Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі сайт Нацыянальнай бібліятэкі

Так выглядаў узламаны сайт Нацыянальнай бібліятэкі
Так выглядаў узламаны сайт Нацыянальнай бібліятэкі

Суполка «Кібэрпартызаны» заявіла пра ўзлом сайту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Хакеры прымеркавалі яго да Дня Волі.

Прычынай выбару бібліятэчнага сайту для ўзлому яны назвалі тое, што будынак бібліятэкі ўзводзіўся нібыта паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі на грошы, якія часам зьбіралі ў людзей пад прымусам.

«Так адзін з найважнейшых элемэнтаў адукацыі стаў зганьбаваны рэжымам як сымбаль яго магчымасьцяў не ўзаемадзеяньнем, а прыгнётам народа дасягаць жаданага», — гаворыцца ў допісе «Кібэрпартызанаў».

Хакеры апублікавалі здымкі зь сьвяточнымі віншаваньнямі, пакінулі мноства надпісаў «Жыве Беларусь» з спасылкай на свой тэлеграм-канал і запусьцілі інфармацыйны радок з абразьлівым надпісам пра Лукашэнку.

«Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году ў адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню ў адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG