Гэтыя пытаньні ў праграме «ПіК Свабоды» абмяркоўваюць былыя палітвязьні Павал Севярынец і Юрась Зянковіч, кіраўнік каманды збораў фонду BySol Аляксандар Кухта, прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва і стваральнік ініцыятывы BelAid Андрэй Стрыжак.
00:00 – Уступ
0:42 – Павал Севярынец камэнтуе свой пасьпяховы збор
2:34 – Юрась Зянковіч крытыкуе зборы на грамадзкую дзейнасьць
5:59 – Аляксандар Кухта пра тое, на што беларусы ахвотныя данаціць
20:02 – Гісторыя Аляксандра Паўлавіцкага, які адседзеў за данаты
22:05 – Сьвятлана Галаўнёва пра вязьняў, засуджаных за данаты
25:20 – Андрэй Стрыжак пра бясьпеку, BelAid і рэпутацыйныя страты
Павал Севярынец:
— Збор на аднаўленьне грамадзкай дзейнасьці мы падрыхтавалі за некалькі дзён, і калі каманда BySol сказала нам, што ён ужо выстаўлены, папрасілі паставіць спасылку ў сваіх сацыяльных сетках, я падумаў, што назаўтра гэта і зраблю. Калі раніцай мы падняліся, то як толькі [мая жонка] Волечка ўключыла тэлефон, яна кажа: «Ужо сабралі».
Мы не пасьпелі нават нават паставіць спасылкі на гэты збор у сацыяльныя сеткі, — на друкаваньне кнігаў, на відэа па беларускай культуры і беларускім мэнталітэце — як практычна за некалькі гадзінаў ён сабраны.
Тут і беларуская салідарнасьць, якая на парадак вышэйшая, чым была да 2020 году, тут і ўвага да тэмы беларускай культуры. Ну і, магчыма, таксама працуе пэўная вядомасьць і рэха вызваленьня з турмы. Гэта неймаверна ўражвае.
Юрась Зянковіч
— На маю думку, зборы мусяць быць вельмі канкрэтныя і на тое, без чаго сапраўды абысьціся нельга. То бок, калі вывозяць групу з 50-100 чалавек за мяжу, проста выкідваюць з краіны, і людзям трэба забясьпечыць элемэнтарныя жыцьцёвыя ўмовы — дзе жыць, што есьці, як рухацца, як размаўляць.
Я не кажу, што палітыкі ўвогуле ня маюць права жыць за чужыя грошы, за грошы сваіх выбарнікаў, умоўна кажучы. Але галоўнае — гэта адказнасьць. Трэба мець адказ на пытаньне, калі ж нарэшце гэтыя зборы скончацца і калі чалавек зможа быць фінансава самастойным.
Калі мы зьбіраем грошы на зьмены ў Беларусі, тады хаця б давайце складзем канкрэтны плян зьменаў у Беларусі і ўжо тады, калі людзі будуць лічыць гэты плян рэалістычным, мы можам арганізоўваць зборы грошай.
Аляксандар Кухта
— Наш моцны бок, тое, што мы ўмеем, чым мы ганарымся і за што дзякуем усім беларусам, — гэта данаты людзям ва ўразьлівым стане. Але ў нас пакуль што ня вельмі добра атрымоўваюцца зборы на грамадзкія ініцыятывы. І мы разумеем, што Павал Севярынец — гэта хутчэй выключэньне. Таму што ён мае імя, біяграфію. Людзі данацілі Паўлу Севярынцу ня столькі на яго грамадзкую дзейнасьць, колькі на самога Паўла Севярынца.
Можна зайсьці на старонку ініцыятывы BySol і зразумець, што наша аўдыторыя ня вельмі спачувае такім «грамадзкім гісторыям». Але мы працуем, каб зь цягам часу людзі таксама зьвярталіся і да грамадзкіх ініцыятываў. Бо мы разумеем, што змагацца з рэжымам можна і трэба рознымі шляхамі.
Сьвятлана Галаўнёва
— За праявы салідарнасьці зь беларусамі ў зьняволеньні самі патрапілі і зараз знаходзяцца ў зьняволеньні 22 чалавекі. Гэта ў асноўным жанчыны і ў асноўным жанчыны прычым жанчыны сталага ўзросту. У асноўным гэта затрыманыя па справе ініцыятывы INeedHelpBY.
Я б зьвярнула ўвагу на палітзьняволеную Алену Вярбіцкую. Ёй 70 гадоў і яна ў зьняволеньні. Мы, на жаль, ня ведаем дэталяў яе справы, але, судзячы па даце затрыманьня і па артыкулах абвінавачаньня, вельмі верагодна, што гэта было якраз па рэйдах супраць IneedHelpBY.
Таксама даволі вядомы гучны выпадак перасьледу Ірыны Такарчук — маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук. Ірыне Такарчук 65 гадоў і яна таксама ў зьняволеньні.
Андрэй Стрыжак
— Сілавікі праяўляюць вялікую цікаўнасьць і да людзей, якія выехалі зь Беларусі. Абсалютна чакана, што яны ўзяліся за дыяспару, «зачысьціўшы» поле ўнутры краіны.
Трэба быць пільнымі і не даваць такой інфармацыі, якая можа быць выкарыстаная супраць вашых сваякоў. Ня варта, вашым жа сваякам расказваць нейкія дэталі вашай дзейнасьці, што можа трапіць у рукі сілавікоў.
Плюс трэба разумець, што, калі да вас зьвяртаюцца нейкія старыя знаёмцы, саслужыўцы альбо, напрыклад, аднакурсьнікі ва ўнівэрсытэце, зь якімі вы ня бачыліся 10-15 гадоў, гэта званочак, што чалавек можа быць вымушаны да такога кантакту. Мы фіксуем такія сытуацыі. Я са сваімі калегамі ведаю пра гісторыі, калі сілавікі такім чынам спрабавалі ціснуць на людзей, якія з вамі асабіста знаёмыя. І так яны спрабуюць усталяваць кантакт для таго, каб узьдзейнічаць на вас альбо атрымаць нейкую інфармацыю.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум