Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь ёй абсалютна незаўважна ляцеў час». Беларусы ўспамінаюць Сьвятлану Курс і Еву Вежнавец

Сьвятлана Курс
Сьвятлана Курс

Глыбіня і здольнасьць папляткарыць, праца з архівам ахвяраў рэпрэсій і ўменьне выпіць чарачку, змрочная літаратура і сьветлае жыцьцё, страшныя праклёны і вера ў Бога — Свабода пагаварыла пра пісьменьніцу Сьвятлану Курс (Еву Вежнавец) з тымі, хто яе ведаў.

Суразмоўцы Свабоды расказваюць, як лёгка было стасавацца са Сьвятланай Курс і як нават пасьля адной кароткай сустрэчы яны мелі адчуваньне, што гэта блізкі і дарагі ім чалавек, якога яны быццам ведаюць даўно. Тыя ж, хто ведаў Сьвятлану блізка, кажуць, што пакуль ім цяжка сабраць словы, каб выказацца пра яе.

Пра сьмерць Сьвятланы Курс стала вядома 20 ліпеня. Больш за год яна змагалася з анкалягічнай хваробай у апошняй стадыі, хаця спачатку лекары давалі пісьменьніцы яшчэ менш. Сьвятлане было 54 гады.

Самая вядомая кніга Евы Вежнавец (так Курс падпісвала свае творы - РС), якую пераклалі ўжо на некалькі моваў, «Па што ідзеш, воўча?» выйшла ў 2020 годзе. Яе аўтарка пісала дзесяць гадоў. Столькі ж па часе заняла і кніга апавяданьняў «Шлях дробнай сволачы». Напрацоўкі да апошняй сваёй кнігі Сьвятлана зьнішчыла перад сьмерцю.

Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026
Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026

Сьвятлана Курс нарадзілася ў вёсцы Загальле на Любаншчыне ў 1972 годзе. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. Пісала для «Нашай нівы», «Эўрарадыё», «Радыё Свабода», «Arche» і іншых выданьняў. Шмат гадоў жыла ў Польшчы. Працавала з пажылымі людзьмі як сацыяльны работнік. У апошнія гады працавала ў Катынскім музэі з архівам ахвяраў рэпрэсій.

Увесну 2025 году стала вядома, што ў Сьвятланы знайшлі рак. Паміж лекаваньнем яна ў апошні год удзельнічала ў кніжных фэстывалях і публічных сустрэчах, давала інтэрвію. У нейкі момант пісала ў сацыяльных сетках пра паляпшэньне свайго стану. Але сёлета зноў трапіла ў шпіталь. Сьвятлана Курс памерла 19 ліпеня ў Варшаве. У яе засталіся муж, сын, маці і брат.

«Размовы былі неверагодна ўтульныя»

Паэт, блогер, дызайнэр Стась Карпаў расказвае, што толькі аднойчы сустрэўся з Сьвятланай Курс ужывую ў Батумі на фэстывалі «Прадмова» ў 2023 годзе, рэшту часу яны былі знаёмыя дыстанцыйна-эпісталярна.

Стась Карпаў і Святлана Курс на фэстывалі ў Батумі
Стась Карпаў і Святлана Курс на фэстывалі ў Батумі

«Некалькі дзён мы зь ёй кожныя пяць хвілін выбягалі, каб выпіць чарку, — усьміхаецца Стась. — І па вечарах пасядзелі, і па днях пасядзелі. Зь ёй абсалютна незаўважна ляцеў час. Зь ёй размовы былі неверагодна ўтульныя, калі гадзіны пралятаюць як хвіліны. Мы спачатку насьцярожана адно да аднаго ставіліся, бо ў нас былі вялацякучыя канфліктныя гендэрныя тэмы, але мы паразумеліся зь ёй. Зь ёй было неверагодна проста».

Стась заўважае, што са Сьвятланай можна было гаварыць пра ўсё, што заўгодна: ад палітыкі да побытавага пляткарства.

«Такіх суразмоўцаў у мяне раз-два і аблічыўся. Гэта ня тое адчуваньне, калі ты думаеш, што можаш працягнуць, што скажа чалавек, а ён можа працягнуць тое, што ты скажаш. Не, наадварот. Гэта калі чалавек можа сказаць табе тое, да чаго бы ты дадумаўся, калі б думаў пра гэта нашмат даўжэй, і наадварот, ты спрабуеш у гэтай размове падзяліцца з тым чалавекам тым, што яму цікава, але пра што ён думаў меней за цябе. Гэта чысты інтэлектуальны кайф», — тлумачыць суразмоўца.

Сьвятлана — неверагодна разумная, душэўная, камфортная, прыгожая, непаўторная жанчына, апісвае яе Карпаў.

Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026
Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026

«Кажуць, прырода ня цярпіць пустэчы. Я ў гэтым ня ўпэўнены. Чалавека паўтарыць немагчыма. Ейную ролю ў жыцьці беларусаў, нават тых, каторыя не здагадваліся пра яе існаваньне, нікім не запоўніць. Вельмі шкада, што агромная колькасьць людзей нават ня ведаюць, што яны згубілі. І ніколі не даведаецца, што яшчэ цяжэй», — разважае Карпаў.

Ён кажа, што чытаў кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».

«Мне спадабалася гэтая кніга. Хаця калі я думаю пра ідэальную кнігу, якую я хацеў бы напісаць, яна мусіць быць зусім іншая. У яе літаратура змрочная. Сама яна вельмі сьветлая, што для творцы, напэўна, нармальна. Я прызнаю неверагодны талент Сьвятланы і разумею, наколькі моцна напісаная гэтая кніга, але эмацыйна гэта не маё ўлюбёнае чытво. Яна бясспрэчна супэрталенавіты аўтар і непаўторны чалавек», — дзеліцца паэт.

Стась Карпаў заўважае, што для яго было значна важнейшае асабістае знаёмства са Сьвятланай, чым тое, што яна пісала.

«Асабіста яна яшчэ лепшая. Калі чалавек сядзіць побач з табой, і ты разумееш, як ён рэагуе, як ён пераключаецца на нейкія тэмы, як ён усьміхаецца, як ён варушыць нагой, гэта значна болей за тое, чым чытаць яе пасты і яе інтэрвію, у якіх яна была максымальна шчырай. Безумоўна, яе пасты цудоўныя, таму што яна чалавек вельмі глыбокі, разумны, адораны. Але вельмі шкада тых, хто не пасьпеў хаця б на хвілінку зь ёй пазнаёміцца, пагаварыць жыўцом», — кажа блогер.

Ён параўноўвае Курс з вінілам, а не алічбаванай музыкай.

«Калі ты сапраўдны аматар, калі ты сапраўды зможаш атрымаць асалоду, калі ты ў стане зразумець максымальную глыбіню, прынамсі, імкнесься, то яна, думаю, усім прадставіла такую магчымасьць — дакрануцца да сапраўднай глыбіні», — падсумоўвае Стась.

«Цёплае слова для кожнага чалавека побач зь ёй»

Кіраўніца кніжнага выдавецтва Gutenberg, якое выдала зборнік Евы Вежнавец «Шлях дробнай сволачы», Валянціна Барбара Андрэева расказала Свабодзе, што цяпер яны рыхтуюць яшчэ адзін зборнік пісьменьніцы «Гаючая нянавісьць». Ён будзе складацца з тых апавяданьняў, якія публікаваліся ў мэдыя, але не выходзілі кніжкай.

Валянціна Барбара Андрэева
Валянціна Барбара Андрэева

«Яна „Шлях дробнай сволачы“ ня надта любіла, была вельмі самакрытычная да яго. Але для мяне гэта маніфэст посткаланіялізму. Яна была нашай апорай супраць накінутага няўменьня мысьліць сваімі ўласнымі інтарэсамі. „Шлях дробнай сволачы“ пра тое, што лепей дбаць пра сваё маленькае, лепей слухаць сябе, лепей быць нават дзесьці маленькай сволаччу, але ня быць вінцікам у сыстэме», — разважае Валянціна.

Кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», на думку суразмоўцы, расказвае «пра пакуты, якія прыляцелі на галаву нашага народу, максымальна хірургічна паказвае, што прайшлі беларусы».

«Шмат каму стае нахабства казаць: „Ну давайце будзем аб’ектыўнымі. Гэта ж ва ўсіх так было“. Быць аб’ектыўнымі нас вучылі многа гадоў. Гэта значыць ня быць субʼектыўнымі, ня быць гаспадарамі свайго ўласнага жыцьця, ня слухаць сябе. Сьвятлана стаяла на тым, што пачні зь сябе, пачні слухаць сябе, дбаць пра свае інтарэсы, будзь субʼектам свайго жыцьця. Будзь хай дробнай сволаччу, але мысьлі спачатку пра тое, што ты даеш гэтаму сьвету, чаго ты чакаеш ад гэтага сьвету, што табе патрэбна. І вось гэтым яна была проста неацэнная», — мяркуе Андрэева.

Яна пагаджаецца, што «Воўча» Евы Вежнавец змрочны, але перакананая, што гэтую літаратуру трэба ведаць і немагчыма заплюшчваць вочы на тое, пра што піша аўтарка.

Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026
Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026

«Астатнія яе апавяданьні розныя, жыцьцёвыя ў першую чаргу, але праўдзівыя, са спробай пазіраць на гэтае жыцьцё не з высокіх, высакалобых, агульначалавечых, аб’ектыўных пазыцый, а з пазыцыі чалавека. Пры гэтым яны вельмі чалавекалюбныя. Я вельмі люблю тое, што яна пісала. Для мяне ў гэтым вельмі шмат мудрасьці», — кажа Валянціна.

Яна двойчы мадэравала сустрэчы чытачоў са Сьвятланай Курс у Варшаве і Кракаве. Найбольш Андрэевай запомнілася выказваньне Курс: «Літаратура ня меншая за жыцьцё». Яна спадзяецца, што хтосьці вёў відэазапісы гэтых сустрэчаў і апублікуе іх.

«Сьвятлана адрозьнівалася ад сваіх твораў нашмат менш, чым, як правіла, аўтары адрозьніваюцца ад сваіх твораў. Яна заставалася сабой у творах. Вось такой яна і была, якая не баіцца лезьці за словам. У жыцьці яна была больш спагадлівай да жывых людзей, якія былі побач. Ніколі не забывалася сказаць добрае слова літаральна кожнаму, хто падыходзіў да яе, хто праходзіў міма, хто проста дапамагаў расстаўляць крэслы або наладжваць мікрафон. У яе знаходзілася цёплае слова для кожнага чалавека побач зь ёй», — параўноўвае кнігавыдавец Сьвятлану Курс і Еву Вежнавец.

«Яна была глыбокай хрысьціянкай»

Праваслаўны сьвятар айцец Георгі Рой адслужыў літургію па нябожчыцы Сьвятлане Курс у віленскай царкве ранкам 21 ліпеня. Ён таксама бачыўся з пісьменьніцай аднойчы ў жыцьці, калі яна прыяжджала на сустрэчу зь беларусамі ў капліцы ў Вільню. Яны пагаварылі і сам-насам.

Георгі Рой
Георгі Рой

«Я зьдзівіўся, наколькі гэта чалавек з тонкай душой, жывы чалавек, які ўмее бачыць сьвет, людзей, наколькі яна тонка гэта можа заўважаць, запамінаць, наколькі яна шчырая, адкрытая. Тады я падумаў, што, бадай, хрысьціяне і мусяць такімі быць: такімі сьветлымі, чульлівымі, адкрытымі. Гэта было кароткае знаёмства, але спадарыня Сьвятлана была настолькі шчырай і адкрытай, што мы разыходзіліся як найлепшыя сябры. Яна стала родным чалавекам для нашай грамады», — успамінае айцец Георгі.

Падчас сустрэчы яны шмат гаварылі «пра нябеснага Айца, веру, сэнсы жыцьця».

«Я памятаю, зь якой любоўю і цяплом яна гаварыла пра Госпада, як яна перажывала Божую таямніцу, як штосьці такое, што моцна зьдзіўляе. Ты яе адкрываеш і ніколі да канца ня можаш адкрыць. І пра таямніцу зла гаварылі. Памятаю яе словы, што яна вельмі цяжка сумяшчае перажываньне Божай велічы, мудрасьці і таямніцы з існаваньнем зла. Яна казала, што гэта для яе загадка, як у адным і тым жа сьвеце, дзе ёсьць Бог, ёсьць і гэтае зло», — пераказвае сьвятар.

Ён характарызуе Сьвятлану як «чалавека ад народа, якая рэпрэзэнтавала народную душу».

Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026
Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026

«Яна, будучы хрысьціянкай, не адкідвала і гэты бок жыцьця беларускага народу. Я, як сьвятар, ня бачу ніякай праблемы ў гэтым. Гэта не зусім стандартна, не зусім адпавядае канонам хрысьціянскіх цэркваў. Але ў гэтым выяўлялася павага і любоў да спадчыны народа. Са свайго боку я магу абсалютна засьведчыць, што яна была глыбокай хрысьціянкай», — мяркуе айцец Георгі.

Айцец Рой прачытаў кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» Ён кажа, што яму вельмі адгукалася гісторыя, зьвязаная зь беларускай вёскай, паданьнямі, містыкай, бо ён сам выйшаў з глухой вёскі на Палесьсі.

«Больш за ўсё мяне ўразіла пытаньне, якое я, можа, даслоўна не перадам: „Ці можа штосьці затрымацца на гэтай зямлі?“ Так яна казала пра Беларусь, што хвалі гісторыі раз за разам, здаецца, усё змываюць дашчэнту. І потым ізноў гэта прарастае. Гэтае пытаньне сапраўды экзістэнцыйнае для нашага народа, для нашай краіны. Яно пастаўленае ў вельмі прыгожай, глыбокай мастацкай форме», — кажа пра кнігу Вежнавец суразмоўца.

«Гэта натхняе працаваць далей»

Палітык Павал Латушка пракамэнтаваў Свабодзе, што для яго была «велізарным гонарам падтрымка Сьвятланы».

«Памятаю яе словы, сказаныя ў эфіры „Эўрарадыё“, што яна была вернай прыхільніцай таго, што мы робім. Калі чуеш такія словы ад чалавека такога маштабу і таленту — гэта натхняе працаваць далей. Падтрымка ад людзей такога ўзроўню — гэта найвышэйшы давер, які трэба апраўдваць кожны дзень», — адзначыў палітык.

Павал Латушка
Павал Латушка

Латушка з удзячнасьцю ўспамінае тую падтрымку іхнай дзейнасьці Сьвятланай Курс.

«Вельмі добра памятаю, як гэта тады зматывавала. Са свайго боку буду разам з паплечнікамі і далей рабіць тое, ува што верым і ўва што верыла Сьвятлана, каб апраўдваць яе добрыя словы. Веру, што калі мы вернемся ў Беларусь, кнігі Сьвятланы будуць адукоўваць не адно пакаленьне беларусаў нацыянальным каштоўнасьцям і бязьмежнай любові да Радзімы», — пракамэнтаваў Латушка.

«Прыгожая польская мова з акцэнтам, як у катынскіх ахвяр»

Катынскі музэй, у якім Сьвятлана Курс працавала апошнія некалькі гадоў, таксама падзяліўся успамінамі пра яе на сваёй старонцы.

«Гэта можа здацца неймаверным, але неймаверна добрыя людзі сапраўды існуюць. Людзі, якія ніколі не скардзяцца, не гавораць дрэнна пра іншых, не скардзяцца на цяжкія абставіны, заўсёды гатовыя дапамагчы, не хваляцца сваімі посьпехамі і шчыра радуюцца дасягненьням іншых. Часам яны трапляюцца на нашым шляху і робяць сьвет лепшым месцам», — напісалі работнікі музэю.

Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026
Сьвятлана Курс на сустрэчы з чытачамі ў Вільні, зіма 2026

Сьвятлана, пішуць ейныя калегі, як ніхто іншы, змагла сабраць архіўную дакумэнтацыю — ня толькі дзякуючы дасканаламу валоданьню польскай, беларускай, расейскай мовамі і веданьню гістарычнага кантэксту, «але і дзякуючы глыбокай эмпатыі да эмоцый».

«Яна распавядала пра ахвяр Катынскага расстрэлу, якіх ведала па дакумэнтах, прыгожай польскай мовай з акцэнтам, які нагадваў памежны акцэнт (такім жа, як мелі многія ахвяры і іх блізкія)», — успамінаюць музэйнікі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG