Каля ўласнага дому ў Менску затрымалі Марыну Адамовіч — жонку былога палітвязьня Міколы Статкевіча. Пра гэта сам Статкевіч напісаў у сваім тэлеграм-канале.
«Нібыта, хочуць ўзяць тлумачэньні пра атрыманьне ёй праваабарончай прэміі Homo Homini ў Празе замест мяне. Чакалі каля дому. Адзін назваўся сьледчым Казловым».
Што тычыцца прэтэнзій, якія могуць мець сілавікі да Марыны Адамовіч, пакуль інфармацыі няма, канстатуе ейны муж.
Пра затрыманьне Марыны Адамовіч даведаўся й старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які на сустрэчы ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе заявіў:
«Тое, што ў Менску была затрыманая Марына Адамовіч, якая тыдзень таму атрымала ў Празе ўзнагароду за Міколу Статкевіча, сьведчыць пра тое, што сытуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі не мяняецца».
Пасьля 21-й гадзіны беларускага часу Статкевіч напісаў пра тое, што жонку вызвалілі:
«Дарагія сябры, Марына дома. Проста пратрымалі 4 з паловай гадзіны ў Ленінскім РУУСе, не дапытвалі, проста трымалі. Зараз аналізуем, а што гэта было?»
У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі па палітычна матываванай справе. У верасьні 2025 году ён быў вызвалены разам з іншымі вязьнямі, але адмовіўся пакідаць Беларусь пад прымусам і пасьля гэтага зноў апынуўся ў няволі.
19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца дома, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
Форум