«Вядома, што на тэрыторыі Польшчы ўжо тысячы маладых беларусаў, змушаных пад пагрозай рэпрэсій пакінуць сваю краіну, прайшлі вайсковую падрыхтоўку, — гаворыцца ў тэксьце. — Мы прапануем сфармаваць зь іх Беларускі міратворчы добраахвотніцкі корпус (далей — Корпус). Мы заклікаем эўрапейскія краіны забясьпечыць Корпус фінансава, таксама баявым рыштункам, узбраеньнем і вайсковай (у тым ліку і цяжкай) тэхнікай.
Прапануем разьмясьціць корпус каля беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе яго задачай будзе недапушчэньне паўторнай агрэсіі супраць Украіны зь беларускай тэрыторыі.
Таксама задачай корпусу будзе процідзеяньне спробам расейскай агрэсіі супраць краін Балтыі з тэрыторыі Беларусі. Апынуўшыся перад пагрозай удару ў тыл групоўкі ўварваньня і з паўсталай краінай за сьпінай, расейскія мілітарысты будуць змушаны адмовіцца ад агрэсіі».
Паводле Саткевіча задачай корпусу таксама будзе «сілавое змушэньне Масквы да вываду сваёй ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі».
Раней Статкевіч апублікаваў вялікі артыкул, у якім папярэджвае беларусаў пра небясьпеку, якая ім, паводле яго словаў, пагражае ў сувязі з раней абвешчаным уладамі Расеі і Беларусі разьмяшчэньнем расейскай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі.
Паводле Статкевіча, «расейскія генэралы называюць Беларусь «беларускім бальконам», «бо з нашай тэрыторыі можна наносіць удары па трох краінах NATO і Ўкраіне».
Статкевіч прагназуе, што «першы ўдар расейскіх войскаў будзе наносіцца зь беларускай тэрыторыі і скіраваны супраць балтыйскіх краін, якія знаходзяцца ў геаграфічным адрыве ад буйных краін NATO і могуць быць ізаляваныя ад іх».
Палітвязень Мікола Статкевіч быў зьняволены ў калёніі ў Глыбокім. Пасьля адмовы пакідаць Беларусь у верасьні мінулага году яго даставілі ў тую ж калёнію, дзе ён быў да верасьня 2025 году.
Прэсавая служба Лукашэнкі раней паведаміла, што Лукашэнка «рашэньне аб памілаваньні Міколы Статкевіча ўхваліў ужо даўно».
«Але тады ехаць у „райскі сад“ Статкевіч адмовіўся і вярнуўся ў турму. З таго моманту прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы з здароўем. У прыватнасьці, адбыўся інфаркт галаўнога мозгу», — сказала тады Натальля Эйсмант.
Паводле Эйсмант, калі Лукашэнку паведамілі пра сытуацыю з Статкевічам, той распарадзіўся «тэрмінова перавесьці яго ў лякарню», дзе Статкевіча забясьпечылі ўсёй неабходнай і своечасовай дапамогай і выратавалі.
Потым, дадала Эйсмант, Лукашэнка атрымаў «шматлікія звароты сваякоў — жонкі, родных — з просьбамі адпусьціць яго дадому, каб мець магчымасьць даглядаць яго».
11 верасьня 2025 году ў выніку дамоўленасьцяў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам з турмаў і калёніяў былі вызваленыя 52 палітвязьні з умовай, што яны пакінуць Беларусь.
Адзіным чалавекам, які адмовіўся ад такога выправаджэньня, стаў 69-гадовы Мікола Статкевіч.
Спробы дыпляматаў і паплечнікаў адгаварыць Статкевіча ад вяртаньня ў Беларусь нічым ня скончыліся. Больш за два з паловай гады да таго дня ён быў увязьнены ў Глыбоцкай калёніі ў рэжыме інкамунікада — у поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
Паводле сваякоў, Статкевіч 21 студзеня перанёс інсульт, а 19 лютага яго вызвалілі з турмы і адправілі дадому.