Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў на волю былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка


Віктар Бабарыка ў калёніі, студзень 2025
Віктар Бабарыка ў калёніі, студзень 2025

Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што сярод вызваленых ёсьць і былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка.

Пасьля студзеня 2025 году сілавікі фактычна вярнулі Віктара Бабарыку ў рэжым інкамунікада. 9 лістапада яму споўнілася 62 гады. Гэта шостыя народзіны, якія былы старшыня «Белгазпрамбанку» адзначаў у няволі.

Апошні раз публічныя зьвесткі ад Віктара Бабарыкі публікаваў у студзені 2025 года былы апазыцыйны актывіст Раман Пратасевіч, які зьмясьціў у сваім тэлеграм-канале фатаграфію і відэазварот Бабарыкі да родных. З таго часу невядома, ці даходзяць лісты Віктара Бабарыкі да блізкіх.

Адзін з былых палітвязьняў Наваполацкай калёніі, імя якога мы не называем зь меркаваньняў бясьпекі, распавёў Свабодзе пра Бабарыку.

«У жніўні Віктара Бабарыку вярнулі ў атрад і ён зноў пачаў выходзіць на працу ў пякарню. Але яго вадзіў туды кантралёр. Гэта робіцца, каб ніхто ня мог падыйсьці і загаварыць. Пазьней, па маіх зьвестках, ён стаў выходзіць на працу ў складзе атраду, але асобны рэжым для яго, калі ніхто не можа загаварыць, працягваецца», — расказаў былы палітзьняволены.

Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 году разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў. Паводле зьвестак ягонага штаба, іх было сабрана больш за 430 тысяч, а пададзена ў ЦВК — 365 тысяч. Затрыманьне старэйшага і малодшага Бабарыкаў праводзіў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў. У той жа дзень Віктара Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

6 ліпеня 2021 году суд Маскоўскага раёну Менска прызнаў Віктара Бабарыку вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК) ды асудзіў былога кандыдата на прэзыдэнта, які гэтак і не прызнаваў віну, на 14 гадоў зьняволеньня. Таксама былога банкіра пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёў (пяць тысяч базавых велічыняў), ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта нанесеную ім шкоду.

Падчас утрыманьня ў наваполацкай калёніі № 1 Віктара Бабарыку некалькі разоў зьмяшчалі ў ШАЗА і ПКТ. У 2023 годзе стала вядома, што палітвязень трапляў у шпіталь у стане сярэдняй цяжкасьці. Па зьвестках ад іншых вязьняў у Бабарыкі знайшлі вадкасьць у лёгкіх.

З пачатку лютага 2023 года Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада, які працягваўся больш за паўтара года і ў пачатку 2025 году фактычна аднавіўся. Сын Бабарыкі Эдуард — таксама палітвязень, ён асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня і адбывае пакараньне ў жодзінскай турме № 8 на турэмным рэжыме.

Віктар Бабарыка ўдавец, ягоная дачка Марыя пражывае за мяжой.


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG