Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BySol адкрыў тэрміновы збор для вызваленых 19 сакавіка 2026 году. Пажаданую агульную суму дапамогі павялічылі

абноўлена
Налепкі BySol
Налепкі BySol

Імёны вызваленых пакуль не канчаткова вядомыя, але ўжо пачаўся збор, каб дапамагчы ім.

Фонд плянуе выплаціць мінімум па €1000 кожнаму. Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасьля вызваленьня: знайсьці пры патрэбе часовае жыльлё, набыць адзеньне і лекі, аднавіць дакумэнты.

Выплаты пачнуцца пасьля завяршэньня збору 31 сакавіка 2026 году.

«Наша мэта — каб кожны чалавек, выходзячы на свабоду, адчуваў, што пра яго не забыліся, яго чакалі. І ў яго ёсьць людзі, гатовыя дапамагчы: мы з вамі», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.

Празь некалькі хвілін пасьля абвяшчэньня збору мэту павялічылі з 100 да 250 тысяч эўра. Гэта зьвязана з тым, што стала вядомая колькасьць вызваленых — 250 асобаў.

«Значная частка зь іх застаецца пасьля вызваленьня ў Беларусі, аднак наш досьвед працы з вызваленымі паказвае, што пасьля выхаду на волю сілавікі і ўлады ствараюць невыносныя ўмовы для жыцьця: пагрозы, вобшукі, немагчымасьць знайсьці працу. Часта людзі вымушаныя пакінуць краіну», — адзначае фонд на сваёй старонцы.

Вызваленыя, што застануцца ў Беларусі, маюць права атрымаць дапамогу з тэрміновага збору згодна з правіламі.

Як будзе працаваць збор і выплачвацца дапамога, можна пачытаць тут.

19 сакавіка пасьля чарговай сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітычных зьняволеных. Вядома, што 15 зь іх вывезеныя з краіны, 235 застануцца ў Беларусі. У адказ ЗША зьнялі санкцыі зь «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і Міністэрства фінансаў. Акрамя гэтага, з усіх санкцыйных сьпісаў выключаныя Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG