Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў: Ад удзелу ў выбарах аўтарытэт апазыцыі зьмяншаецца


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Павал Вусаў. Ён заяўляе, што ўдзел у выбарах прыносіць беларускай апазыцыі толькі шкоду, дзівіцца, як можна казаць, што выбары нелегітымныя, і адначасова ў іх удзельнічаць, і заклікае да стварэньня агульнанацыянальнага фронту.

«Улады шляхам фальсыфікацый малююць для апазыцыі цалкам маргінальныя лічбы, паказваючы грамадзтву, што апазыцыя ня мае ані ўплыву, ані падтрымкі»

— Вы ведзяце «сьвяшчэнную» барацьбу супраць удзелу беларускай апазыцыі ў мясцовых выбарах, пішаце пра гэта артыкулы, допісы ў сацыяльных сетках. Чаму, па-вашаму, гэта настолькі важна? Здаецца, для большасьці апазыцыйных палітыкаў пытаньне ўдзелу-няўдзелу даўно вырашана, усе асноўныя палітычныя сілы бяруць удзел у гэтай кампаніі ў той ці іншай форме. Але вы радыкальна настойваеце, што ўдзельнічаць у выбарах ня трэба. Чаму?

— Папярэднія прыклады ўдзелу — ня толькі ў мясцовых, але і ў парлямэнцкіх выбарах — паказалі, што ўлады не зьбіраюцца праводзіць выбары згодна з прынцыпамі свабоды і дэмакратыі. А выкарыстоўваюць удзел апазыцыі ў выбарах, па-першае, дзеля ўласнай легітымізацыі на ўнутраным рынку. І па-другое, дзеля дыпляматычных гульняў і легітымізацыі палітычнай сыстэмы на міжнародным узроўні. Таксама гэтыя выбары выкарыстоўваюцца дзеля дыскрэдытацыі апазыцыі, бо ўлады шляхам фальсыфікацый малююць для апазыцыі цалкам маргінальныя лічбы, паказваючы грамадзтву, што апазыцыя ня мае ані ўплыву, ані падтрымкі сярод насельніцтва і ня можа нічога вырашыць.

Таксама варта дадаць, што ад 1996 году ўмовы для правядзеньня выбараў на ўзроўні заканадаўства не паляпшаліся, а толькі пагаршаліся. Цяперашняе заканадаўства рэпрэсіўнае, накіраванае на выцісканьне любой формы свабодных выбараў. Таму ўдзел у выбарах у тых умовах, якія існуюць сёньня, — гэта нішто іншае, як самадыскрэдытацыя, а таксама гульня па правілах улады.

Таму я выступаю за байкот выбараў, ня толькі мясцовых (мясцовыя Саветы ўвогуле нічога не вырашаюць), але і парлямэнцкіх — прынамсі, пакуль улады ня пойдуць на зьмены ў выбарчым заканадаўстве.

«Які вынік таго, што апазыцыя кажа, што выбары нелегітымныя, але ўвесь час у гэтых выбарах удзельнічае?»

— Але якую вы прапануеце альтэрнатыву? Значная частка апазыцыі ўдзельнічае ў выбарах як у палітычнай кампаніі, якая дае больш легальных магчымасьцяў дайсьці да людзей, выказаць думку, у тым ліку наконт таго, што сапраўдных выбараў няма. Апазыцыя даносіць гэтую думку падчас кожнай выбарчай кампаніі.

— На працягу апошніх 10 гадоў апазыцыя менавіта ставіць гэтую мэту — данесьці да насельніцтва, што выбары нелегітымныя. Але які вынік таго, што апазыцыя кажа, што выбары нелегітымныя, але ўвесь час у гэтых выбарах удзельнічае? Гэта супярэчыць здароваму сэнсу. За 10 гадоў інфармаваньня грамадзтва наконт таго, што выбары нелегітымныя — нешта павінна было б якасна зьмяніцца. Альбо павялічыцца колькасьць сябраў апазыцыі, альбо павялічыцца папулярнасьць і аўтарытэт апазыцыі. Але мы бачым адваротны працэс. Ад выбараў да выбараў аўтарытэт апазыцыі ў грамадзтве зьмяншаецца. Людзі ўсурʼёз не ўспрымаюць тое, што кажа апазыцыя.

Я падлічыў, што ёсьць сталая дэмакратычная грамадзкасьць. Гэта 14 працэнтаў, ад 700 да 900 тысяч грамадзян Беларусі, якія стала ня ўдзельнічаюць у выбарах, супраць Лукашэнкі, гэта моцнае ядро электарату апазыцыі. Але апазыцыя не працуе на гэтыя 14 працэнтаў, і яны крытычна ставяцца да апазыцыі, бо тая гуляе па правілах улады.

— Дык, паводле вашай лёгікі, навошта апазыцыі працаваць з насельніцтвам, калі ўсё роўна няма ніякіх легальных сродкаў праз выбары нешта зьмяніць у краіне? Што вы ўзамен прапануеце — рэвалюцыю?

— І рэвалюцыя, і ціск на ўладу патрабуюць ад апазыцыі высокага аўтарытэту і лідэрства. Бяз гэтага ані рэвалюцыя, ані байкот немагчымыя. Цяпер галоўная яе задача — паказаць, што яна ў сэнсе адказнасьці і прынцыповасьці значна лепшая за ўладу. Падняць свой аўтарытэт у вачах, прынамсі, таго ядра, паказаць, што апазыцыя прынцыповая і трымаецца ключавых маральных прынцыпаў.

І нават прысутнасьць умоўна дэмакратычных прадстаўнікоў у парлямэнце — Канапацкай і Анісім — нічога не дае дэмакратычнай супольнасьці

Удзел у выбарах не падвышае аўтарытэт апазыцыі, ён у вачах тых 14 працэнтаў паніжае аўтарытэт апазыцыі. І апазыцыя ўдзелам у выбарах падрывае свой аўтарытэт. І нават прысутнасьць умоўна дэмакратычных прадстаўнікоў у парлямэнце — Канапацкай і Анісім — нічога не дае дэмакратычнай супольнасьці. А наадварот, падвышае хвалю крытыкі — і да тых, хто сядзіць у парлямэнце, і да тых, хто ўдзельнічае ў выбарах, каб трапіць у гэтыя мясцовыя Саветы, быць шыльдамі, малпачкамі ручнымі і нічога не вырашаць.

Усё гэта адбываецца на фоне рэпрэсій супраць журналістаў, судовых расправаў над журналістамі Белсату, выключэньняў з ВНУ. Давайце, як я пісаў, салідарызуемся з выключанай з БДУ старшынёй Моладзі БНФ і ўсе здымемся з выбараў, паставім умовы перад уладай — калі яе ня вернуць у БДУ, усе здымемся, каб паказаць, што мы змагаемся за нашых сябраў.

«Без кансалідацыі апазыцыі немагчымыя ані байкот, ані масавыя пратэсты, немагчыма дабіцца зьменаў»

— Можна падумаць, што калі б апазыцыя ня ўдзельнічала ў выбарах, то гэта неяк уплывала б на ўзровень рэпрэсій. Рэпрэсіі былі і тады, калі апазыцыя байкатавала выбары. Вы кажаце, што апазыцыя павінна зарабляць аўтарытэт сярод насельніцтва. Але як гэта можна зрабіць, ані ў чым ня ўдзельнічаючы?

— Перш за ўсё арганізацыяй сурʼёзнай кампаніі байкоту, якая магчымая толькі ва ўмовах кансалідацыі, абʼяднаньня ўсёй апазыцыі. Калі б апазыцыя прынцыпова паставіла пытаньні пра зьмены ў выбарчым заканадаўстве, пра сапраўднае назіраньне за выбарчым працэсам.

Без кансалідацыі апазыцыі немагчымыя ані байкот, ані масавыя пратэсты, немагчыма дабіцца зьменаў. Прынамсі, няўдзел у фальсыфікаваных выбарах дасьць тое, што апазыцыя маральна будзе значна лепш выглядаць. Удзел ня даў нічога, не падвысіў ані якасьць апазыцыі, ані колькасьць яе сябраў. Бо няма даверу з боку насельніцтва да апазыцыі, да таго, што яна робіць. Агульнанацыянальная кампанія байкоту выбараў магла б падвысіць адказнасьць і аўтарытэт апазыцыі ў вачах грамадзян. Цяпер недавер да выбараў значна вышэйшы, чым раней.

— Але нэгатыўныя пачуцьці насельніцтва да дзеяньняў уладаў ці да тых самых выбараў не ператвараюцца ў нейкае пазытыўнае стаўленьне да альтэрнатыўных сілаў, нават да самых радыкальных, якія ня ўдзельнічаюць у выбарах. І наконт 14 працэнтаў. Магчыма, апазыцыя вырашыла, што трэба дагрукацца ня толькі да гэтых 14 працэнтаў радыкальных грамадзян, але да тых 50 працэнтаў, якіх, магчыма, можна перацягнуць на свой бок. І тады ўзьнікае пытаньне — ці радыкалізаваць толькі свой вузкі электарат, ці спрабаваць пашырыць свой уплыў?

— Калі апазыцыйныя структуры ня ведаюць, чым прывабіць 14 працэнтаў, як яны зьбіраюцца прывабіць 50 працэнтаў? Гэтыя 14 працэнтаў гатовыя падтрымаць альтэрнатыўныя рухі, але не давяраюць сёньняшняй апазыцыі, якая ня можа дамовіцца паміж сабой, выпрацаваць агульную стратэгію, сфармаваць агульнанацыянальны апазыцыйны фронт. Калі гэтыя ключавыя пытаньні не вырашаюцца, то як можна працаваць з тымі 50 працэнтамі?

— Ёсьць ваша пазыцыя, але ёсьць і іншая. Яна кажа, што ствараць агульнанацыянальны фронт нікому не патрэбна, гэта ні да чога не прывядзе — зараз не 1989 год. Інтарэсы грамадзтва вельмі розныя, і калі ўся апазыцыя абʼяднаецца — яна гэтым нічога не здабудзе.

— Трэба спачатку абʼяднацца. Гэта ня робіцца і ніколі не рабілася. У 2006 годзе, калі апазыцыя не была да канца кансалідаваная, нават такое няпоўнае абʼяднаньне прывяло да даволі моцнага ўздыму сярод дэмакратычнага грамадзтва. З гісторыі вывучэньня аўтарытарных рэжымаў можна пераканацца, што няма іншых шляхоў барацьбы, акрамя абʼяднанай і кансалідаванай унутранай апазыцыі.

Чавусаў: Палітычнай рэформы ня будзе — Лукашэнка вырашыў «не страляць сабе ў нагу»

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG