Літва пакуль ня будзе патрабаваць новых санкцый супраць Менску, — дыпляматычныя крыніцы

Сьцяг Літвы
Сьцяг Літвы

З адкрыцьцём мяжы зь Беларусьсю літоўскі ўрад таксама вырашыў зьмякчыць рыторыку ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, каб паглядзець, наколькі сур’ёзныя намеры ў рэжыму Лукашэнкі што да дээскаляцыі памежнага канфлікту.

Як стала вядома Свабодзе ад дыпляматычных крыніц у Вільні, Літва ня будзе пакуль патрабаваць новых санкцый супраць Менску «за гібрыдную атаку з выкарыстаньнем бесьпілётных лётных апаратаў».

19 лістапада ўрад Літвы прыняў рашэньне адкрыць 20 лістапада, раней за заплянаваны тэрмін, два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, закрытыя ў канцы кастрычніка. Мяжу закрывалі праз інцыдэнты з паветранымі балёнамі, якія масава прыляталі з боку Беларусі, пагражалі авіяцыі і грамадзкай бясьпецы Літвы.

«Апошнім часам мы назіраем значнае зьніжэньне перавозак кантрабанды паветраным транспартам, што прывяло да зьніжэньня рызыкі і пагроз для нацыянальнай бясьпекі, грамадзянскай авіяцыі і нашага грамадзтва», — заявіла прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене.

Яшчэ два дні таму, 17 лістапада, на пасяджэньні Рады Эўразьвязу ў агульных пытаньнях намесьнік міністра замежных справаў Літвы Сігітас Міткус заклікаў разгледзець новыя санкцыі супраць «адказных беларускіх чыноўнікаў і ўстановаў» за дзеяньні, «накіраваныя на парушэньне паветранай прасторы Літвы з выкарыстаньнем кантрабандных балёнаў».

​
XS
SM
MD
LG