Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ў Польшчы вывучае магчымасьць аднаўленьня пасажырскіх чыгуначных зносін зь Беларусьсю


Памежнік назірае за цягніком з Польшчы на беларуска-польскай мяжы на ўскраіне заходняга горада Берасьця. Архіўнае фота 
Памежнік назірае за цягніком з Польшчы на беларуска-польскай мяжы на ўскраіне заходняга горада Берасьця. Архіўнае фота 

Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь перасталі хадзіць чатыры гады таму. Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня ў дзеяньне пастановы МУС Польшчы, якая дзейнічае з моманту ўспышкі пандэміі каранавірусу і па сёньня.

Пытаньне адмены абмежаваньняў, уведзеных 4 гады таму, будзе вырашаць міжведамасная група польскага ўраду, якая прыме рашэньне пасьля аналізу, між іншым, нацыянальнай міграцыйнай палітыкі, піша польскі партал чыгуначнай галіны Rynek-kolejowy.pl.

У сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу, спыніўся пасажырскі рух на чыгуначных памежных пераходах у Тарэспалі і ў Кузьніцы Беластоцкай.

Абмежаваньні, якія не дазваляюць рабіць пасажырскія чыгуначныя перавозкі з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на тое, што стан эпідэмічнай пагрозы ўжо адменены, дзейнічаюць і сёньня. Папярэдні ўрад матываваў захаваньне абмежаваньняў магчымасьцю таго, што Беларусь будзе выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для аказаньня міграцыйнага ціску на Польшчу.

Становішча захавалася пасьля зьмены польскіх уладаў, якая адбылася пасьля парлямэнцкіх выбараў летась у кастрычніку.

Аднак новы ўрад анансуе аналіз існых рашэньняў, якія дазволяць выпрацаваць эфэктыўную міграцыйную палітыку. Згодна з дэклярацыяй, гэта павінна стаць адным з прыярытэтаў новага міністра ўнутраных спраў.

«Прыпыненьне пасажырскіх чыгуначных перавозак на мяжы зь Беларусьсю — гэта наступства больш шырокай праблемы. У цяперашняй сытуацыі існай пагрозы штучнага міграцыйнага ціску ўсе дзеяньні патрабуюць комплекснага падыходу, каб адно рашэньне або прававы акт не спарадзіў праблемы ў іншых сфэрах», — адзначае ўпраўленьне друку МУС Польшчы.

У сёлета студзені была адноўлена дзейнасьць Міжведамаснай камісіі ў справах міграцыі, якая павінна распрацаваць новую ўрадавую стратэгію адносна рэагаваньня дзяржавы на міграцыйныя працэсы або знаходжаньне іншаземцаў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча.

7 лютага пасьля амаль трохгадовага перапынку адбылося першае пасяджэньне Міжведамаснай групы пад старшынствам намесьніка дзяржаўнага сакратара Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацея Душчыка, паведаміў сайт Glosznadniemna.pl. На ўрадавым сайце Gov.pl паведамілі, што «падчас сустрэчы абмяркоўваліся найважнейшыя выклікі, якія стаяць перад Польшчай у пляне эфэктыўнага і бясьпечнага кіраваньня міграцыяй». Пра вынікі пакуль невядома.

У Польшчы таксама няма пасажырскіх чыгуначных зносін і зь Расеяй, якая вядзе вайну супраць Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG