«Паводле наяўнай інфармацыі, усе, хто ўжо праверыў свой статус, бачаць, што іхныя дакумэнты прызнаныя несапраўднымі. Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра „гуманнасьць“ або „жэсты добрай волі“, якія спрабуе дэманстраваць рэжым Лукашэнкі. Гэта працяг рэпрэсіяў — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны», — заявіла з гэтай нагоды прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Зазулінская.
«Гэтае пытаньне ўжо абмяркоўваецца і будзе падымацца, у тым ліку, у размовах з амэрыканскім бокам, а таксама з уладамі Літвы і Польшчы, — дадала яна. — Трэба тэрмінова выпрацоўваць рашэньні аб выдачы альтэрнатыўных дакумэнтаў, каб людзі не заставаліся ў праўным вакуўме. Людзі, якія перажылі рэпрэсіі, не павінны сутыкацца зь іх працягам».
Сярод наступстваў дзеяньняў уладаў яна згадала праблемы былых палітвязьняў зь легалізацыяй за мяжой, доступам да працы, жыльля і базавых паслугаў, а таксама «неабходнасьць тэрмінова атрымліваць альтэрнатыўныя праязныя дакумэнты», безь якіх людзі абмежаваныя ў перамяшчэньні, асабліва пры выезьдзе за межы ЭЗ, піша «Вясна».
Паводле юрыста «Вясны» Сьвятланы Галаўнёвай, «калі правяраеш статус дакумэнту на сайце МУС, указана толькі, што пашпарт несапраўдны, а на якой падставе — не ўдакладняецца».
«Усе магчымыя падставы прызнаньня пашпарта несапраўдным пералічаныя ў п. 8 указу „Аб дакумэнтаваньні насельніцтва Рэспублікі Беларусь“ ад 3 чэрвеня 2008 году № 294. Сярод іх: адсутнасьць абавязковых зьвестак, заканчэньне тэрміну, непрыдатнасьць для выкарыстаньня, заява аб страце, зьмена імя, сьмерць або рашэньне МУС ці консульства.
Рашэнне МУС ці консульства прымаецца ў выпадку выдачы новага пашпарту, выяўленьня ілжывых зьвестак пры афармленьні або страты права на карыстаньне пашпартам. Адзіная падстава страты права карыстаньня пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — гэта спыненьне грамадзянства ці скасаваньне рашэньня аб яго набыцьці», — сказала Галаўнёва.
Яна выказала думку, што пашпарты выправаджаных палітвязьняў прызналі несапраўднымі на падставе «непрыдатнасьці для выкарыстаньня».
«Такая фармулёўка звычайна выкарыстоўваецца, калі пашпарт прамок, парваўся ці на ім сьцерліся асабістыя зьвесткі. Напэўна, гэта крок для афармленьня заднім днём нявыдачы пашпартоў падчас выправаджэньня. Пашпарты — гэта блянкі строгай справаздачнасьці, яны ляжаць у асабовых справах у калёніях, і зь імі трэба нешта рабіць», — сказала юрыстка.
Такое «бюракратычнае дзеяньне» ўладаў яна назвала «працягам перасьледу, яшчэ адным крокам для стварэньня ўмоваў, калі немагчыма нармальна вярнуцца ў краіну».
«Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйны мэханізм замацаваньня ўладамі Беларусі адвольнай дэпартацыі сваіх грамадзян», — падкрэсьліла праваабаронца.
11 верасьня 2025 году ў выніку чарговых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША быў вызвалены і вывезены зь Беларусі 51 палітвязень. Яшчэ адзін, палітык Мікола Статкевіч, адмовіўся пакідаць краіну, быў ізноў затрыманы, вызвалены сёлета ў лютым пасьля перанесенага ў няволі інсульту.
13 сьнежня 2025 году выправадзілі пасьля вызваленьня яшчэ 123 палітвязьні. Шэраг былых вязьняў вывезены зь Беларусі без пашпартоў. Пры вывазе за межы краіны ім выдалі толькі даведкі аб вызваленьні, нагадвае Позірк.
Форум