Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці насамрэч усе 250 палітычных вязьняў, названых у сьпісе апошняй хвалі вызваленьняў, выйшлі на волю

Паводле інфармацыі Свабоды, былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзьмітрый Наважылаў, які мусіў выйсьці на волю 19 сакавіка, дагэтуль застаецца за кратамі.
Паводле інфармацыі Свабоды, былы дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзьмітрый Наважылаў, які мусіў выйсьці на волю 19 сакавіка, дагэтуль застаецца за кратамі.

У выніку перамоваў Лукашэнкі і спэцыяльнага прадстаўніка ЗША Коўла 19 сакавіка з турмаў павінны былі датэрмінова вызваліць 250 палітвязьняў. Паводле інфармацыі Свабоды, прынамсі адзін фігурант сьпісу дагэтуль не вярнуўся дадому.

«Права на новую старонку ў жыцьці»

19 сакавіка Лукашэнка адмысловым указам памілаваў 250 асуджаных. Паведамленьне пра ўказ ёсьць у дзяржаўных СМІ, але тэксту самога ўказу зь сьпісам памілаваных у адкрытым доступе няма. Тое ж было і з папярэднімі ўказамі аб памілаваньні палітычных зьняволеных. За 19 сакавіка на афіцыйных рэсурсах можна знайсьці два іншыя ўказы — № 97 і № 93: пра міжнародныя дамовы і геральдычныя сымбалі.

Прэс-служба Лукашэнкі таксама паведамляла пра вялікае памілаваньне 19 сакавіка: «Прэзыдэнтам прынята рашэньне аб памілаваньні шэрагу асобаў, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці… Усім памілаваным дзяржава надае права на новую старонку ў жыцьці».

15 палітвязьняў, вызваленых 19 сакавіка, адразу вывезьлі ў Вільню. 235 чалавек мусілі вярнуцца дадому. Якім чынам улады вызначалі, каму зьехаць, каму застацца ў Беларусі, — невядома.

Вызваленыя і вывезеныя 19 сакавіка ў Літву палітвязьні
Вызваленыя і вывезеныя 19 сакавіка ў Літву палітвязьні

15 вязьняў з розных калёніяў зьвезьлі спачатку ў новае СІЗА № 1 у Калядзічах, адтуль даставілі ў Літву.

Праваабаронцы апублікавалі меркаваны сьпіс тых, каго мусілі вызваліць і пакінуць у Беларусі, яшчэ ўдзень 19 сакавіка. Спачатку ён быў не зусім дакладны: імёны і прозьвішчы запісаныя лацінкай розных варыянтаў, даты нараджэньня часам не адпавядалі сапраўдным. Крыху пазьней праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў адрэдагаваны дакумэнт.

Дагэтуль невядома, ці ўсе вязьні вызваленыя

Праваабаронца DissidentBY Марына Касінерава тлумачыць, што дакладных пацьверджаньняў таго, што ўсе людзі зь «сьпісу 250» дакладна вызваленыя і знаходзяцца на свабодзе, няма. Але меркаваць, што канкрэтны чалавек ня вызвалены, бо ня выйшаў на сувязь з праваабаронцамі, таксама нельга.

Марына Касінерава
Марына Касінерава

«Чалавек ня хоча ні з кім камунікаваць і папярэдзіў сваякоў, каб нікому не казалі пра ягонае вызваленьне, — ня трэба выключаць і такога. Ня кожны адважыцца камунікаваць з „экстрэмісцкімі фармаваньнямі“ і сам выходзіць на сувязь з праваабаронцамі ці мэдыя. У сацыяльных сетках ці мэдыя звычайна пішуць, што „няма пацьверджаньня вызваленьня“. Але мы павінны разумець, што можа быць сытуацыя 50 на 50», — кажа Марына Касінерава.

Паводле праваабаронцы, шмат хто зь фігурантаў сьпісу ўжо дакладна на волі, ёсьць пацьверджаньні сваякоў, што вязьні выйшлі на другі-трэці дзень пасьля ўказу. Людзі апавядалі, што ў некаторых калёніях усіх, каго меркавалі выпусьціць, сабралі і вызвалялі разам.

Адрозна ад тых былых вязьняў, якіх вывезьлі за мяжу без пашпартоў і даведак аб вызваленьні, тым, хто застаўся ў Беларусі, даведкі выдалі. Але даволі дзіўныя, як кажа Марына Касінерава.

«Даведкі аб вызваленьні ім далі, як звычайна даюць усім, хто выходзіць пасьля адбыцьця тэрміну. Але ёсьць адна цікавая асаблівасьць. У даведках напісана: „вызвалены паводле Ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 19.03.2026 „Аб памілаваньні асуджаных ад асноўнага пакараньня з магчымасьцю застацца ў Рэспубліцы Беларусь“. То бок даведкі з дазволам застацца ў краіне», — сьцьвярджае Касінерава.

Вызваленьні пасьля 25 Сакавіка

Паводле інфармацыі Свабоды, родным некаторых фігурантаў «сьпісу 250» у адміністрацыях калёніяў паведамлялі, што людзей выпусьцяць пасьля Дня Волі 25 Сакавіка. У некалькіх выпадках сапраўды так і было. Аднак не ўва ўсіх.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), на 31 сакавіка нічога не было вядома пра вызваленьне былога дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава.

«Выглядае на тое, што журналіст застаецца ў калёніі», — паведамляе БАЖ.

Паводле інфармацыі Свабоды, на вечар 1 красавіка, праз два тыдні пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Коўлам, Дзьмітры Наважылаў па-ранейшаму ня быў вызвалены. Пры гэтым імя журналіста ёсьць у «сьпісе 250», які праваабаронцы апублікавалі 19 сакавіка.

Дзьмітры Наважылаў на вечары памяці заснавальніка агенцыі БелаПАН Алеся Ліпая ў кастырчніку 2018 году. Архіўнае фота.
Дзьмітры Наважылаў на вечары памяці заснавальніка агенцыі БелаПАН Алеся Ліпая ў кастырчніку 2018 году. Архіўнае фота.

Дзьмітрыя Наважылава абвінавацілі ва «ўдзеле у экстрэмісцкім фармаваньні» і «ўхіленьні ад сплаты падаткаў», асудзілі 6 кастрычніка 2022 году на 6 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у 700 базавых (22 400 рублёў). Журналіст адбываў пакараньне ў ПК-3 «Віцьба».

У сьпісе тых вязьняў, каго памілавалі і дазволілі застацца ў Беларусі, фігуравалі імёны іншых супрацоўнікаў мэдыя: Алега Супрунюка, Аляксандра Марчанкі, Валерыі Касьцюговай, Антона Казельскага. Ёсьць зьвесткі, што яны на волі.

Праваабаронца Марына Касінерава мяркуе, што дакладна можна будзе ўпэўніцца, што кагосьці зь «сьпісу 250-ці» ня вызвалілі, толькі зь цягам часу.

«Калі будуць выходзіць іншыя людзі, напрыклад, праз сканчэньне тэрміну, і паведамяць, што такі і такі чалавек ня выйшаў, тады мы можам сказаць дакладна. То бок гэта толькі пытаньне часу — спраўдзіць, выйшаў чалавек ці не. Але што тычыцца многіх самых розных людзей, якіх я бачыла ў сьпісе, — мы мелі пацьверджаньне, што яны выйшлі», — запэўнівае Марына Касінерава.

«Кантроль спэцслужбаў і міліцыі»

На наступны дзень пасьля перамоваў з спэцыяльным прадстаўніком ЗША Джонам Коўлам Лукашэнка заявіў, што вызваленыя і пакінутыя ў Беларусі палітвязьні будуць пад асаблівым кантролем сілавікоў.

«Вы не перажывайце, што мы іх выпусьцілі. Усё тут пад кантролем. 2020 году, мужыкі, у Беларусі ня будзе. Я не хачу бегаць з аўтаматам па вуліцы. Я гэтага не дапушчу… Мы разумеем, што хацелі разбурыць і перакуліць краіну. Гэта быў удар ня толькі па нас, але і па нашых дзецях, унуках. Я гэта дапусьціць магу? Не!» — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама заявіў, што з 235 вызваленых палітвязьняў, якія застануцца ў Беларусі, пагрозу могуць несьці каля 30-40 чалавек.

«Мы іх ведаем. Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзятыя на кантроль спэцслужбамі і міліцыяй», — сказаў Лукашэнка.

Юрыдычна памілаваньне азначана ў артыкуле 96 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

«На падставе акту памілаваньня асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызвалена ад пакараньня як асноўнага, так і дадатковага, або вызвалена ад пакараньня ўмоўна, або такой асобе неадбытая частка пакараньня можа быць заменена на мякчэйшае пакараньне, або яму можа быць зьнятая суджанасьць», — гаворыцца там.

Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва тлумачыць, што ўсе памілаваныя падлягаюць прафіляктычнаму кантролю.

Адным з вывезеных у Літву 19 сакавіка палітвязьняў быў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Адным з вывезеных у Літву 19 сакавіка палітвязьняў быў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Калі людзі памілаваныя, яны павінны стаць на ўлік у Крымінальна-выканаўчай інспэкцыі РУУС, пэрыядычна зьяўляцца на прафіляктычныя гутаркі. Практычна гэта ўсё — гэта і ёсьць увесь „жастачайшы“ кантроль, які павінен быць. Але загваздка ў тым, што ніхто ня ведае і не разумее, на што распаўсюджваецца памілаваньне. Напрыклад, людзей пакаралі пазбаўленьнем волі і штрафам. Але рашэньня, самога акту памілаваньня на паперы ніхто ня бачыў, незразумела, што з штрафамі», — кажа праваабаронца.

У заканадаўстве нічога не сказана і пра памілаваньне людзей з выправаджэньнем іх з краіны ці пра памілаваньне з умовай, што грамадзянін Беларусі павінен выехаць з краіны, зьвяртае ўвагу Сьвятлана Галаўнёва.

«Нічога падобнага ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў іншых заканадаўчых актах няма. Вось прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант простым тэкстам казала, што Мікалая Статкевіча вярнулі ў калёнію таму, што ён адмовіўся зьяжджаць зь Беларусі. Атрымліваецца „памілаваньне з умовай пакінуць краіну“, але такога ў заканадаўстве не прадугледжана. То бок адны заявы на словах, заканадаўча гэта не замацавана», — рэзюмуе юрыстка «Вясны».

55 «тэрарыстаў»

Праваабаронца DissidentBY Марына Касінерава кажа, што ў сетках пашырааецца шмат неправеранай інфармацыі, пішуць пра асаблівыя ўмовы, абмежаваньні для тых, хто ў выніку перамоваў з амэрыканцамі быў вызвалены і застаўся ў Беларусі.

«Што да гэтай групы, то ніякіх асаблівых абмежаваньняў для яе няма. Яны такія ж самыя, як для ўсіх астатніх памілаваных або тых, хто выходзіць па сканчэньні тэрміну: суджанасьць не пагашана, трэба хадзіць у пастарунак і адзначацца.

Усё залежыць ад артыкулу: калі лёгкі (кшталту „народнага“ 342) — прафіляктычны ўлік. Калі цяжэйшы (напрыклад, 293) — нагляд, які вядуць некалькі гадоў, больш праверак», — тлумачыць Марына Касінерава.

Паводле праваабаронцы, з 235 чалавек, якіх пакінулі ў Беларусі, 55 маюць статус «тэрарыста» — сьпіс такіх складае КДБ. Вось для іх абмежаваньняў шмат.

«Калі такі чалавек уладкоўваецца на працу, ён ня можа адкрыць банкаўскі рахунак і атрымліваць грошы на карту. Ёсьць і іншыя фінансавыя абмежаваньні. На SІМ-карты тэарэтычна не павінна быць абмежаваньняў, яны не запісаныя ў законе, але многія людзі ня могуць падлучыцца да мабільнай сувязі.

„Тэрарыстам“ забаронены выезд з краіны, гэта трэба дадаткова абскарджваць. Ёсьць нефармальны ціск (складанасьці з працаўладкаваньнем ды іншае», — пералічвае праваабаронца.

Касінерава дадае, што да таго ж невядома, як чалавека выкрасьліць зь сьпісу «тэрарыстаў», як абскарджваць — гэтыя рэчы не прапісаныя ў заканадаўстве.

Радыё Свабода зьвярнулася да амэрыканскага боку перамоваў з уладамі Беларусі пра вызваленьне палітвязьняў з просьбай. Мы папрасілі пракамэнтаваць, ці былі дамоўленасьці, як праверыць, што людзей з узгодненых сьпісаў сапраўды вызвалілі. На момант публікацыі адказу мы не атрымалі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG