Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як віталі вызваленьне палітвязьняў Ціханоўская, Статкевіч, Бяляцкі, Калесьнікава і Бабарыка

Вызваленыя 19 сакавіка палітвязьні з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША Крыстафэрам Сьмітам і Джонам Коўлам
Вызваленыя 19 сакавіка палітвязьні з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША Крыстафэрам Сьмітам і Джонам Коўлам

Лідэры беларускага дэмакратычнага і праваабарончага руху віталі вызваленьне палітвязьняў з турмаў Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская: «Нашая мэта — каб на волю выйшлі ўсе, а рэпрэсіі нарэшце спыніліся»

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«250 палітзьняволеных на волі і змогуць абняць сваіх блізкіх. Гэта заўсёды самы радасны момант: калі чалавек, які прайшоў празь несправядлівае зьняволеньне, зноў побач зь сямʼёй. Вельмі важна тое, што дзякуючы намаганьням ЗША 235 чалавек засталіся дома, у Беларусі, побач з роднымі. 15 чалавек вывезеныя ў Літву — яны ўжо знаходзяцца ў бясьпецы і ім будзе аказана ўся неабходная падтрымка.

Я шчыра ўдзячная Дональду Трампу, Джону Коўлу, Крысу Сьміту і амэрыканскай адміністрацыі, якая нястомна працуе над вызваленьнем людзей. Гэтыя гуманітарныя намаганьні даюць вынік і ратуюць жыцьці. Я таксама дзякую ўсім нашым партнэрам, якія разам з намі настойліва дамагаюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў, спыненьня рэпрэсіяў і сапраўдных перамен у Беларусі.

Але вельмі важна памятаць: шмат людзей усё яшчэ за кратамі. Нашая мэта — каб на волю выйшлі ўсе, а рэпрэсіі нарэшце спыніліся. Каб кожны і кожная маглі вярнуцца дадому», — напісала беларуская дэмакратычная лідэрка.

Мікола Статкевіч: «Вы — гонар і сумленьне нашай нацыі»

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Вітаю вас на волі! Вы — гонар і сумленьне нашай нацыі.

Марына і я радуемся разам з роднымі вызваленых і сумуем разам з тымі, хто пакуль не дачакаўся сваіх любімых, сваіх каханых на волі. Самых небясьпечных яны аддаюць апошнімі. Небясьпечных — тых, хто, на думку рэжыму, захаваў годнасьць і прагу свабоды для нашай краіны. Сіл вам і мужнасьці дачакацца. Мы — з вамі.

Мы ўдзячныя ўрадам дэмакратычных краін, усім, хто спрычыніўся да вашага вызваленьня!

Веру, што і ўсе беларусы дачакаюцца Свабоды», — напісаў Мікола Статкевіч у сваім тэлеграм-канале.

Алесь Бяляцкі: «Сёньня для нас радасны дзень»

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Я бязьмерна рады, як і ўсе мае калегі, вызваленьню нашых сяброў, нашых калег: Валянціна Стэфановіча, Марфы Рабковай і Насты Лойкі. Тое, чаго мы чакалі — я непасрэдна апошнія тры месяцы, а мае калегі фактычна больш за пяць гадоў — тое і збылося. Бо Марфа Рабкова адседзела пяць з паловай гадоў, Валянцін Стэфановіч — чатыры з паловай гады, Наста Лойка адседзела некалькі гадоў. І гэта была абсалютная несправядлівасьць, так не павінна было быць.

Тое, якія тэрміны ў іх былі, — гэта была вялікая несправядлівасьць. Гэтыя гады барацьбы за нашую свабоду, а ў апошнія месяцы канкрэтна за іх свабоду, далі свой плён. І іх вызваленьне зьяўляецца вынікам намаганьняў шматлікіх людзей, арганізацый, дзяржаваў, у тым ліку і нас, і нашых намаганьняў — Правабарончага цэнтру „Вясна“ і іншых беларускіх праваабаронцаў.

Сёньня для нас радасны дзень, і разам з намі тысячы людзей таксама радуюцца гэтай навіне.

Але мы не забываем, што за кратамі застаецца амаль тысяча палітвязьняў. І мы працягваем змагацца за іх вызваленьне», — перадае словы Алеся Бяляцкага «Вясна».

Марыя Калесьнікава: «Гэта важны напамін пра тое, як важна працягваць, не здавацца»

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

«Для мяне гэта вельмі асабісты і доўгачаканы момант — я так чакала аднаўленьня працэсу.

Я шчыра ўдзячная адміністрацыі Трампа, спэцпасланьніку Джону Коўлу, намесьніку памочніка дзяржаўнага сакратара Крысу Сьміту за прыкладзеныя намаганьні, і ўсім, хто не перастае змагацца за свабоду палітвязьняў у Беларусі. Гэта вялізны крок — і ён патрабуе велізарнай палітычнай волі і жаданьня.

За кожным вызваленьнем — лёсы, сем’і, гады чаканьня. І кожны такі момант — гэта ня проста навіна, гэта вяртаньне да жыцьця, гэта выратаваныя жыцьці.

Гэта важны напамін пра тое, як важна працягваць, не здавацца і быць побач адно з адным!» — напісала Марыя Калесьнікава.

Віктар Бабарыка: «Зь вяртаньнем вас!»

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

«Дарагія сябры! Як жа хочацца апынуцца побач з тымі 250 героямі, хто сёньня выйшаў на волю і зноў змог абняць сваіх родных і блізкіх, сяброў і знаёмых, ды і проста паглядзець удалечыню і ўбачыць не сьцяну ці плот з калючым дротам, а блакітнае неба, зялёныя палі і яркае сонца.

У жыцьці няма нічога даражэйшага, чым любоў людзей і павага да самога сябе. У вас гэта было, засталося і, я ўпэўнены, што захаваецца назаўжды. Але самае галоўнае — вы перадасьце гэта сваім дзецям і ўнукам.

Зь вяртаньнем вас!!!» — напісаў Віктар Бабарыка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG