Гомель, у абласную тэлерадыёкампанію.

Раён — на «запчасткі»

Бясплатныя для кандыдатаў толькі 5 хвілін па радыё
Бясплатныя для кандыдатаў толькі 5 хвілін па радыё

Мікалай Анісавец тлумачыць: на выбары пайшоў найперш таму, што родны Лоеўскі раён цягам апошніх гадоў апынуўся ў дэпрэсіі, глыбокім крызісе. Ён займае апошнія месцы ў Беларусі па ўзроўні даходаў і жыцьця насельніцтва. Мясцовыя ўлады пад ідэю аптымізацыі сыстэмы кіраваньня і кадраў ператвараюць Лоеўшчыну ў прыдатак мацнейшага ў эканамічных адносінах Рэчыцкага раёну.

«Раён проста разьбіраюць на «запчасткі», — кажа Анісавец. Паводле яго, зусім не жыхары давялі да банкруцтва і закрылі важныя для Лоева малаказавод і адзіную тут будаўнічую арганізацыю — МПМК-104. Не з ініцыятывы людзей да райсельгастэхнікі далучылі райсельгасхімію, райсельэнэрга ды райаграснаб, каб атрымалася адно прадпрыемства — ААТ «Лоеўскі агратэхсэрвіс», а на вуліцы апынуліся дзясяткі працаўнікоў.

Адзінае горадаўтваральнае прадпрыемства — «Лоеўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», цалкам мадэрнізаваны ў 2008 годзе, — збанкрутавала. Яго далучылі ў якасьці філіялу да мазырскага ААТ «Палесьсебуд».

Палову сельгасугодзьдзяў раёну, на якіх раней разьмяшчаліся саўгасы «Ўсход», «Дняпроўскі», імя Леніна, «Карпаўка», калгас «Дружба», два гады таму перадалі ў так званае «даверчае кіраваньне» Тураўскаму малочнаму камбінату, што ў Жыткавіцкім раёне. Якая карысьць ад гэтага раёну і людзям, якую вытворчасьць зьбіраюцца разьвіваць — ніхто людзям так і не патлумачыў.

Але й гэта яшчэ ня ўсё. Ёсьць яшчэ шмат пераўтварэньняў.

«Усё гэта навязана зьверху, — кажа Мікалай Анісавец. — Суправаджаецца працэс значным скарачэньнем раённага бюджэту, ператокам сродкаў у Рэчыцу, а таксама зьмяншэньнем даходаў насельніцтва і працоўных месцаў на Лоеўшчыне. Мясцовы райвыканкам выконвае цяпер функцыі сьціплай дыспэтчарскай, у яго няма нават пляну разьвіцьця раёну на бліжэйшую пэрспэктыву. І ніхто з трыццаці раней абраных дэпутатаў райсавету ня выступіў публічна супраць гэтай вакханаліі».

У Мазыры ў дзяржаўнай газэце «Жыцьцё Палесься» за квадратны сантымэтар газэтнай плошчы патрабуюць 68 капеек. У суботу, калі выданьне выходзіць у каляровым варыянце, плата падвышаецца — да 74 капеек.

Афіцыйная абласная газэта «Гомельская праўда» вызначыла, што для перадвыбарчых матэрыялаў кандыдатаў плошча ўтрая даражэйшая, чым для звычайнай рэклямы. У аўторак і суботу квадратны сантымэтар каштуе для кандыдатаў 2 рублі 34 капейкі, у чацьвер, калі наклад большы, — 2,79 рубля замест звычайных 93 капеек. Прынамсі, так тлумачаць у рэклямным аддзеле.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG