У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі былі ўвязьненыя больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.
19 сакавіка вызвалілі 250 чалавек. Дзяржаўныя СМІ назвалі гэта вызваленьнем паводле прынцыпу гуманізму, які праявіў Лукашэнка. Вядома, што 15 зь іх вывезьлі з краіны, 235 застануцца ў Беларусі. Пра гэта паведамілі ў амбасадзе ЗША ў Вільні, перадае Reuters.
«Сёньняшняе вызваленьне 250 чалавек — гэта важны гуманітарны этап і сьведчаньне прыхільнасьці прэзыдэнта да прамой, жорсткай дыпляматыі. Свабода — наша мэта. Мы выказваем глыбокую ўдзячнасьць нашым літоўскім партнэрам за іх ключавую ролю ў гэтай місіі», — напісаў Джон Коўл, апублікаваўшы фота зь літоўска-беларускай мяжы.
Праваабаронцы-вясноўцы адкрылі гарачую лініі для сваякоў вызваленых палітзьняволеных, яна працуе праз Тэлеграм пад адрасам @hotline202512.
Сярод вызваленых многія вядомыя асобы. У тым ліку:
Кацярына Бахвалава (Андрэева) — журналістка тэлеканалу «Белсат». У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» — і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы.
Кірыла Казей — жыхар Менску. Да затрыманьня працаваў у кампаніі, якая прадае кампутарную тэхніку. Жанаты, мае дзяцей 7 і 10 гадоў. Асуджаны на 7 гадоў за тое, што ў групе зь некалькіх чалавек прыйшоў пашкодзіць машыну кіроўцу BMW, які біў на вуліцы мужчыну з нацыянальным сьцягам. Пры асабістым вобшуку ў Казея, як падавала прапаганда, сканфіскавалі пнэўматычны пісталет бяз куляў і балёну, а на наступны дзень пры аглядзе аўтамабіля нібыта знайшлі сьцягі, улёткі, фаервэркі, лязэрныя ўказкі, ручную гранату і 58 патронаў.
Аляксандар Казьлянка — асуджаны на 7,5 году сябра Свабоднага прафсаюзу зь Берасьця. Праходзіў у справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» — берасьцейскіх анархістаў, якіх судзілі за ўдзел у пратэстах і «ў злачыннай арганізацыі».
Дзьмітры Кубараў — UX/UI дызайнэр, затрыманы ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Асуджаны на 8 гадоў.
Мікалай Куляшоў — былы мытнік, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Асуджаны на 5 гадоў за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», «крадзеж дакумэнтаў» і «незаконнае перасячэньне мяжы».
Наста Лойка — праваабаронца, сяброўка Праваабарончага цэнтру «Вясна», асуджаная на 7 гадоў нібыта за «распальваньне варожасьці або звады». Таксама вызваленыя іншыя праваабаронцы, Марфа Рабкова і Валянцін Стэфановіч. Рабкова была за кратамі зь верасня 2020 году, Стэфановіч — зь ліпеня 2021 году, Наста Лойка з кастрычніка 2022 году.
Сяргей Маўшук — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году, асуджаны за гэта на 6,5 году.
Эдуард Пальчыс — вядомы палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, грамадзкі дзеяч. Быў арганізатарам акцыяў і канцэртаў «БНР-100», «БНР-101». Асуджаны на 13 гадоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за «арганізацыю масавых беспарадкаў», «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «заклікі да дзеяньняў на прычыненьне шкоды Рэспубліцы Беларусь» і «распальваньне варожасьці або звады».
Мікіта Залатароў — хворы на эпілепсію, трапіў на «строгі рэжым» пасьля дадатковай справы пра напад на турэмнікаў ужо за кратамі. Агулам асуджаны на 4,5 году турмы, адпраўлены пад арышт яшчэ падлеткам. Адным з трох артыкулаў, паводле якіх судзілі Залатарова, былі «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
Алег Супрунюк — вядомы берасьцейскі журналіст, які мае інваліднасьць у слыху. Яго асудзілі паводле абвінавачваньня ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» на 3 гады калёніі.
19 сакавіка таксама стала вядома, што ЗША здымаюць санкцыі зь «Белінвэстбанку», Банку разьвіцьця Беларусі і Міністэрства фінансаў. Акрамя гэтага, з усіх санкцыйных сьпісаў выключаныя Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій». Пра гэта на сустрэчы з Лукашэнкам паведаміў Джон Коўл.
Каго вызвалілі раней
Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.
13 сьнежня 2025 году стала вядома пра вызваленьне 123 палітзьняволеных, у тым ліку нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі і кіраўніцы ягонага штабу Марыі Калесьнікавай, аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца і іншых.
Пазьней стала вядома, што 5 вызваленых грамадзян Украіны і 104 вызваленых грамадзян Беларусі вывезьлі ва Ўкраіну.
Памілаваньне адбылося ў рамках дасягнутых дамоўленасьцяў паміж уладамі ЗША і Беларусі.
11 верасьня 2025 году пасьля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША вызвалілі 51 палітычнага вязьня, у тым ліку Ўладзімера Мацкевіча, вядомага інтэлектуала, Міколу Дзядка, анархіста і журналіста, журналістку Ларысу Шчыракову, былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча, лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука ды іншых.
У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.
Раней у 2025 годзе прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.
12 лютага зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.
Намаганьні Дональда Трампа ў вызваленьні беларускіх палітвязьняў
5 верасьня 2025 году на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць якіх — палітвязьні.
Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».
Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».
Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».
Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.
Зь сярэдзіны 2024 году улады Беларусі вызвалілі некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі зьмякчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.