Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кандыдаты ў дэпутаты пераходзяць на тэматычныя пікеты


Перадвыбарчы пікет у Горадні. Замест улётак кандыдатаў — інфармацыя пра 100-годзьдзе БНР

Адметнасьцю сёлетняй кампаніі па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў становяцца тэматычныя пікеты кандыдатаў. Выяўляецца, што тэма саміх выбараў і ў кандыдатаў, і ў выбарнікаў займае далёка не галоўнае месца — агітуюць за іншае.

Горадня: Распавядаюць пра 100-годзьдзе БНР і як абысьці блякаваньне «Хартыі-97»

Амаль усе апазыцыйныя кандыдаты, якія выходзяць у цэнтар Горадні на пікеты, адзначаюць: падобнай абыякавасьці з боку выбарнікаў ня памятаюць. Толькі зрэдку хтосьці падыходзіць да пікетоўцаў, бярэ ўлёткі і задае пытаньні. Ранейшых гарачых дыскусій, якія заўсёды адбываліся на пікетах, цяпер і блізка не заўважыш.

Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які адзіны ад сваёй партыі балятуецца ў Горадні ў дэпутаты, кажа, што сёлетняя выбарчая кампанія людзей у прынцыпе не цікавіць. Паводле яго, у людзей за апошнія гады наагул адбілі веру ў тое, што праз выбары можна нешта зьмяніць:

«Калі нават нехта і падыходзіць да нас, то задаюць агульнапалітычныя пытаньні, абсалютна не зьвязаныя ні з гарсаветам, ні зь мясцовымі ўладамі. Хоць раней на падобных пікетах вяліся дыскусіі, як разьвіваць горад, што і дзе будаваць... Цяпер гэтага няма», — кажа ён.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў кажа, што раздае ўлёткі з інфармацыяй пра 100-годзьдзе БНР, заклікае людзей далучацца да сьвяточных мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца ў Горадні 25 сакавіка. Паводле актывіста, гэта больш важная падзея, чым выбары, якія «нічога не вырашаюць».

Пікет у Горадні, на якім людзям тлумачаць, як у інтэрнэце абыходзіць блякаваньне апазыцыйных сайтаў
Пікет у Горадні, на якім людзям тлумачаць, як у інтэрнэце абыходзіць блякаваньне апазыцыйных сайтаў

На іншым пікеце ў Горадні актывісты апазыцыйных партый раздаюць улёткі з інфармацыяй, як абыйсьці блякаваньне сайта «Хартыі-97». Сябра БХД Сяргей Верамеенка перакананы, што для многіх людзей гэта значна важней, чым біяграфія вылучанага кандыдата, бо, паводле яго, усе дэпутаты ў гарадзкі Савет прызначаныя і бяз выбараў.

«Мяркую, што безь незалежнай прэсы ня можа быць свабодных выбараў. І калі ўлады блякуюць апазыцыйныя сайты, то гэтым самым яны пазбаўляюць людзей інфармацыі», — перакананы Верамеенка.

Паводле яго, сябры апазыцыйных партый у Горадні плянуюць больш увагі аддаць працэсу назіраньня за выбарамі, каб зафіксаваць усе парушэньні на працягу выбарчага працэсу і засьведчыць гэтым, што выбараў у краіне насамрэч няма.

Віцебск: кандыдаты — прыхільнікі БХД зладзілі пікет за свабоду незалежных СМІ і журналістаў

Пікет прайшоў 31 студзеня каля абласной бібліятэкі імя Леніна. Якраз у той дзень, калі Зьмітру Лупачу, журналісту-земляку з Глыбокага, прысудзілі чарговы штраф за «белсатаўскі» сюжэт. Таму адзін з плякатаў быў прысьвечаны яму пэрсанальна. Кандыдатка Алена Шабуня трымала фатаздымак журналіста і аркуш з пазначанымі сумамі штрафаў.

Алена Шабуня
Алена Шабуня

«Зьміцер — мой калега, ён таксама прыхільнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і таксама балятуецца — у Глыбоцкі райсавет. Пра такіх людзей, якія цярпяць ціск за сваю працу, за актыўную жыцьцёвую пазыцыю, павінны ведаць усе землякі», — лічыць актывістка.

Іншыя ўдзельнікі пікету на знак салідарнасьці зь незалежнымі СМІ трымалі шыльдачкі з надпісамі «Гляджу „Белсат“» і «Чытаю „Хартыю“». Мінакі рэагавалі на пікетоўцаў па-рознаму: нехта пагаджаўся, што ў Беларусі незалежныя мэдыі пад вялікім ціскам, нехта іх крытыкаваў, а нехта хутчэй праходзіў міма, не затрымліваючыся каля пікету.

Бадай што самай калярытнай удзельніцай акцыі была каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД у Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец. Яна лічыць, што самыя «зручныя» для ўладаў беларусы — сьляпыя і нямыя. Увасабляючы гэтую мэтафару, спадарыня Севярынец заклеіла сабе рот і завязала вочы. Але ў руках яна трымала таблічку са словамі: «Так ня будзе!»

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

На агітацыйным стэндзе кандыдаткі Ірыны Захаравай прымацаваны аркуш з надпісам: «100 год БНР! Памятайма з гонарам!» Ён будзе прыцягваць увагу мінакоў да самага канца выбарчай кампаніі, нагадваць, што гэты год — юбілейны.

А пікет, адмыслова прысьвечаны ўгодкам БНР, адбыўся ў Віцебску 30 студзеня. Пікетоўцы разьмясьціліся на Маскоўскім праспэкце, за якую сотню мэтраў ад сярэдняй школы № 31.

Паводле назіраньняў Тацяны Севярынец, якая брала ўдзел у пікеце як давераная асоба Ірына Захаравай, віцебская дзятва нашмат сьмялейшая за дарослых. Ідучы са школы, вучні падыходзілі да пікетоўцаў, задавалі ім пытаньні, прасілі распавесьці пра БНР.

Трох удзельніц пікету здаля пільнавалі пяцёра хлопцаў. Яшчэ адзін, падышоўшы бліжэй, усё здымаў на відэакамэру. Пад яе «прыцэлам» мінакам і праўда было непамысна падыходзіць да пікету.

Віцебскія актывісты лічаць, што немалаважную ролю на пікетах адыгрывае «рэквізыт». Таму заўжды выходзяць са сьцягамі — гэта прыцягвае ўвагу мінакоў. Імкнуцца прыдумляць і іншыя цікавосткі.

Напрыклад, падчас пікету 28-га студзеня — самага першага пікету ў цэнтры Віцебску, які праводзіла правацэнтрысцкая кааліцыя, гараджанам дэманстравалі адмысловую «паштовую скрыню». У яе можна было пакласьці цыдулкі з пажаданьнямі да будучых дэпутатаў або прапановы, як разьмеркаваць бюджэт, каб хапіла на вырашэньне ўсіх гарадзкіх праблем.

«Давер да мясцовых выбараў мінімальны», — лідэры апазыцыі пра выбарчую кампанію

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG