Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці законнае ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў і ці могуць зрабіць тое ж зь іншымі? Меркаваньне юрыста і былога сілавіка

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

30 сакавіка стала вядома, што многім беларускім палітвязьням, якіх летась вывезьлі за мяжу, анулявалі пашпарты. Юрыст Алесь Міхалевіч і былы сілавік Уладзімер Жыгар патлумачылі, ці гэта законна і што рабіць тым, у каго пашпарт анулявалі.

Сьцісла:

  • Ануляваць беларускі пашпарт можна, калі чалавек згубіў дакумэнт, калі яго пазбавілі беларускага грамадзянства, або калі ў яго скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарту.
  • Эўрапейскія краіны ня бачаць, ці дзейнічае беларускі пашпарт, пакуль Беларусь не заявіць пра ануляваньне дакумэнту ў Інтэрпол.
  • Тэхнічна можна ануляваць пашпарты сотням тысячаў беларусаў за мяжой.
  • Ануляваньне пашпарту не азначае аўтаматычна пазбаўленьне грамадзянства.
  • Беларусам за мяжой з ануляванымі пашпартамі варта рабіць travel-дакумэнты і можна працягваць карыстацца «ануляванымі» пашпартамі.


Сёлета 30 сакавіка некалькі былых палітвязьняў, якіх прымусова выдварылі зь Беларусі за мяжу, праверылі свае пашпарты па базе Міністэрства ўнутраных справаў і высьветлілі, што яны ня дзейныя.

Свабода даведалася ў сябра Чэскай палаты адвакатаў Алеся Міхалевіча і прадстаўніка ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, ці гэтая працэдура законная, у якіх выпадках беларусам могуць ануляваць пашпарты, ці гэта роўна пазбаўленьня грамадзянства і што можна рабіць у такой сытуацыі.

Скрыншот: праверка пашпарта на сайце МУС Беларусі
Скрыншот: праверка пашпарта на сайце МУС Беларусі

«Гэта незаконна»

Паводле юрыста ў галіне міжнароднага права, сябра Чэскай палаты адвакатаў Алеся Міхалевіча, такое ануляваньне пашпартоў ня можа быць законным.

«Я ўпэўнены, што ніхто ніякай законнай працэдуры не прыдумаў. Іх проста абвяшчаюць страчанымі, зьнішчанымі ў базе ў Беларусі. І, безумоўна, тое, што ўлада робіць — гэта крымінальнае злачынства. Гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Гэта суцэльнае беззаконьне. Людзі самі не заяўлялі (пра страту пашпартоў — РС). Няма магчымасьці пазбавіць грамадзяніна пашпарта апрача тых людзей, якія маюць замежнае грамадзянства», — кажа юрыст.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

Такой жа думкі і прадстаўнік ініцыятывы былых беларускіх сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар.

«Я больш чым упэўнены, што ў актах па ануляваньні гэтага дакумэнту прапісалі нейкую фармальную прычыну: за пашкоджаньне старонак або пашкоджаньне фатаздымка, або няправільныя зьвесткі», — мяркуе ён.

Ануляваць пашпарт у Беларусі можна толькі калі сам чалавек заявіў, што ён згубіў дакумэнт або што яго скралі, тлумачыць Алесь Міхалевіч. Беларуская дзяржава ў такім выпадку мае ня толькі ануляваць пашпарт у беларускай сыстэме, але і паведаміць праз базу Інтэрпола, што такога пашпарту больш няма. Калі чалавек з такім пашпартам будзе праходзіць чэк-ін, прыкладам, у аэрапорце, у яго ўзьнікнуць праблемы.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

«Калі пашкоджаны пашпарт, то чалавек проста здае яго пры замене і мяняе на новы. Гэта іншая працэдура», — дадае суразмоўца.

Яшчэ адна падстава, каб ануляваць пашпарт у Беларусі, зьвяртае ўвагу Ўладзімер Жыгар, — гэта страта грамадзянства.

У 2023 годзе Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе пазбаўляць беларускага грамадзянства беларусаў па нараджэньні, калі яны жывуць за мяжой і нібыта ўдзельнічаюць у «экстрэмісцкай дзейнасьці» або прынесьлі «цяжкую шкоду інтарэсам Беларусі». За такія ж дзеяньні пазбавіць беларускага грамадзянства могуць натуралізаваных беларусаў — людзей, якія атрымалі беларускае грамадзянства не па нараджэньні, а пазьней.

«Але гэта малаімаверна. Бо тады было б цікава паглядзець на перамовы ЗША і Лукашэнкі ў кантэксьце людзей, да якіх і раней зьдзяйсьнялі злачынствы: затрыманьні, арышты, палітычна матываваныя крымінальныя справы, прымусовае выдварэньне. Пра які дыялёг з ЗША тады можна казаць?», — разважае Жыгар.

Прадстаўнік ініцыятывы BelPol адзначае, што тыя пашпарты, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня і на якія ўласьнікі не падалі заяву аб іх працягненьні, таксама анулююць. Атрымаць новы пашпарт за межамі краіны зараз немагчыма, таму многія беларусы за мяжой застаюцца толькі зь беларускімі пашпартамі, у якіх выйшаў тэрмін дзеяньня. Аднак у некалькіх нашых суразмоўцаў з ануляванымі пашпартамі тэрмін дзеяньня іхных дакумэнтаў яшчэ ня скончыўся.

Пашпарт ня роўны грамадзянству

Ануляваньне пашпарту ня значыць, што чалавека пазбавілі грамадзянства, зьвяртае ўвагу Алесь Міхалевіч.

«Грамадзянства да наяўнасьці дакумэнта ня мае нічога супольнага… Былі дзіўныя справы, калі мітрапаліта Кандрусевіча не пускалі ў Беларусь. Але яму ніхто не паведамляў, што ў яго забралі беларускае грамадзянства. Гэта ўсё беззаконьне нават у той сыстэме, дзе ў іх ёсьць магчымасьць усе законы зьмяняць, выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу большую, чым законы. Яны ня ў стане дзейнічаць нават па сваіх законах, якія самі пішуць», — разважае Міхалевіч.

Адвакат Алесь Міхалевіч думае, што ануляваньне пашпартоў — гэта сыгнал выдвараным беларусам, што яны больш ня могуць вярнуцца на радзіму.

«Гэта больш сыгнал, што ў вас няма магчымасьці вярнуцца ў Беларусь, што „вы больш не беларусы, эмігруйце за мяжу і не стварайце нам праблем“», — мяркуе Міхалевіч.

Былы сілавік Уладзімер Жыгар мае такую ж думку: рэжым Лукашэнкі забясьпечвае сябе, каб выдвараныя палітвязьні дакладна не вярнуліся ў Беларусь бяз дзейных дакумэнтаў. Ён мяркуе, што такім чынам службоўцы пераўтвараюць гэтых людзей у «ворагаў народу».

Ад дзесяці да соцень тысяч?

Колькім беларусам за мяжой анулявалі пашпарты, пакуль невядома. Некалькі суразмоўцаў Свабоды кажуць, што дакладна ведаюць 10-15 такіх чалавек. Пакуль пра гэта заяўлялі толькі выдвараныя палітвязьні летась 11 верасьня і 13 сьнежня, а таксама сёлета 19 сакавіка. У гэтых трох групах быў 161 грамадзянін Беларусі. Таксама Мікалаю Статкевічу, які застаўся ў Беларусі, не вярнулі пашпарт. Ці ўсім вывезеным за мяжу пасьля вызвазваленьня былым палітвязьням анулявалі беларускія пашпарты, мы ня можам праверыць.

Некаторым з вывезеных за мяжу былых палітвязьняў пашпарты не аддалі ўвогуле. На фота даведка Уладзя Лабковіча, якую ён атрымаў замест свайго пашпарта.
Некаторым з вывезеных за мяжу былых палітвязьняў пашпарты не аддалі ўвогуле. На фота даведка Уладзя Лабковіча, якую ён атрымаў замест свайго пашпарта.

Але калі б улады рэжыму Лукашэнкі вырашылі ануляваць пашпарты ня толькі былым палітвязьням, але і ўсім, хто за мяжой выступае супраць яго, гэта было б магчыма зрабіць тэхнічна для тысяч і нават соцень тысяч чалавек. Так мяркуюць абодва суразмоўцы Свабоды.

«Нішто беларускай дзяржаве не перашкаджае рабіць беззаконьні. Перад намі, як перад беларускім грамадзтвам, грамадзянскай супольнасьцю, будзе стаяць вялікая праблема — даказаць у тым ліку праз базу Інтэрпола, што гэтыя „згубленыя“ пашпарты — гэта няпраўда, і трэба, каб цывілізаваныя краіны ставіліся да іх, як да нармальных пашпартоў, якія абсалютна законныя на сёньняшні дзень», — перакананы Алесь Міхалевіч.

Што можна зрабіць, калі ваш беларускі паўшарт ануляваны?

Атрымаць travel-дакумэнт

Рабіць travel-дакумэнт у эўрапейскіх краінах. Падставай можа быць міжнародная абарона, або дазвол на жыхарства ў краіне.

«Я думаю, што і так гэтыя людзі будуць ісьці праз статус уцекача або міжнародную абарону ў розных краінах, таму я ня бачу вялікіх праблем. Яны атрымаюць статус і атрымаюць travel-дакумэнт уцекача або мясцовы travel-дакумэнт той краіны, дзе яны жывуць», — кажа Алесь Міхалевіч.

Карыстацца пашпартам далей

Адвакат Алесь Міхалевіч прапануе на тэрыторыі Эўразьвязу не прызнаваць рашэньне рэжыму Лукашэнкі наконт ануляваньня пашпартоў легітымным і працягваць карыстацца пашпартамі, як і раней. Ён тлумачыць, што эўрапейскія краіны ня маюць доступу да беларускай сыстэмы пашпартоў і ня могуць праверыць, дзейны канкрэтны пашпарт ці не.

Аднак яны могуць убачыць ў базе Інтэрпола, калі Беларусь паведаміць туды, што гэты пашпарт нядзейны. Суразмоўца дадае, што ягонае юрыдычнае бюро Legal Status займаецца ў тым ліку такімі пытаньнямі зь Інтэрполам.

«Мы не прызнаем гэтую дзяржаву, мы ня прызнаем гэтую ўладу (рэжым Лукашэнкі. — РС), таму гэты пашпарт дзейны. Гэта ўсё ў нас у галаве! Калі вы лічыце, што ад таго, што Лукашэнка сказаў, што пашпарт нядзейны, ён нядзейны, вы можаце так лічыць. Я лічу, што гэты пашпарт дзейны, ён нармальны, і з ім усё цудоўна. Тое самае і з пашпартам Новай Беларусі. Калі я лічу яго пашпартам маёй дзяржавы, гэта пашпарт тых органаў маёй дзяржавы, якія мы ствараем», — разважае суразмоўца.

Паводле юрыста, адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці (штраф, арышт, зьняволеньне) беларус, які будзе працягваць карыстацца ануляваным пашпартам, не панясе. Але такога чалавека могуць затрымаць, высьветліць абставіны, дадаткова разабрацца ў ягонай справе.

«Але чалавек гэты пашпарт не падрабляў. У гэтым пашпарце зазначаныя ягоныя асабістыя зьвесткі, гэты пашпарт быў легальна атрыманы. Я абсалютна ня бачу, якая тут можа быць адказнасьць у дачыненьне да гэтага чалавека. Але нам робяць дадатковыя праблемы, каб жыцьцё малінай не здавалася», — дадае ён.

Абскарджваць ануляваньне пашпартоў

На думку Алеся Міхалевіча, абскарджваць ануляваньне пашпартоў варта. Аднак ён падсумоўвае, што каб зрабіць новы пашпарт, усё адно трэба ехаць у Беларусь.

«Тэарэтычна нават з гэтым пашпартам чалавек можа прыехаць на мяжу і спрабаваць заехаць у краіну. Але я сумняюся, што ў сёньняшніх умовах хтосьці будзе гэта рабіць», — мяркуе ён.

Уладзімер Жыгар думае, што людзям, якім анулявалі пашпарты, можна зьвярнуцца ў свой аддзел па грамадзянстве і міграцыі МУС у Беларусі, каб даведацца афіцыйную прычыну ануляваньня пашпарту, а потым з гэтым адказам зьвяртацца ў суд. Аднак ён перакананы, што абскардзіць гэтае рашэньне былыя палітвязьні ня змогуць.

«Бо гэтыя людзі нават прыехаць у краіну ня могуць, ня кажучы пра тое, каб нешта аспрэчыць пасьля вяртаньня ў краіну. Нават калі яны вернуцца ў краіну, яны ня могуць гэта абскардзіць, бо таго дакумэнту (пашпарту) ужо няма», — мяркуе суразмоўца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG