Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швайцарыі пройдзе першы суд у справе зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі, будуць судзіць экс-байца САХР Гараўскага


Юры Гараўскі, архіўнае фота
Юры Гараўскі, архіўнае фота

Гараўскага пачнуць судзіць 19 верасьня у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць паводле артыкулу аб зьнікненьні людзей. Суд стане прэцэдэнтам.

Суд над экс-байцом беларускага спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юрыем Гараўскім, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, пачнецца ў верасьні 2023 году ў адным з кантонаў Швайцарыі, паведамляе DW.

Паводле швайцарскага заканадаўства, за гэта яму можа пагражаць ад 1 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Юры Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін.

Расьсьледаваньне справы пракурор завяршыў прыкладна за год, было сабрана шмат матэрыялаў, паколькі сам падазраваны быў гатовы гаварыць. Пасьля было зроблена абвінаваўчае заключэньне, справу перадалі ў суд.

У выніку супраць Юрыя Гараўскага выставілі абвінавачаньне ў датычнасьці да зьнікненьняў людзей.

Юры Гараўскі, «былы баец атрауа САХР Аляксандра Лукашэнкі, паўстане перад крымінальным судом у Санкт-Галене, Швайцарыя, 19-20 верасьня», паведаміла міжнародная арганізацыя TRIAL, якая змагаецца з беспакаранасьцю ваенных злачынстваў.

Рэгіянальныя ўлады паўночна-ўсходняга швайцарскага кантона Санкт-Гален пацьвердзілі агенцтву AFP, што суд над Гараўскім пачнецца 19 верасьня, але не пракамэнтавалі яго месцазнаходжаньня і іншых падрабязнасьцяў справы.

Паводле TRIAL, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў гвалтоўных зьнікненьнях трох асноўных палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999 годзе: былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і ягонага блізкага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Захаранка прапаў у траўні 1999 году. Затым у верасьні таго ж года былі выкрадзеныя былы дэпутат Ганчар і яго сябар Красоўскі.

У 2019 годзе Гараўскі даў сэнсацыйныя паказаньні нямецкай тэлекампаніі DW, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое, паводле яго, расстраляла трох чалавек.

У 2021 годзе, пацьвердзіўшы, што Гараўскі пасяліўся ў Санкт-Галене, TRIAL разам зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH) і беларускай праваабарончай групай «Вясна» падалі крымінальную скаргу ў абласную пракуратуру. У той жа дзень семʼі загінулых падалі асобную скаргу.

Гэта першы выпадак, калі грамадзянін Беларусі паўстане перад судом за гвалтоўныя зьнікненьні на падставе так званай унівэрсальнай юрысдыкцыі, якая дазваляе перасьледьваць асобныя цяжкія злачынствы, незалежна ад таго, дзе яны былі зьдзейсьненыя.

Гэта таксама будзе адзначаць першы раз, калі меркаванае злачынства судзяць у Швайцарыі, гаворыцца ў заяве.

«Гэта справа азначае рашучы крок наперад у барацьбе з беспакаранасьцю за злачынствы, учыненыя ў Беларусі», — заявіў AFP Севярын Вальц, адвакат, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў ахвяраў.

Што менавіта адбылося з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім пасьля выкраданьня, да гэтага часу застаецца нявысьветленым, іх парэшткаў так і не знайшлі. У інтэрвію Юры Гараўскі сьцьвярджаў, што іх нібыта забілі зь пісталета. Як тлумачыць адвакат, які прадстаўляе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай, на гэты момант у справе няма прамых доказаў, што Юры Гараўскі быў датычны менавіта да забойства зьніклых. Паводле швайцарскага крымінальнага права дзеяньні былога сілавіка падпадаюць пад артыкул аб гвалтоўным зьнікненьні людзей, для гэтага «выкананы» дзьве ўмовы: удзел у выкраданьні і ўтойваньне гэтай інфармацыі ад сваякоў.

Па словах адваката, яго даверніцы і ён будуць настойваць на абвінаваўчым прысудзе для Юрыя Гараўскага. За гэта, паводле заканадаўства Швайцарыі, экс-байцу САХРу пагражае ад 1 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG