Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніўся выбар беларусаў паміж Расеяй і Эўропай за 20 гадоў


Сьцісла

  • Беларускія незалежныя дасьледныя цэнтры фіксавалі перавагу прарасейскіх настрояў на працягу вялікага часовага прамежку.
  • Адказы на пытаньні пра геапалітычны выбар істотна залежаць ад фармулёўкі пытаньня.
  • Аднак дынаміка паказьнікаў геапалітычнага выбару аказваецца падобнай незалежна ад спосабу правядзеньня апытаньняў і фармулёвак пытаньняў.

Як цягам двух дзесяцігодзьдзяў мяняўся зьнешнепалітычны выбар беларусаў паміж Расеяй і Эўразьвязам? Свабода супаставіла дадзеныя апытаньняў розных дасьледчых цэнтраў.

Эўразьвяз і эўрапейскі выбар беларусаў

На гэтым тыдні эўракамісарка ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Марта Кос гэтак адказала на пытаньне пра пэрспэктыву сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе: «Усё будзе залежаць ад вас, ад беларускага народу: ці хочаце вы бачыць сваю будучыню ў складзе Эўразьвязу і ці гатовыя вы прыняць гэтае рашэньне».

Ці хацелі і хочуць беларусы бачыць сваю будучыню ў складзе ЭЗ? На мінулым тыдні горача абмяркоўваліся вынікі сёлетняга апытаньня праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House, сярод якіх былі і адказы на пытаньне аб геапалітычным выбары паміж Эўразьвязам і Расеяй.

У справаздачы аб апошнім дасьледаваньні прыводзіліся і дадзеныя апытаньняў за апошнія 5 гадоў, пачынаючы з верасьня 2020 году.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

Апытаньні «Беларускай ініцыятывы» брытанскага Chatham House маюць шэраг асаблівасьцяў. Яны праводзяцца онлайн сярод гараджанаў Беларусі, якія маюць доступ да інтэрнэту. Такім чынам, яны рэпрэзэнтуюць ня ўсё насельніцтва краіны, а яе гарадзкую інтэрнэтызаваную частку (пранікненьне інтэрнэту, паводле сьвежых дадзеных , сягае 94,3% усяго насельніцтва Беларусі).

Варта таксама ўлічваць, што прапанаваныя варыянты адказаў на пытаньне аб геапалітычным выбары акрамя саюзу з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз прадугледжвалі як саюз з РФ і ЭЗ адначасова, гэтак і нэўтральны статус па-за межамі саюзаў.

Гэтыя дадзеныя цікава супаставіць з паказчыкамі іншых сацыялягічных цэнтраў.

Геапалітычныя перавагі беларусаў вывучала таксама міжнародная ініцыятыва iSANS. У 2023-2025 iSANS, як і «Беларуская ініцыятыва» Chatham House, праводзіла апытаньні онлайн сярод гарадзкога інтэрнэтызаванага насельніцтва Беларусі.

Адказы на пытаньні аб геапалітычным выбары прадстаўленыя на наступных графіках.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІКІ Ў ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

«Геапалітычныя» пытаньні ў дасьледаваньнях iSANS адрозьніваліся ад пытаньняў «Беларуская ініцыятывы» Chatham House. ISANS у дадатак да варыянту саюзу з Расеяй прапаноўваў саюз з Эўразьвязам (а не ўступленьне ў ЭЗ), а таксама саюз з Кітаем і статус па-за любымі саюзамі. Аднак ёсьць пэўнае падабенства з дадзенымі «Беларускай ініцыятывы»: перавага выбару на карысьць саюзу з Расеяй у iSANS нават большая, чым у «Беларускай ініцыятывы»; другое месца — у нэўтральнага статусу; і прыблізна 15% — за эўрапейскі выбар (прыкладна столькі ж, колькі ў «Беларускай ініцыятывы» у апытаньнях, праведзеных у тыя ж часовыя прамежкі).

Пытаньне аб геапалітычным выбары паміж Эўропай і Расеяй беларускія сацыёлягі задавалі з пачатку ХХІ стагодзьдзя.

На наступным графіку прыведзеныя вынікі апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) за 14 гадоў, з 2003-га па 2016 год, калі ўлады Беларусі разграмілі арганізацыю.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

Калі б вам давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўрапейскі Зьвяз, што б вы выбралі?, у %, НІСЭПД

НІСЭПД рабіў апытаньні шляхам правядзеньня асабістых інтэрвію з рэспандэнтамі (face-to-face), адбор рэспандэнтаў ажыцьцяўляўся пры дапамозе квотнай выбаркі. Вынікі апытаньняў былі рэпрэзэнтатыўныя адносна ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі.

Пытаньне аб геапалітычных перавагах у апытаньнях НІСЭПД задавалася як выбар паміж дзьвюма варыянтамі — «абʼяднаньнем з Расеяй» і «далучэньнем да Эўразьвязу».

У большасьці кропак назіраньня апытаньні НІСЭПД фіксавалі перавагу прарасейскіх настрояў. Аднак пэрыяд з лета 2009 году да канца 2013 году характарызаваўся раўнавагай паміж дзьвюма варыянтамі геапалітычнага выбару, у 10 апытаньнях фіксавалася перавага праэўрапейскіх настрояў.

Нагодай для разгрому Інстытуту былі абвінавачваньні афіцыйнай прапаганды на адрас НІСЭПД у фальсыфікацыі дадзеных. Тады ж, у 2016 годзе НІСЭПД ініцыяваў праверку сваёй дзейнасьці з боку WAPOR — Міжнароднай асацыяцыі дасьледчыкаў грамадзкай думкі. Рэвізія абвергла абвінавачваньні на адрас НІСЭПД і пацьвердзіла карэктнасьць дасьледчых мэтадаў, якія выкарыстоўваў Інстытут.

Геапалітычны выбар на працягу 20 гадоў

Геапалітычныя перавагі беларусаў вывучалі таксама два дасьледныя цэнтры пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага — сацыялягічная лябараторыя «Новак» і Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ). Да 2020 году гэтыя цэнтры рабілі апытаньні шляхам правядзеньня асабістых інтэрвію з рэспандэнтамі (face-to-face), адбор рэспандэнтаў ажыцьцяўляўся пры дапамозе квотнай выбаркі. З 2019 году апытаньні рабіліся праз тэлефон, шляхам выпадковага адбору нумароў. Вынікі абодвух спосабаў апытаньняў былі рэпрэзэнтатыўныя адносна ўсяго дарослага насельніцтва Беларусі.

Пытаньне аб геапалітычных перавагах у апытаньнях «Новака» і БАМ задавалася як выбар паміж дзьвюма варыянтамі — «саюзам з Расеяй» і «далучэньнем да Эўразьвязу».

Дадзеныя гэтых апытаньняў з 2004-га па 2024 год прадстаўленыя ў наступным графіку.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепей жыць народу Беларусі: у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй?, у %, Лябараторыя «Новак» і Беларуская аналітычная майстэрня

На працягу амаль усяго пэрыяду дасьледаваньняў апытаньні «Новака» і БАМ фіксавалі перавагу прарасейскіх арыентацыяў над праэўрапейскімі. Адзінае выключэньне — лістапад 2020 году, калі доля прыхільнікаў далучэньня Беларусі да ЭЗ перавысіла долю тых, хто выказваўся за саюз з Расеяй.

У некаторыя іншыя пэрыяды адсоткі прарасейскіх і праэўрапейскіх арыентацыяў амаль супадалі (травень 2004 году, травень 2011 году), у некаторыя іншыя пэрыяды — 2014-2018 гады і пасьля 2021 году — перавага прарасейскіх настрояў была велізарнай.

Апытаньні НІСЭПД і «Новака» і БАМ у 2004-2016 гадах былі шмат у чым падобныя — яны праводзіліся аднолькавымі мэтадамі, у абодвух прапаноўвалася выбраць паміж толькі дзьвюма варыянтамі геапалітычнага выбару — Расеяй і Эўропай.

Аднак фармулёўкі пытаньняў былі крыху адрозныя, у апытаньнях НІСЭПД варыянт інтэграцыі з Расеяй фармуляваўся як «Абʼяднаньне з Расеяй», у апытаньнях «Новака» — як «Саюз з Расеяй». Абʼяднаньне не азначае зьліцьця ў адну дзяржаву, скажам, Нямеччына і Францыя абʼяднаныя ў Эўразьвязе. Аднак частка рэспандэнтаў маглі ўспрымаць фармулёўку пра абʼяднаньне менавіта як зьліцьцё ў адну дзяржаву. У той жа час фармулёўка «Новака» і БАМ пра саюз была больш «мяккай», пагатоў увесь пэрыяд назіраньняў Беларусь з Расеяй і знаходзілася ў разнастайных саюзах.

Грамадзкая думка чуйная да нават невялікіх адрозьненьняў у фармулёўках пытаньняў. У выніку ўзровень прарасейскіх настрояў у апытаньнях НІСЭПД заўсёды фіксаваўся на больш нізкім узроўні, чым у апытаньнях «Новака».

Геапалітычны выбар у апытаньнях розных дасьледных цэнтраў — падабенства і адрозьненьні

На наступным графіку прыведзеныя дадзеныя двух дасьледных цэнтраў у аднолькавых кропках назіраньня.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

Параўнаньне адказаў на пытаньні аб геапалітычным выбары ў апытаньнях «Новак» і БАМ і НІСЭПД (2004-2015), у %

На графіку пазначаныя толькі месяцы правядзеньня апытаньняў «Новак» і БАМ. Адпаведныя апытаньні НІСЭПД, пазначаныя на графіку, былі праведзеныя альбо ў тым жа месцы, альбо на месяц раней ці пазьней

Пры наяўнасьці адрозьненьняў, якія маглі быць абумоўленыя рознымі фармулёўкамі пытаньняў, навідавоку падобныя тэндэнцыі ў дынаміцы геапалітычных перавагаў.

Наступны графік параўноўвае дадзеныя апытаньняў Беларускай аналітычнай майстэрні і «Беларускай ініцыятывы» брытанскага Chatham House у 2020-2024 годзе. У дадзеных «Беларускай ініцыятывы» прыводзяцца толькі адказы пра выбар на карысьць ЭЗ і Расеі.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

Параўнаньне адказаў на пытаньні аб геапалітычным выбары ў апытаньнях БАМ і «Беларускай ініцыятывы» Chatham House (2020-2024), у %

На графіку пазначаныя толькі месяцы правядзеньня апытаньняў БАМ. Адпаведныя апытаньні «Беларускай ініцыятывы», пазначаныя на графіку, былі праведзеныя альбо ў тым жа месцы, альбо на месяц раней ці пазьней

Як было адзначана вышэй, апытаньні БАМ і «Беларускай ініцыятывы» шмат чым адрозьніваліся. БАМ з 2019 году праводзіў тэлефонныя апытаньні, якія рэпрэзэнтавалі ўсё насельніцтва, «Беларуская ініцыятыва» — онлайн-апытаньні гарадзкога інтэрнэтызаванага насельніцтва. Акрамя таго, пытаньне БАМ прапаноўвала выбар паміж інтэграцыяй з РФ і ЭЗ, пытаньне «Беларускай ініцыятывы» — чатыры варыянты адказаў, сярод якіх былі саюз з Расеяй і ЭЗ адначасова і адмова ад любых саюзаў. Частка рэспандэнтаў — няпэўных прыхільнікаў інтэграцыі з РФ ці з ЭЗ маглі выбраць адну з дзьвюх апошніх альтэрнатываў, што зьніжала агульную колькасьць прыхільнікаў РФ і ЭЗ.

Аднак і апошні графік паказвае пэўнае падабенства дынамік, на іх бачны рост прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй з 2020-га па 2024 год.

Выкладзеныя зьвесткі дазваляюць зрабіць некалькі высноваў:

  • Усе дасьледчыя цэнтры фіксуюць перавагу прарасейскіх настрояў, якія, аднак, вагаюцца, на працягу вялікага часовага прамежку.
  • Адказы на пытаньні пра геапалітычны выбар істотна залежаць ад фармулёўкі пытаньня.
  • Аднак дынаміка паказьнікаў геапалітычнага выбару аказваецца падобнай незалежна ад спосабу правядзеньня апытаньняў і фармулёвак пытаньняў.


Розныя апытаньні «малююць даволі цэласную карціну беларускага грамадзтва»

Дадзеныя апытаньняў розных сацыялягічных цэнтраў на просьбу Свабоды пракамэнтаваў кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

— Апытаньні, якія праводзіліся ў Беларусі, часта прыводзілі да аднолькавых высноваў, хоць параўноўваць дадзеныя складана з прычыны адрозьненьняў у выбарках, датах правядзеньня апытаньняў, фармулёўках пытаньняў і мэтодыках. Гэта датычыць ня толькі дасьледаваньняў НІСЭПД, БАМ, iSANS ці Chatham House. Прыкладна тыя ж вынікі маюць апытаньні Belarus Change Tracker і амэрыканскіх фондаў, якія замаўляюць дасьледаваньні, але не публікуюць іх у адкрытым доступе. Шмат у чым яны пераклікаюцца і з закрытымі апытаньнямі Акадэміі навук Беларусі і расейскіх сацыёлягаў, якія раз-пораз усплываюць у публічнай прасторы. Агулам дадзеныя малююць даволі цэласную карціну беларускага грамадзтва і яго геапалітычных перавагаў, мэдыйных звычак і рэакцыі на бягучыя падзеі, такія як вайна Расеі з Украінай.

***

Геапалітычныя прыярытэты, якія мела і мае беларускае грамадзтва, могуць зьмяніцца. На іх уплывае палітычная і інфармацыйная праца на карысьць таго ці іншага выбару. Лёсавызначальныя падзеі, надзвычайныя выклікі могуць нават хутка мяняць геапалітычныя перавагі, як гэта адбылося з украінскім грамадзтвам пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе і пачаткам поўнамаштабнай вайны ў 2022 годам.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

Апытаньні сацыялягічнай групы Рэйтынг, Украіна, у %
Апытаньні сацыялягічнай групы Рэйтынг, Украіна, у %

Але шматгадовыя тэндэнцыі — гэта тая рэальнасьць, зь якой варта лічыцца палітыкам, якія выступаюць за зьмену гэтых тэндэнцыяў. Дамагацца гэтых зьменаў — пытаньне прынцыпаў, ідэалягічнага і каштоўнаснага выбару. Аднак ігнараваньне рэальнасьці — ня лепшы шлях дасягненьня гэтых зьменаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG