Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыгуначныя перавозкі паміж Беларусьсю і Польшчай з пачатку вайны ва Ўкраіне зьнізіліся ўдвая


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У выніку санкцыйных абмежаваньняў грузавыя чыгуначныя перавозкі паміж Беларусьсю і Польшчай за апошнія два гады значна зьнізіліся, сьведчыць статыстыка, якую публікуе выданьне Rynek kolejowy. На публікацыю зьвярнула ўвагу выданьне MOST.

У Падляскім ваяводзтве, дзе дзейнічаюць два чыгуначныя пераходы, польскі бок фіксуе больш як двухразовае падзеньне перавозак.

На станцыі «Кузьніца Беластоцкая» ў 2021 годзе абслужылі амаль 3,2 тысячы грузавых цягнікоў, у 2022 — каля 2,6 тысячы, а ў 2023 годзе — толькі 1,2 тысячы, паведаміў прэс-сакратар перавозчыка PKP Караль Якубоўскі.

Празь іншы падляскі пераход, у Семяноўцы, у 2021 годзе адправілі больш за 3,9 тысячы саставаў, годам пазьней — 2,6 тысячы, а ў 2023 годзе іх колькасьць скарацілася да 1,7 тысячы.

На галоўным памежным пераходзе «Тарэспаль — Берасьце» ў 2022 годзе абарот саставаў зьнізіўся на 60% у параўнаньні з 2021 годам. Зьвесткі за 2023 год не прыводзяцца.

  • Раней беларускія актывісты заклікалі польскія ўлады цалкам спыніць грузавыя чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю да вызваленьня палітвязьняў.
  • Рух пасажырскіх цягнікоў паміж Беларусьсю і Польшчай спынены зь вясны 2020 году. Гэта адбылося ў сувязі з успышкай пандэміі каранавірусу, але і па заканчэньні пандэміі перавозкі ня сталі аднаўляць. Папярэдні ўрад матываваў захаваньне абмежаваньняў магчымасьцю таго, што Беларусь будзе выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для аказаньня міграцыйнага ціску на Польшчу.
  • Нядаўна ў Польшчы паведамілі, што адпаведная камісія вывучае магчымасьць аднаўленьня пасажырскіх чыгуначных зносін зь Беларусьсю.
  • У жніўні 2023 году Польшча пагражала цалкам спыніць грузавыя чыгуначныя перавозкі зь Беларусі ў сувязі са знаходжаньнем на тэрыторыі Беларусі вагнэраўцаў, якіх, паводле намесьніка міністра, могуць выкарыстаць для гібрыдных дзеяньняў і правакацыяў на польска-беларускай мяжы, а таксама для ўзмацненьня міграцыйнага ціску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG