Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не абіраюць дэпутатамі, а яны ўсё балятуюцца. Чаму? Гісторыі з рэгіёнаў


Ірына Яскевіч

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ёсьць і такія, што ўдзельнічаюць у выбарчых кампаніях ужо ня першы раз. Аднак раней ім ніколі не давялося атрымаць дэпутацкі мандат. Свабода вырашыла высьветліць у іх, навошта яны раз за разам зноў спрабуюць прабіцца ў дэпутаты.

Ірына Яскевіч: «Рабі што можаш там, дзе жывеш. З тымі, каму давяраеш»

Ірыну Яскевіч у рэгіёне добра ведаюць, як лідэрку прадпрымальніцкага руху. Менавіта яна стварыла незалежны прафсаюз прадстаўнікоў дробнага бізнэсу «Разам», афіцыйна не зарэгістраваны ў Беларусі, але прызнаны на міжнародным узроўні, ён уключаны ў склад арганізацыі StreetNet International, якая прадстаўляе 47 краінаў сьвету. Страйкі на віцебскіх кірмашах, пікетаваньне аблвыканкаму, пратэсты супраць дэкрэту № 3 — гэта ўсё Ірына Яскевіч. Да яе прыходзяць па парады і кансультацыі, а таксама па практычную дапамогу: спадарыня Ірына — краўчыха, і доўгі час займалася менавіта рамонтам і шыцьцём адзеньня. А ня так даўно заснавала ўстанову «Віцебскі дзелавы партнэр».

Але, нягледзячы на такі вялікі «багаж» станоўчага іміджу і асабістай вядомасьці, ёй ані разу не ўдалося трапіць у дэпутаты — ні на мясцовых выбарах, ні на парлямэнцкіх. За ўсе шэсьць ці нават сем кампаній, у якіх давялося браць удзел, кажа Ірына Яскевіч.

«Калі я ўпершыню вырашыла балятавацца, мяне не зарэгістравалі. Камісія ня толькі забракавала частку подпісаў, але мяне да глыбіні душы пакрыўдзіла. Мне сказалі: „Людзі за вас падпісваліся са шкадобы“. Я плакала. Але ўжо наступны раз вырашыла змагацца да канца. І калі мне зноў пачалі казаць, што праверка паказала шмат несапраўдных подпісаў, я здолела давесьці сваю рацыю. У Менску перад самой Лідзіяй Ярмошынай», — распавядае «выбарчыя гісторыі» прадпрымальніца.

Тым разам ёй удалося давесьці, што камісія правярала не 20% падпісных лістоў, як таго патрабуе закон, а ўсе 50 ці 70 — абы знайсьці хібы. Напрыклад, высьветлілі, што ў падпісным аркушы ёсьць зьвесткі пра жанчыну без абедзьвюх рук. Але кандыдатка даказала, што за маці падпісалася яе дачка-апякунка, якая мае на гэта законнае права.

Іду на выбары раз за разам, каб людзі бачылі, што ёсьць альтэрнатыва

На гэтыя выбары Ірына Яскевіч ідзе шляхам партыйнага вылучэньня ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Папросту каб не псаваць сабе нэрвы, бо ўжо зразумела: калі нясеш на праверку подпісы — чакай неспадзяванак. Яе зарэгістравалі як кандыдатку ў дэпутаты гарадзкога савету па Сонечнай выбарчай акрузе № 26 і абласнога савету — па Праўдзінскай выбарчай акрузе № 48. На выбарах у гарсавет яна будзе спаборнічаць зь Дзьмітрыем Паляковым, галоўным інжынэрам філіялу «Гарадзкі электрычны транспарт» ААТ «Віцебскаблаўтатранс». А за дэпутацтва ў абласным савеце — зь Мікалаем Канявалавым, дырэктарам унітарнага прадпрыемства «Дзяржбудэкспэртыза па Віцебскай вобласьці».

Дарэчы, у Мікалая Канявалава — ці ня самы вялікі дэпутацкі стаж на Віцебшчыне: ён абіраўся і ў Чыгуначны райсавет, і ў Віцебскі гарсавет, другі раз запар балятуецца ў абласны савет дэпутатаў. Працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, узначальваў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну, быў «сэнатарам».

«Спадар Канявалаў, як я даведалася, вылучаўся адразу трыма шляхамі — і ад калектыву працоўных, і праз збор подпісаў, і як вылучэнец ад КПБ. Вось так атрымалася: у адной акрузе — два партыйныя кандыдаты. Ад „гістарычнай“ КПБ і ад „новай“ АГП. Гэта як два кірункі — адзін у мінулае, другі ў будучыню», — жартуе Ірына Яскевіч.

Яшчэ адзін яе афарызм — пра тое, што «дэпутацкі корпус — гэта апэндыкс улады». У тым сэнсе, што ад дэпутатаў, як паказвае рэальнае жыцьцё, зусім мала карысьці. Людзі іх нават ня ведаюць.

«Але я веру ў тое, што „вада камень точыць“ і што такая сытуацыя ня можа быць вечнай. Таму іду на выбары раз за разам, каб людзі бачылі, што ёсьць альтэрнатыва. Каб было відавочна, што ў саветы трапляюць людзі, якія ня дбаюць пра сваіх выбарнікаў. Ня веру, каб людзі гэтага не заўважалі! Але не падтрымліваю й тых, хто цьвердзіць: „Трэба, каб жыцьцё стала яшчэ горшым, і тады людзі выйдуць на плошчы“. Я не хачу, каб жыцьцё стала яшчэ горшым. І я буду рабіць дзеля гэтага ўсё, што магу», — кажа Ірына Яскевіч.

Яна называе сябе «неабыякавай да праблем аптымісткай». І ўжо прыдумала слоган, які выкарыстае на выбарах: «Рабі што можаш там, дзе жывеш. З тымі, каму давяраеш».

Алесь Масюк: мандат дэпутата добра дапамог бы зьмяняць жыцьцё

Алесь Масюк
Алесь Масюк

Сябра БХД Алесь Масюк сёлета пяты раз балятуецца ў дэпутаты Слонімскага раённага савету. А пазалетась спрабаваў пазмагацца за месца ў Палаце прадстаўнікоў. На пытаньне, ці ўсьміхнулася яму хоць аднойчы ўдача, усьміхаецца сам:

«Ну як я мог стаць дэпутатам, калі мяне як кандыдата нават не дапускалі да стала, каб паглядзець, як лічаць галасы выбарнікаў?».

А потым згадвае, як прыводзяць людзей на выбарчыя ўчасткі ледзьве ня шыхтам, падвозяць на службовых аўтобусах, адпускаюць на некалькі гадзін раней з працы ці вучобы, абы толькі прагаласавалі датэрмінова. Ня дзіва, што ў скрынях для датэрміновага галасаваньня вынік на карысьць праўладнага кандыдата складае больш за 90%. Згадвае і пра тое, як улады фармуюць выбарчыя камісіі.

«На ўсіх выбарах я супернікаў меў не ніжэй за дырэктараў прадпрыемстваў. У дэпутаты ідуць і чыноўнікі. І я задаю ім пытаньне перад выбарнікамі: навошта вам дэпутацтва, калі і так уся ўлада ў вашых руках?» — кажа прэтэндэнт.

Прасьцей было б наагул не балятавацца. Але нехта ж павінен даносіць да выбарнікаў інфармацыю пра тое, што рэальна адбываецца ў краіне і як бы магло ўсё быць, калі б улада зьмянілася. Нехта павінен патлумачыць і тое, чаму амаль усе праўладныя дэпутаты паўторна балятуюцца не ў сваіх акругах, дзе яны ўжо былі дэпутатамі, а ідуць па іншых, дзе іх яшчэ ня ведаюць. Альбо навошта нават старшыня райвыканкаму ідзе ў дэпутаты.

Людзі нават не адрозьніваюць мясцовыя выбары ад парлямэнцкіх

Рабіць гэта ня проста, прызнаецца кандыдат.

«Як ні дзіўна, але людзі нават не адрозьніваюць мясцовыя выбары ад парлямэнцкіх. Галасаваць пайду за таго, бо я яго ведаю — вось прыкладна такі падыход. А што казаць пра больш складаныя рэчы! Я спрабую расказваць пра мясцовае самакіраваньне, пра тое, што яно дало ў суседніх краінах, але гэтага, на жаль, амаль ніхто не ўспрымае. З майго досьведу, нашы ўлады вельмі зацікаўленыя ў тым, каб іх выбарнікі і надалей заставаліся з такім разуменьнем спраў», — падсумоўвае Алесь Масюк.

Паводле Масюка, асабліва ў апошнія гады ў ягоным горадзе амаль усе праблемы, зьвязаныя з бытам, гарадзкой інфраструктурай, падымаюць, як правіла, актыўныя людзі. Робяць гэта праз сацсеткі, СМІ, прыцягваюць увагу ўлады і прымушаюць яе зьвяртаць увагу на тое, што зрабіць у горадзе.

«А ўявіце сабе, каб грамадзкія арганізацыі, якіх улада аніяк ня хоча прызнаваць, мелі магчымасьць супольна праводзіць у жыцьцё рознага кшталту праекты, у тым ліку міжнародныя, пашыраць супрацу зь іншымі рэгіёнамі, каб гэта рабілася адкрыта і чэсна. А ў нас усё закрыта, людзі баяцца выказвацца, ніхто не праяўляе актыўнасьці, моладзь зьяжджае за мяжу вучыцца і ўжо не вяртаецца» — заключае Масюк.

Каб усё гэта зьмяніць, слонімскі актывіст чарговым разам ідзе кандыдатам у дэпутаты.

Дзяніс Турчаняк: абскардзіць вынікі выбараў можа толькі кандыдат

Рыгор Грык, актывіст з Баранавічаў, раней у якасьці кандыдата балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты, у абласны савет, а ў 2008 годзе быў кандыдатам у Палату прадстаўнікоў. Акрамя таго, удзельнічаў ва ўсіх палітычных кампаніях і, зь ягоных слоў, цудоўна ведае сутнасьць выбараў у Беларусі. Але ён зноў вылучаецца кандыдатам. Галоўным чынам дзеля таго, каб мець магчымасьць свабодна камунікаваць зь людзьмі падчас пікетаў.

«У нас пры цяперашняй сыстэме выбараў няма і ня будзе. Але я іду дзеля таго, каб мець магчымасьць размаўляць зь людзьмі. Вось і гэтым разам, калі я стаяў на пікеце пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, да мяне падыходзіла шмат людзей. А адзін юнак у моцны мароз скінуў паліто і сфатаграфаваўся са мною ў адной толькі кашулі з выявай „Пагоні“. Я лічу, што вельмі важна паказаць людзям, што ёсьць альтэрнатыва, ёсьць змагары за Беларусь. І гэта стымул, каб змагацца за лепшае», — кажа Рыгор Грык.

На пікеце Рыгора Грыка адзін зь мінакоў зьняў паліто, каб сфатаграфавацца зь ім у майцы з «Пагоняй»
На пікеце Рыгора Грыка адзін зь мінакоў зьняў паліто, каб сфатаграфавацца зь ім у майцы з «Пагоняй»

Уладзімер Вуек, кіраўнік абласной філіі АГП, другі раз бярэ ўдзел у выбарах у якасьці кандыдата. Ён лічыць, што выбарчая кампанія — гэта добрая магчымасьць, каб праінфармаваць людзей пра сваю партыю.

Уладзімер Вуек (справа)
Уладзімер Вуек (справа)

«Наагул я лічу, што на гэтых выбарах я ўжо перамог. Сьмела кажу пра гэта, бо зьбіраў подпісы і бачыў, што людзі мяне падтрымалі. Выбарчая кампанія ў цэлым — гэта добрая пляцоўка для таго, каб мець магчымасьць размаўляць зь людзьмі і пачуць пра іхнія праблемы. Акрамя таго, гэта нагода, каб чарговым разам расказаць пра сябе, пра партыю. І хоць сцэнары выбараў ад кампаніі да кампаніі не мяняюцца, мы павінны працаваць зь людзьмі», — кажа Ўладзімер Вуек.

Фармальна Дзяніс Турчаняк, каардынатар руху «За свабоду», стаў кандыдатам у дэпутаты ўпершыню. Але раней ён удзельнічаў у іншых выбарчых кампаніях у іншых якасьцях. Гэтым разам вырашыў зьмяніць амплюа зь некалькіх прычын.

«Я раней быў даверанай асобай. Ведаю, якім чынам у нас лічаць галасы, таму цудоўна ўсьведамляю, што вынікі выбараў залежаць зусім не ад таго, як людзі прагаласуюць. Сёлетняя кампанія зусім нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. Таму, маючы досьвед і веды пра тое, якім чынам адбываліся фальсыфікацыі падчас ранейшых выбараў, вырашыў атрымаць статус кандыдата. Справа ў тым, што абскардзіць у судзе факты фальсыфікацый і парушэньняў можа толькі кандыдат. Не назіральнік, не давераная асоба, а толькі прэтэндэнт. І толькі з гэтай прычыны я і бяру ўдзел у кампаніі ўжо як кандыдат», — кажа Дзяніс Турчаняк.

Што заўважылі праваабаронцы: 6 галоўных прыкметаў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і кандыдатаў у дэпутаты

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG