Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вывезеныя ў Літву палітвязьні сказалі журналістам. ВІДЭА, ФОТА

абноўлена
Кацярына Андрэева ў абдымках рэдактаркі Белсату Аліны Коўшык
Кацярына Андрэева ў абдымках рэдактаркі Белсату Аліны Коўшык

Вывезеныя зь Беларусі ў Літву палітвязьні далі першыя камэнтары пасьля зьняволеньня. Свабода вяла жывую трансьляцыю зь месца падзеі ў Вільні.

Першыя словы на волі Кацярыны Андрэевай, журналісткі тэлеканалу «Белсат», якая правяла ў зьняволеньні 5 гадоў і 4 месяцы:

«Выказваю вялікую ўдзячнасьць у першую чаргу прэзыдэнту Дональду Трампу, спэцпасланьніку ЗША ў справах Беларусі спадау Джону Коўлу і ягонай камандзе. Таксама вялікі сардэчны дзякуй літоўскаму боку, які прымаў нас — вельмі цёплы прыём. Стрыманая ўдзячнасьць беларускаму боку за тое, што гэта стала магчымым. І я спадзяюся, што працягнецца вызваленьне людзей, працягнецца гэты працэс, працягнуцца перамовы, якія дазваляюць людзям выходзіць на волю».

Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

«На жаль, мой муж, журналіст Ігар Ільяш, застаецца на сёньняшні дзень у калёніі, і гэта вельмі балюча для мяне. Я думаю, што ягонае вызваленьне будзе справай майго жыцьця ў найбліжэйшы час. Я прыкладу ўсе намаганьні, усё, што ад мяне залежыць, я для гэтага зраблю. Ігар павінен быць на волі», — сказала Кацярына Андрэева.

Палітычны блогер Эдуард Пальчыс правёў за кратамі 5,5 гадоў:

«Пляны на вечар — пазнаёміцца з дачкой, зразумела, бо я яе ні разу ня бычыў. Прывыкнуць да гэтага сьвету. Прывыкаць да людзей, што вы ёсьць, што вас столькі шмат!»

Эдуард Пальчыс пасьля вызваленьня
Эдуард Пальчыс пасьля вызваленьня

Валянцін Стэфановіч сказаў, што дагэтуль яшчэ не патэлефанаваў сваёй сям’і, бо ня памятае нумароў, да таго ж ранкам 19 сакавіка ён яшчэ сядзеў у турме ў Беларусі.

«Выводзілі даволі жорстка. Апранулі на галовы шапкі, каб мы нічога не бачылі, кайданкі. І так вось мы ехалі з Магілёва да Мінску ў такім стане. І потым, калі прыехалі на новае СІЗА, я нават не зразумеў, куды мы прыехалі нават. Думаў, што ў Жодзіна. Але гэта апынулася новае СІЗА, — распавёў Валянцін Стэфановіч. — Я ня мог перапісвацца са сваёй жонкай і з дзецьмі, бо яны за мяжой. Але я мог званіць — толькі з магілёўскай крытай. А з калёніі мне забаранілі званіць родным. Таму я толькі з мамай і сястрой камунікацыю меў, больш ні з кім — іншыя людзі не маглі мне пісаць».

Валянцін падзякаваў усім, хто спрычыніўся да гэтай падзеі:

«Праваабарончыя арганізацыі, і міжнародныя, і нашы беларускія. І вынікам таго дыялёгу, які адбыўся, ёсьць вызваленьне. Я лічу, што дзеля вызваленьня можна весьці дыялёгі, — сказаў Стэфановіч. — Я думаю, што буду працягваць займацца правааброчнай дзейнасьцю, бо гэта патрэбна зараз. Патрэбна як ніколі нашай краіне. Трэба дамагацца вызваленьня ўсіх, хто зараз знаходзіцца ў турмах. Вельмі шмат людзей там засталося — і тых, каго я ведаю, і тых, каго ня ведаю».

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Мікіту Залатарова затрымалі ў 16-гадовым узросьце. Быў у зьняволеньні ад 11 жніўня 2020 году. Хлопец хварэе на эпілепсію. Адзначыў, што яшчэ тры дні таму ён быў пад кропельніцай у лякарні. Ён вельмі ўдзячны за цёплы прыём на волі і заявіў, што марыць вярнуцца ў Беларусь.

«Цяжка было. Здолеў, выцерпеў. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, змагу вярнуцца ў сваю краіну, у горад, дзе нарадзіўся. А цяпер буду тут. Гэта мой другі дом. Усе мяне так добра прынялі, так клапоцяцца. Такога клопату нават у дзяцінстве ня меў».

Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

19 сакавіка пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 250 палітычных зьняволеных. Дзяржаўныя СМІ назвалі гэта вызваленьнем паводле прынцыпу гуманізму, які праявіў Лукашэнка. Вядома, што 15 зь іх вывезьлі з краіны, 235 застануцца ў Беларусі. Пра гэта паведамілі ў амбасадзе ЗША ў Вільні, перадае Reuters.

«Сёньняшняе вызваленьне 250 чалавек — гэта важны гуманітарны этап і сьведчаньне прыхільнасьці прэзыдэнта да прамой, жорсткай дыпляматыі. Свабода — наша мэта. Мы выказваем глыбокую ўдзячнасьць нашым літоўскім партнэрам за іх ключавую ролю ў гэтай місіі», — напісаў Джон Коўл, апублікаваўшы фота зь літоўска-беларускай мяжы.

У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі былі ўвязьненыя больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG