Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды»: Да якой вайны рыхтуецца Лукашэнка

абноўлена
«ПіК Свабоды», Лукашэнка, Пуцін, ілюстрацыйны каляж
«ПіК Свабоды», Лукашэнка, Пуцін, ілюстрацыйны каляж

Да якой вайны рыхтуе Беларусь Лукашэнка? Чаму ня ўсе палітвязьні са сьпісу вызваленых у сакавіку выйшлі на волю? Ануляваньне пашпартоў палітвязьням як помста і пагроза іншым. Ці варта было кібэрпартызанам ламаць сайт Нацыянальнай бібліятэкі? Навошта Лукашэнка перайменаваў «амэрыкана»?

У жывым эфіры «ПіКа Свабоды» а 15.30 паводле менскага часу Ганна Соўсь падсумоўвае падзеі тыдня разам з палітолягам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам і праваабаронцам «Вясны», былым палітвязьнем Уладзем Лабковічам.

У эфіры таксама дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, навуковец Сяргей Бесараб і бізнэсовец, былы палітвязень Лявон Халатран.


0:40
– Да якой вайны рыхтуе Беларусь Лукашэнка
4:03 – Навошта Лукашэнка даваў Ізраілю парады наконт вайны з Іранам
6:17 – Да чаго могуць прывесьці заявы Лукашэнкі наконт Ізраілю
12:48 – Бяляцкаму анулявалі пашпарт. Як скасаваньне пашпартоў шкодзіць былым палітвязьням
16:49 – Кучынскі пра сустрэчы ў ЗША
18:40 – Ці будуць прадстаўнікі ЗША спрабаваць спыніць фактычнае пазбаўленьне грамадзянства палітвязьняў
23:24 – Пазбаўленьне пашпартоў як помста ад Лукашэнкі пасьля крымінальнай справы супраць яго
25:21 – Як пракантраляваць, ці выпускаюць на волю палітвязьняў, якія застаюцца ў Беларусі
28:51 – Навошта водзяць адказнасьць за «прапаганду гомасэксуалізму і бязьдзетнасьці», а таксама за «незаконнае прадстаўленьне Беларусі на міжнароднай арэне»
32:16 – Ці здолеюць улады схаваць катаваньні за кратамі
37:34 – Ці варта было «Кібэрпартызанам»узломваць сайт Нацыянальнай бібліятэкі
47:20 – Навошта Лукашэнка перайменаваў «амэрыкана»

Тут фрагмэнт эфіру

— «Мы рыхтуемся да вайны». Так патлумачыў мэту вайсковых вучэньняў Аляксандар Лукашэнка. Комплексная праверка Ўзброеных сілаў Беларусі пачалася сёлета 16 студзеня і завяршылася толькі вясной. Вось што Лукашэнка заявіў на нарадзе, куды склікалі больш чым 300 вайскоўцаў. Аляксандар, да якой вайны рыхтуе Беларусь Лукашэнка?

— Гэтае мерапрыемства выглядала досыць гратэскна. Ня толькі зьнешні выгляд Лукашэнкі, ня толькі рэакцыя афіцэраў, але яшчэ і тое, што гэта мерапрыемства прайшло першага красавіка. Што тычыцца вайны, пра якую ён кажа, ну гэта па-ранейшаму, вайна Расеі супраць Украіны. І тут досыць відавочна, і Лукашэнка гэта разумее, што апошняе слова, ці будзе Беларусь уцягнута ў гэтую вайну, у якой ступені будзе ўцягнута, ці будзе выкарыстоўвацца беларускае войска, што будзе адбывацца на тэрыторыі Беларусі. Тут гэтае апошняе слова — гэта не за ім, гэтае апошняе слова за Расейскай Фэдэрацыяй.

Лукашэнка выглядаў падчас гэтай нарады як чалавек, які разумее, што сытуацыя насамрэч вельмі сур’ёзная і адначасова разумее, што ягоныя магчымасьці на гэтую сытуацыю паўплываць, яны досыць абмежаваныя. Ён рыхтуецца, бо ён ведае, што сытуацыя можа скласьціся такім чынам, што Беларусь у вайну будзе ўцягнута.

— А як уплывае вайна на Блізкім Усходзе на Лукашэнку? Сёньня падчас наведваньня паліклінікі ён шмат розных заяваў зрабіў, у тым ліку, што даваў Дональду Трампу парады, каб той даў Ізраілю паваяваць з Іранам, а сам адсунуўся трошкі. Ну, калі гаварыць ня толькі пра гэтыя заявы, то чаго насамрэч асьцерагаецца Лукашэнка ў гэтай вайне на Блізкім Усходзе?

— Я думаю, што гэта і вайна на Блізкім Усходзе, і тое, што адбываецца зараз вакол Кубы, тое, што раней адбывалася ў Вэнэсуэле. Ён бачыць, што амэрыканцы вельмі актыўна працуюць супраць тых рэжымаў, якія настроены антыамэрыканскі альбо не жадаюць гуляць па амэрыканскім правілам. І амэрыканскае кіраўніцтва кажа пра гэта досыць адкрыта: калі існуе пагроза з пункту гледжаньня Злучаных Штатаў, адбываюцца адпаведныя крокі.

А ўсе гэтыя рэжымы — іранскія, вэнэсуэльскія ў часы Мадуры, сёньняшні кубінскі — гэта ўсё былі партнэры Лукашэнкі. Іншая справа, што амэрыканцы пакуль імкнуцца з ім размаўляць па-добраму, прапановамі, заахвочваюць яго. То бок супраць яго нейкіх агрэсіўных крокаў, прынамсі сёньня, амэрыканцы відавочна не плянуюць, яны падыходзяць да яго з іншымі аргумэнтамі і з іншымі прапановамі.

Але ён дакладна бачыць, што адбываецца з тымі, хто гуляе не па амэрыканскім правілам. Як бы ён там не казаў, што амэрыканцы і ізраільцяне амаль нічога не дасягнулі, з той яго сымпатыяй на іранскім баку гэта відавочна, але ўсё ж у яго ёсьць больш-менш адэкватнае ўяўленьне пра тое, што адбываецца ў Іране: што адбываецца з іранскай арміяй, з рознымі топ-чыноўнікамі іранскага рэжыму, з іранскай інфраструктурай. Тое, што амэрыканцы і ізраільцяне робяць, ён гэта бачыць.

І, канешне, параўноўвае сваю сытуацыю з сытуацыяй сёньняшняга іранскага кіраўніцтва. Тое, што мы сёньня ад Лукашэнкі пачулі — гэта такая рэфлексія над тым, што там адбываецца, і звычайны лукашэнкаўскі дыялёг з самім сабой.

— Калі згадаць усе яго заявы датычныя Ізраіля. А ці ёсьць уяўленьне ў Аляксандра Лукашэнкі, што Ізраіль — вельмі добры хаўруснік Злучаных Штатаў і ў гэтай самай апэрацыі?

Мне падаецца, што Лукашэнка абраў тактыку, якая была падчас 12-дзённай вайны, але яна ў сярэднетэрміновай перспектыве і ў доўгатэрміновай перспектыве памылковая. Нават падчас 12-дзённай вайны ён фактычна не крытыкаваў Злучаныя Штаты, калі нешта ішло з боку прапаганды ішло супраць Ізраіля. Так бы мовіць, мы крытыкуем Ізраіль, мы нападаем на Ізраіль, бо гэта нічога асабліва не каштуе.

Патрапіць Лукашэнка ў нейкія канкрэтныя справаздачы пра антысэмітызм у сьвеце, будуць яго абвінавачваць у антысэмітызме — гэта для яго ня першы і не апошні раз. Ён для сябе вырашыў, што калі накіроўваць сваю энэргію ў гэты бок і тым самым дэманстраваць тым жа іранцам, што ён на правільным баку, то ўсё будзе добра. Вось гэтай лініяй ён прытрымліваецца і гэтым разам. То бок амэрыканцаў мы амаль не крытыкуем, а калі трэба паразважаць пра гэтую вайну — вось складзены гэты вобраз: амэрыканцы, якія патрапілі ў ізраільскую пастку. Як звычайна, Лукашэнка асабліва слова «Ізраіль» не выкарыстоўвае — для чалавека з савецкай прапагандысцкай сыстэмы 80-х гэта цяжкая назва дзяржавы, таму ён кажа «яўрэі». І калі разважае на гэтыя тэмы, там ідзе рыторыка антыізраільская па прынцыпе: «Нападаць на Ізраіль — гэта нічога, гэта я магу сабе дазволіць».

Гэта ў прынцыпе адпавядае ягоным поглядам і стаўленьню да дзяржавы Ізраіль. Але чаму ён памыляецца? Ён памыляецца, бо тыя людзі, якія знаходзяцца ў атачэньні Дональда Трампа, ды і сам Трамп, яны ўсё гэта бачаць і чуюць. І калі ідуць такія размовы, якія аддаюць антысэмітызмам, то ў Вашынгтоне могуць узьнікнуць пытаньні адносна Лукашэнкі.

Гэта ня той момант, на які мела б сэнс рабіць акцэнт. Тым больш, што Трамп сам сыстэматычна выказвае прыязнасьць і да дзяржавы Ізраіля, і да яўрэйскага народу. У яго сям’і ёсьць людзі яўрэйскага паходжаньня. Таму выказвацца так — ня вельмі разумна. І я думаю, што Лукашэнка не разумее, што ў сувязі з гэтым могуць быць праблемы.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG