19 лістапада ў Менску праходзіла нарада з удзелам дзяржаўнага сакратара Савету Бясьпекі Аляксандра Вальфовіча. У навіне, апублікаванай news.by а 18:34 менскага часу, Вальфовіч заявіў пра адсутнасьць афіцыйных паведамленьняў зь літоўскага боку:
«У сродках масавай інфармацыі зьяўляюцца нейкія паведамленьні пра тое, што ўрад Літвы зьбіраецца адкрыць закрытыя імі ж пункты пропуску. Пры гэтым, бачачы непасьлядоўныя, неканструктыўныя крокі літоўскага ўраду, мы сочым за сытуацыяй, трымаем яе на пастаянным кантролі. Таму з усімі зацікаўленымі абмеркавалі сытуацыю. На жаль, ніякіх афіцыйных апавяшчэньняў ні аб закрыцьці пунктаў пропуску, ні аб адкрыцьці, як гэтага патрабуюць міжнародныя дамовы, на сёньня не паступала».
Але ўжо, а 19:19 Беларускі памежны камітэт напісаў, што атрымаў афіцыйнае паведамленьне ад Літвы пра адкрыцьцё мяжы, а таксама запэўніў, што памежнікі Беларусі гатовыя аднавіць пропуск транспартных сродкаў праз свае пункты.
Урад Літвы 19 лістапада вырашыў адкрыць два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца, а 1-й гадзіне па беларускім часе 20 лістапада.
Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене растлумачыла рашэньне ўраду:
«Апошнім часам мы назіраем вельмі значнае зьніжэньне перавозак кантрабанды паветраным транспартам, што прывяло да зьніжэньня рызыкі і пагроз для нацыянальнай бясьпекі, грамадзянскай авіяцыі і нашага грамадзтва».
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч на пасяджэньні ўраду заявіў, што абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы, устаноўленыя раней, больш не патрэбныя.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум