Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызанаў» крытыкуюць за ўзлом сайту Нацыянальнай бібліятэкі, бо не працуе каталёг. Тыя адказалі

Нацыянальная бібліятэка
Нацыянальная бібліятэка

27 сакавіка «Кібэрпартызаны» узламалі сайт Нацыянальнай бібліятэкі. З таго часу ён не працуе, у бібліятэцы няма інтэрнэту, а чытачы ня могуць шукаць кнігі па анлайн-каталёгу — даводзіцца ісьці ў бібліятэку.

Пра гэта піша «Наша ніва».

«Кібэрпартызаны» абвясьцілі пра ўзлом сайту бібліятэкі 27 сакавіка і прымеркавалі атаку да Дня Волі. На галоўнай старонцы сайту на кароткі час зьявіліся выявы з «Пагоняй», прысьвечаныя Дню Волі, і надпісы «Жыве Беларусь!».

Аднак пасьля акцыі ўзьніклі праблемы. Людзі, якія спрабавалі скарыстацца анлайн-каталёгам бібліятэкі ў апошнія дні, скардзіліся, што ён не працуе. У самой бібліятэцы паведамілі, што ў іх будынку няма інтэрнэту, а электронным каталёгам можна скарыстацца толькі на месцы, пісала «Люстэрка».

Навуковец Сяргей Бесараб выказаў у Фэйсбуку засьцярогу, што акцыя магла пашкодзіць каталёгі бібліятэкі. Крытыку акцыі выказалі і іншыя.

Прэсавая сакратарка «Кібэрпартызанаў» Юліяна Шаметавец пракамэнтавала, што цяперашнія праблемы з сайтам Нацыянальнай бібліятэкі не зьвязаныя з тым узломам. Калі каманда ўзломвае ўнутраныя сыстэмы, яна пра гэта абвяшчае публічна:

«Падчас акцыі мы толькі зьмянілі на сайце Нацыянальнай бібліятэкі малюнкі, паставілі выявы з нацыянальнымі колерамі і віншаваньнямі. Мы не парушалі працу сайту і нават не адключалі яго, бо сэнс акцыі, каб людзі маглі заходзіць на сайт і бачыць віншаваньні. Парушылі працу сайта лукашысты, якім гэта не падабаецца» — заявіла Шаметавец.

«Мы заклікаем публічных асоб быць уважлівымі ў сваіх публічных меркаваньнях: спачатку сабраць доказы, зьвярнуцца па камэнтары да нас. Лепей удакладніце, спытайце, чым адразу кідаць выдумкі і абвінавачваньні бяз доказаў», — дадала прэсавая сакратарка «Кібэрпартызанаў».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG