У Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусі, які ўзначальвае Аляксандар Лукашэнка, заявілі, што Беларусь застаецца саюзьнікам Расеі, які цалкам падзяляе мэты і задачы расейскай вайны ва Ўкраіне.
«Гэта цяжкая, вымушаная і апраўданая місія абароны рускіх людзей на Данбасе. Фактычна ідзе барацьба за будучыню славянскага сьвету. Беларусы і расейцы — брацкія народы, нашыя дзяржавы зьвязаныя палітычным саюзам. І мы ня можам заставацца ў баку ад падзеяў, якія адбываюцца на поўдні Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.
У Савеце бясьпекі заклікалі расейцаў «да голасу розуму», бо мяцеж можа «прывесьці да катастрофы».
Аўтары зьвяртаюцца да гісторыі:
«Не было нічога страшнейшага ў гісторыі Расеі, чым смута — разбуральная і бессэнсоўная ў сваёй сутнасьці. У гэты цяжкі час усе, хто сёньня ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаяньне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах ваярскага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага сьвету, лёс мільёнаў нашых людзей», — заявілі ў Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусі.
Зварот апублікавалі ў дзяржаўных СМІ і на сайце МЗС Беларусі.