Пра тое, што і групе вызваленых 19 сакавіка 2026 году людзей не далі дакумэнтаў, у тым ліку пашпартоў, сказаў у этэры Свабоды дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
«Зараз, на момант нашай размовы, заканчваецца працэдура дапамогі з афармленьнем дакумэнтаў апошняга чалавека з 15. У іх няма дакумэнтаў, няма пашпартоў. Гэта зноў адзін з такіх мэтадаў, якія выкарыстоўвае рэжым, каб ускладніць жыцьцё нашым героям».
Кучынскі падзякаваў за падтрымку Літве і літоўскім інстытуцыям: службе міграцыі, памежнай службе, міністэрствам замежных справаў і ўнутраных справаў. А таксама арганізацыям, якія працуюць у Літве, за дапамогу беларускім палітвязьням, як, напрыклад, Freedom House.
«Сапраўды гэта вельмі важны дзень, бо гэта адно з найбольшых вызваленьняў — 235 чалавек, якія вызваленыя ўнутры краіны і застануцца, а 15 прыедуць зараз сюды. Мы былі ў пастаянным кантакце з нашымі амэрыканскімі калегамі, я ўчора таксама сустракаўся зь імі перад візытам. Таму вельмі-вельмі ўдзячны і спадзяемся, што будуць вызваленьні і далей».
Кучынскі спадзяецца, што рэпрэсіі спыняцца і праца дзеля вяртаньня ў Беларусь працягнецца.
Форум