Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч паведаміў, што яму так і не вярнулі пашпарт і могуць забраць палову пэнсіі

Мікола Статкевіч дома, фота ўзятае з фэсбук-акаунта facebook.com/maryna.adamovic
Мікола Статкевіч дома, фота ўзятае з фэсбук-акаунта facebook.com/maryna.adamovic

Былыя сябры «Народнай Грамады», якія цяпер знаходзяцца за межамі Беларусі, перадалі некалькі пытаньняў Міколу Статкевічу.

Сам былы палітвязень Мікола Статкевіч працягвае аднаўленьне пасьля інсульту ў сваёй кватэры ў Менску. У сваім тэлеграм-канале ён адказаў на пытаньні, якія яму задалі пра ягонае цяперашняе жыцьцё.

Найперш у новым допісе Статкевіч адзначыў, што ягоны папярэдні допіс пра геапалітыку быў падвергнуты сумневам шэрагам камэнтатараў. У адказе ён заадно расказаў, як у яго забралі пры вызваленьні з калёніі пашпарт, а цяпер ігнаруюць запыты з просьбай яго вярнуць.

«Трэба прызнаць, што ў юрыдычным сэнсе яны ў нечым маюць рацыю, бо мяне вызвалілі безь ніводнага дакумэнту, які б сьведчыў маю асобу. Пашпарт застаўся ў калёніі, кіраўніцтва якой не адказвае на запыты. Пакінулі як сувэнір? А безь яго ня тое, што за мяжу на абсьледаваньне не падзеш, як многія прапануюць, нават у мясцовую паліклініку ня зьвернешся. І не дакажаш, што я — гэта я».

Статкевіч зыранізаваў, што ягоную асобу без дакумэнтаў прызнаюць толькі тыя дзяржаўныя службоўцы, якія хочуць спагнаць зь яго грошы. І гэта можа моцна паўплываць на памер пэнсіі, якую атрымлівае палітык.

«Толькі адны мужныя судовыя выканаўцы рашуча прызналі маё фізычнае існаваньне без дакумэнтаў, але адразу ж заявілі прэтэнзіі на палову маёй пэнсііі, якую я таксама не магу аднавіць бяз пашпарту».

У калёніі, як адзначыў Статкевіч, ён займаўся чытаньнем «паміж радкоў», бо іншых крыніцаў за дзяржаўную і расейскую прэсу ў яго не было.

«Пра геапалітычную сытуацыю вакол Беларусі я дастаткова падрабязна напісаў у гэтых артыкулах. Калі пра рэальны стан беларускага грамадзтва і сытуацыю ў палітычнай эміграцыі інфармацыі ў мяне было мала, бо „Советская Белоруссия“, якую я мусіў выпісваць у калёніі, тут ня лепшая крыніца, дык пра стан расейскай эканомікі, афіцыйныя ўстаноўкі і памкненьні Крамля, міжнародныя падзеі — пра ўсё гэта можна было скласьці пэўнае ўяўленьне нават з тых жа „Известий“, якія я таксама выпісваў. Да таго ж, яшчэ савецкі досьвед чытаньня паміж радкоў і мой дастаткова вялікі і разнастайны жыцьцёвы, палітычны і вайсковы досьвед, давалі дастаткова інфармацыі для аналізу».

Мікола Статкевіч піша, што высновы гэтага аналізу відавочныя: прайграўшы Ўкраіну, Крэмль будзе шукаць іншыя месцы прарыву на Захад. Бо расейская масавая сьвядомасьць дагэтуль не зьмяшчаецца ў межах РФ, а кіраўніцтву Крамля патрэбна «пераможная вайнушка», каб захаваць і перадаць у спадчыну ўладу. А таксама, каб прымусіць Эўропу адмовіцца ад санкцый і вярнуцца да фінансаваньня крызіснай расейскай эканомікі праз масштабны закуп у Расеі вуглевадародаў.

«Таму значнасць „беларускага балькону“ для Масквы будзе толькі расьці, што спараджае цэлы шэраг рызык ня толькі для і так фармальнай беларускай дзяржаўнасьці, але й для фізычнага існаваньня Беларусі і беларусаў», — падкрэсьліў Статкевіч.

Ён дадаў, што менавіта падтрымка Масквы ёсьць асновай ўстойлівасьці рэжыму Лукашэнкі. Але такая залежнасьць «можа каштаваць нам вельмі дорага».

«Яе нельга прыбраць звонку іншым краінам, бо гэта толькі абвострыць бітву за „балькон“ з боку Масквы. У Вэнэсуэле ўстойлівасьць рэжыму забясьпечвалася падтрымкай бяднейшых слаёў насельніцтва, якія за гэта атрымоўвалі ад уладаў бясплатныя прадукты харчаваньня, таму замена Мадуры там мала што мяняе, наадварот, яго былыя прыхільнікі спадзяюцца, што цяпер санкцыі здымуць і „кармленьне“ стане лепшым. У Іране рэжым абапіраецца на шыізм — рэлігію, заснаваную на ідэі пакутніцтва і кульце сьмерці. Прыхільнікаў гэтай рэлігіі там яшчэ дастаткова, каб падтрымліваць у дзеяздольным стане шматлікія сілавыя структуры».

Такім чынам, Статкевіч падкрэсьліў адрозьненьні становішча ў Беларусі ад сытуацый у Вэнэсуэле і Іране, дзе ўжо за гэты год пасьля ўзьдзеяньня ЗША зьмяніліся кіраўнікі.

У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе. У верасьні 2025 году ён быў вызвалены разам з іншымі вязьнямі, але адмовіўся пакідаць Беларусь пад прымусам і пасьля гэтага зноў апынуўся ў няволі.

19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца дома, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.

17 сакавіка каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту выпусьцілі з пастарунку міліцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG