Хто трымае Лукашэнку ва ўладзе (ліпень 2020)
— За 25 гадоў я зразумеў, што такое Лукашэнка — гэта сума баязьліўцаў, якія яго робяць, абараняюць і прасоўваюць наперад. Старшыні і сакратары выбарчых камісій, што хутка будуць складаць пратаколы, — тыя самыя баязьліўцы, якія — хаця ў цэлым, напэўна, нядрэнныя людзі, што добра гатуюць і клапоцяцца аб сваіх дзецях, — пазбавяць краіну будучыні.
Пра паводзіны ўладаў Беларусі падчас пандэміі ковіду (травень 2020)
— Улада даказала сваё злачыннае невуцтва. Уласна, для мяне тут нічога новага, я заўсёды ведаў гэта, але цяпер цана пытаньня стала значна большая. Гэта здароўе і жыцьцё людзей, да якога ставяцца такім злачынным чынам. Дзеля чаго? Грошай? Каб не дапамагаць людзям? Людзей проста кінулі ў кацёл пандэміі.
Ня проста не абвяшчаецца карантын (трэба аддаць належнае, шмат беларусаў зразумелі, што гэта небясьпечна, і зрабілі захады самастойна), але на людзей ціснуць і прымушаюць рызыкаваць сваім жыцьцём, калі, напрыклад, зганяюць на парад. Глупства якое. Насамрэч усё гэта вельмі сумна. Улада робіць злачынства.
«Русский мир» у Беларусі (сакавік 2018)
— Канцэпцыя «русского мира» грунтуецца на ўласнасьці на людзей. І калі вы паспрабуеце ўявіць сабе нават нашу ўладу, беларускую, то вы зразумееце, што гэта працяг гэтай канцэпцыі. Кожны чалавек — гэта букашка, кожны начальнік — твой уласьнік, ён робіць з табой што хоча. Нават самы просты амапавец лічыць цябе сваім рабом і лічыць, што можа рабіць з табой што хоча. І гэта да самага верху менавіта так. У гэтым стане — «я начальнік, ты дурань», «я гаспадар, ты мой раб» — так мы і жывём, так пабудаваная сыстэма ўлады.
Беларусь як сакральнае месца (кастрычнік 2017)
Беларусь знаходзіцца ў вельмі незвычайным месцы, дзе шмат што здараецца вельмі важнае ня толькі для Эўропы, але і для сьвету. Адна падзея, якая адбылася ў 1991 годзе ў Белавескай пушчы, чаго вартая.
Ёсьць такое слова — сакральнае. Цяпер дзякуючы расейскай прапагандзе яно набыло адмоўны колер, але для мяне Беларусь у добрым сэнсе сакральнае месца, сакральная зямля. Мне тут добра. Калі б яшчэ ўлада была добрая, дык увогуле было б выдатна. Куды яшчэ ехаць? Паўсюль ёсьць праблемы, а тут вакол усё зразумела, усё роднае. Другое — цікава ж, тое, што тут адбываецца, сапраўды цікава. І, нарэшце, можа, самае галоўнае, — а чаму я мушу зьяжджаць? Хай яны едуць, калі хочуць.
Пра свае фільмы (кастрычнік 2017)
Фільмы — як дзеці, але дзеці вырастаюць, і ў тым ліку прыносяць бацькам праблемы. Але ў мяне вось праблемаў зь імі няма, затое ёсьць праблемы некаторых герояў маіх фільмаў.
А што да кухталёў за фільмы, ня толькі ўзнагарод, дык гэта было і ёсьць. Было, што зьбівалі, пагражалі. Цяпер у Беларусі я не магу афіцыйна працаваць, ніхто ня можа прафінансаваць маю працу, мой фільм, бо яго адразу ці звольняць, ці пазбавяць бізнэсу, як было з Аляксандрам Пупейкам, які прафінансаваў мой фільм «Звычайны прэзыдэнт».
Як Лукашэнка стварае вакол сабе выдуманы сьвет (чэрвень 2016)
— Памятаеце, як пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі ён з трыбуны распавядаў, што Людміла Карпенка да яго прыходзіла і прасіла чаравікі, бо, маўляў, мужа няма ў чым пахаваць. Але ж гэтага не было! Але яму здавалася, што так павінна быць, ён сам сабе стварае легенды. Гэта імкненьне пераканаць самога сябе.
Бо ў глыбіні душы ён ведае, што папраўдзе адбываецца. Ён адчувае, што ідзе развал, што ня той шлях абраны, што арыентацыя на Расею з 94-га году (зразумела, тады ён гэта рабіў, бо марыў пра трон у Крамлі, пра карону Манамаха) — гэта трагічная памылка, у тым ліку для яго. Усё ляснулася, і ён цяпер на ланцугу, у аброжку, які яму адзеў Пуцін. І вось Лукашэнка спрабуе сябе пераканаць, што ўсе яго любяць, усе яму пляскаюць.
Форум