Стала вядома пра сьмерць беларускага кінарэжысэра, ляўрэата міжнародных кінафэстываляў у Нью-Ёрку, Сан-Францыска, Жэнэве, Бэрліне, Бялградзе, Кіеве, Санкт-Пецярбургу і іншых гарадох.
Юры Хашчавацкі нарадзіўся ў 1947 годзе ў Адэсе. У 1973 годзе скончыў Адэскі тэхналягічны інстытут, у 1981 — Ленінградзкі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінэматаграфіі.
Працаваў рэжысэрам у Белторгрэкляме (з 1976), на Беларускай тэлевізіі (з 1978), «Беларускім тэлефільме» (з 1985), кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1989).
Юры Хашчавацкі — аўтар больш як 30 кінафільмаў, найбольш вядомы зь якіх — «Звычайны прэзыдэнт» (1996), у якім ён паказаў сутнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які незадоўга да таго прыйшоў да ўлады ў Беларусі.
У стужцы Хашчавацкі стварыў сатырычны партрэт дыктатара Лукашэнкі на пачатку кар'еры. Фільм атрымаў міжнароднае прызнаньне, і ў 1997 годзе яму быў прысуджаны прыз Бэрлінскага кінафэстывалю і прэстыжная расейская Прэмія Сахарава. Пасьля прэм'еры на рэжысэра напалі невядомыя.
Дзень перамогі Лукашэнкі ў першых выбарах у 1994-м Хашчавацкі памятаў да хвіліны. У інтэрвію Свабодзе ён расказваў гісторыю таго дня:
«У дзень, калі абвясьцілі вынікі выбараў, мы зь сябрам ішлі па вуліцы, спыніліся на пераходзе, і да нас падышоў дрэнна апрануты п’яненькі мужычок: „Хлопцы, я вас віншую, нарэшце!“. А мы ўжо адчувалі, што адбылося, яшчэ некалькі месяцаў я думаў падладзіцца, народ жа выбраў, але потым у газэтах замест дакладу пра карупцыю Сяргея Антончыка зьявіліся „белыя плямы“, праз год у Авальнай залі Вярхоўнага Савету зьбілі і выкінулі дэпутатаў — і ўсё стала ясна. На тым пешаходным пераходзе я гэтага яшчэ ня ведаў, але дзядзьку, які нас віншаваў, сказаў: „Пачакайце, яшчэ наплачацеся“».
Погляды Юрыя Хашчавацкага
Рэжысэр у сваіх інтэрвію і камэнтарох неаднаразова заяўляў, што прыход Лукашэнкі да ўлады стаў для Беларусі трагедыяй, і што менавіта гэты дзяяч ёсьць найбольшай пагрозай незалежнасьці краіны, бо выбраў курс на Расею, а сам ня цяміць у эканамічных пытаньнях.
Хашчвацкі па-філязофску ставіўся да таго, што пасьля фільму ён атрымаў вядомасьць і пільную ўвагу ад сілавых органаў. Таксама доўгія гады Хашчавацкі меў праблемы з супрацай з іншымі людзьмі ў сваёй творчасьці, а яны — мелі праблемы празь яго:
«Недзе ў 1997 годзе адзін рэдактар паклікаў мяне на тэлевізію абмеркаваць зьезд Саюзу кінэматаграфістаў, маўляў, „мы ж ня будзем гаварыць пра палітыку, толькі пра кіно“. Я прыйшоў на праграму — яна выйшла ноччу, а 12.30, у 1.30 скончылася, а ўжо, а 9.15 рэдактар быў звольнены. Я ня мог знайсьці актораў для агучваньня анімацыйных пэрсанажаў: людзі баяцца са мною працаваць.
За 25 гадоў я зразумеў, што такое Лукашэнка — гэта сума баязьліўцаў, якія яго робяць, абараняюць і прасоўваюць наперад. Старшыні і сакратары выбарчых камісій, што хутка будуць складаць пратаколы, — тыя самыя баязьліўцы, якія — хаця ў цэлым, напэўна, нядрэнныя людзі, што добра гатуюць і клапоцяцца аб сваіх дзецях, — пазбавяць краіну будучыні».
Форум