Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеры суполкі «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі кампутарную сетку горадзенскага «Хімвалакна»

Супрацоўнікі горадзенскага «Хімвалакна» падтрымалі акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Колішнія ўдзельнікі акцый трапілі ў турмы. Правабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі горадзенскага «Хімвалакна» падтрымалі акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Колішнія ўдзельнікі акцый трапілі ў турмы. Правабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Ілюстрацыйнае фота

Група ананімных хакераў «Кібэрпартызаны» паведаміла аб узломе кампутарнай сеткі прадпрыемства «Гродна Хімвалакно» — найбольшага пастаўшчыка ў Расею нэйлёнавых нітак, зь якіх вырабляюць абшыўку касак і бронекамізэлек для расейскай арміі.

Як вынікае з паведамленьня, зьнішчылі дамэн, кантролеры, сэрвэры, віртуальныя машыны і працоўныя станцыі — агулам прыблізна 1 000 машын у карпаратыўнай сетцы.

У выніку парушана дзейнасьць офісу, бухгальтэрыі, аддзелаў маркетынгу і продажу, адгрузкі, а таксама тэхнічныя і адміністрацыйныя працэсы.

Пашкоджаныя сыстэмы і базы ERP, карпаратыўная пошта, дакумэнтабарачэньне Directum, сыстэмы рэзэрвовага капіяваньня, на аднаўленьне якіх, паводле «Кібэрпартызанаў», спатрэбяцца тыдні. Пры гэтым частка зьвестак страчаная канчаткова.

Апроч таго, узламалі сыстэмы аховы, камэры назіраньня і КПП «Хімвалакна».

На пацьвярджэньне факту ўзлому суполка апублікавала шэраг фота.

  • «Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году.
  • Атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.
  • Супольнасьць пачала дзейнасьць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
  • Сваю дзейнасьць «Кібэрпартызаны» называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG