Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запозьненае шкадаваньне Клінтана. Яшчэ раз пра нявывучаныя ўрокі 90-х


42-гі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падчас публічнай лекцыі ў Кіеве, 3 кастрычніка 2010 году
42-гі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падчас публічнай лекцыі ў Кіеве, 3 кастрычніка 2010 году

Былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан у інтэрвію ірляндзкаму тэлеканалу RTÉ выказаў шкадаваньне, што ў свой час пераканаў Кіеў адмовіцца ад ядзернай зброі. Масква не распачала б вайну, калі б Украіна мела зброю ядзернага стрымліваньня, лічыць ён.

Гэта прызнаньне чалавека, чые дзеяньні ў свой час шмат у чым перадвызначылі цяперашнія падзеі.

«Я адчуваю асабістаю датычнасьць, таму што я прымусіў іх (Украіну) пагадзіцца на адмову ад ядзернай зброі, — сказаў Клінтан. — І ніхто зь іх ня верыць, што Расея пайшла б на гэта (уварваньне), калі б Украіна ўсё яшчэ мела сваю зброю».

Пра тое, як адміністрацыя Клінтана пераконвала Ўкраіну вывесьці ядзерную зброю (Беларусь, як вядома, адмовілася сама і без усялякіх умоваў), падрабязна напісаў у сваёй кнізе «The Russia hand» («Рука Расеі») Строўб Тэлбат, сябра Клінтана яшчэ са студэнцкіх гадоў і намесьнік дзяржсакратара ў часы ягонага прэзыдэнцтва.

Вось зьмест гутаркі аўтара з тагачасным прэзыдэнтам Украіны Леанідам Краўчком у траўні 1993 года ў Кіеве:

«... За адмову ад зброі ён (Краўчук. — С.Н.) заламіў астранамічную цану: мільярды даляраў „кампэнсацыі“ і абяцаньне Амэрыкі, што мы будзем успрымаць напад на Ўкраіну як замах на ўласную тэрыторыю. Практычна ён патрабаваў ад нас тых жа гарантый, што мы давалі найбліжэйшым саюзьнікам; такім чынам, мы абавязаліся б стаць на бок Украіны, калі паміж імі і Расеяй узьнікне крызіс з нагоды ядзерных боегаловак ці ў іншым патаньні. Я сказаў Краўчуку, што самае большае, на што мы здольныя, — фінансаваць вяртаньне боегаловак у Расею, дзе іх дэмантуюць пры амэрыканскім эканамічным і тэхнічным спрыяньні, у абмен на запэўніваньні Масквы, пад гарантыі Злучаных Штатаў, што Расея будзе паважаць незалежнасьць Украіны».

Прааналізаваць гэты эпізод у сьвятле падзеяў апошняга часу пакідаю самім чытачам.

Ядзерную зброю — у адны рукі

Насамрэч прызнаньне Клінтана сьведчыць пра рэвізію ня толькі стаўленьня ЗША (і, шырэй, Захаду) да праблемы наяўнасьці ядзернай зброі ў былых савецкіх рэспублік, а пра саму канцэпцыю стаўленьня да працэсу распаду савецкай імпэрыі і яе наступстваў.

Я невыпадкова ўжываю тут слова «імпэрыя» зусім не як публіцыстычную мэтафару, а як азначэньне ўтварэньня, якое з 1922-га па 1991-ы называлася СССР, да гэтага — Расейскай імпэрыяй, а пасьля 1991-га — Расейскай Фэдэрацыяй. Прыкметна, што сёньня як пракрамлёўскія, гэтак і антыпуцінскія расейскія палітычныя аглядальнікі менавіта імпэрыяй Расею ў яе цяперашнім стане і называюць.

Працэсы сувэрэнізацыі савецкіх рэспублік, якія пачаліся ў канцы 1980-х, на Захадзе ўспрымалі ў непарыўнай сувязі з наяўнасьцю на тэрыторыі СССР другога па велічыні (а на думку некаторых — першага) ядзернага арсэналу. У Вашынгтоне і ў эўрапейскіх сталіцах баяліся, што, калі СССР пачне распадацца, новаўтвораныя краіны могуць распачаць паміж сабой ядзерную вайну за спрэчныя тэрыторыі. Альбо, што яшчэ горш, ядзерныя боегалоўкі маглі выйсьці з-пад цэнтралізаванага кантролю і апынуцца ў руках міжнародных тэрарыстаў.

Гэтая асьцярога ня зьнікла і тады, калі рэспублікі адна за другой цалкам цывілізаваным парлямэнцкім шляхам абвяшчалі сувэрэнітэт. Кансалідаваную пазыцыю Захаду выказаў тады прэзыдэнт ЗША Джордж Буш (тады яшчэ без дадатку «старэйшы»), які ў жніўні 1991-га ў часе візыту ў Кіеў перасьцярог украінскіх палітыкаў ад абвяшчэньня незалежнасьці. Што адбылося празь некалькі тыдняў — вядома.

Але нават калі ўжо Савецкі Саюз сканаў канчаткова, што зафіксавалі подпісы ўдзельнікаў сустрэчы ў Віскулях, расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын, інфармуючы таго ж самага Буша пра толькі што прынятае лідэрамі трох краінаў рашэньне, большую частку гутаркі прысьвяціў лёсу ядзернай зброі.

Лёс яе, вызначаны ў Віскулях, цалкам задавальняў Вашынгтон: ядзерная зброя зь Беларусі, Казахстану і Ўкраіны будзе перамешчаная ў Расею і застанецца ў адных руках.

Як у ЗША ставіліся да камунізму

І тут самы час прыгадаць, як успрынялі ў ЗША канец Савецкага Саюзу.

Палітыкі і камэнтатары падавалі гэта як перамогу Захаду ў «халоднай вайне», як канец, выкарыстоўваючы знакамітае вызначэньне Рональда Рэйгана, «імпэрыі зла». Сьвята (у літаральным сэнсе сьвята — у тыя дні адзначаліся Каляды) было крыху азмрочанае адстаўкай улюбёнца Захаду Міхаіла Гарбачова, але на месца яму прыйшоў дэмакрат Барыс Ельцын.

Камэнтатары не перабольшвалі. Дзесяцігодзьдзямі СССР успрымаўся ў ЗША ня толькі як патэнцыйны праціўнік № 1 у магчымай вайне, ня толькі як супернік у палітычным, эканамічным, касьмічным, нават спартовым спаборніцтве, але і як носьбіт антычалавечай, антыгуманістычнай ідэалёгіі.

Дастаткова сказаць, што быў закон, які забараняў уезд чальцам КПСС на тэрыторыю ЗША. Зразумела, у выпадку зь візытамі Брэжнева ды Гарбачова зь іх вялікай сьвітай рабілася выключэньні. Тым ня менш такі закон існаваў. А ў анкетах на амэрыканскую візу было пытаньне, ці зьяўляўся заяўнік сябрам нацысцкай, камуністычнай ці нейкай іншай таталітарнай партыі (пытаньне заставалася аж да пачатку XXI стагодзьдзя). Такім чынам, у нейкім сэнсе камуністычная партыя (а значыць, і ідэалёгія) прыраўноўвалася да нацысцкай.

Што такое барацьба з нацызмам і ягонымі наступствамі, амэрыканцы добра ведалі, Амэрыка была адной зь пераможцаў у Другой сусьветнай вайне. У Нямеччыне ў зоне сваёй адказнасьці (ды і ня толькі ў ёй) амэрыканцы праводзілі дэнацыфікацыю, пазбаўлялі (і шляхам перакананьня, але і пад прымусам) немцаў ад рудымэнтаў Трэцяга Райху. І менавіта ЗША прапанавалі і ажыцьцявілі плян Маршала ў справе аднаўленьня эканомікі Нямеччыны, якая празь некалькі дзесяцігодзьдзяў выйшла ў эўрапэйскія лідэры.

Парадоксы постсавецкай Расеі

Уявім, што ў 1945 годзе, пасьля падпісаньня ў Патсдаме Акту аб капітуляцыі, адмірал Дзёніц (менавіта ён фармальна заступіў на пасаду канцлера пасьля самагубства Гітлера) заявіў, што так, нацысцкая ідэалёгія пацярпела крах, але ёсьць інтарэсы Нямеччыны, ёсьць інтарэсы нямецкага народу, і ў гэтых інтарэсах захаваць гестапа і СС. Магчыма, яны будуць называцца інакш, але іх структура захаваецца, застануцца на сваіх месцах і супрацоўнікі. Архівы гестапа і СС, як і імпэрскай канцылярыі, рассакрэчваць немэтазгодна. Ну і, безумоўна, ня можа быць ніякай гаворкі аб ліквідацыі вэрмахту — армія патрэбная любой дзяржаве. А ў Пэнэмюндэ працягнуцца распрацоўкі і выпрабаваньні ракеты ФАУ-2, якую Вэрнэр фон Браўн абяцае зрабіць міжкантынэнтальнай. І так нямецкія фізыкі ўшчыльную наблізіліся да вырашэньня праблемы стварэньня атамнай бомбы, але падрабязнасьці амэрыканскім і брытанскім партнэрам ведаць не абавязкова: Нямеччына мае права на свае сакрэты. Што да кіраўніцтва новай дэмакратычнай Нямеччыны, дык яно будзе сфармаванае пераважна зь мясцовых гаўляйтараў — яны маюць досьвед арганізацыйнай работы, ведаюць, як працуе дзяржаўны апарат. Хаосу быць не павінна.

Гэта, ясна, здалося б абсурдам.

Але ў 1991 годзе і пазьней заходніх лідэраў не зьдзівіла, што дэмакратам яны называюць былога сябра цэнтральнага органу камуністычнай партыі, першага сакратара Сьвярдлоўскага абкаму і Маскоўскага гаркаму Ельцына. Што кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі ў яго — былы сакратар таго ж камуністычнага абкаму. Што абавязкі прэм’ера выконвае былы загадчык аддзелу часопісу «Камуніст», дзяржсакратаром — выкладчык марксізму-ленінізму.

Што арганізацыя, вядомая ўсяму сьвету па злавеснай абрэвіятуры KGB, зьмяніла назоў, але засталася. Што агентура гэтай арганізацыі, як і раней, працягвае выведвальную дзейнасьць у дэмакратычных краінах. Што не адменены ніводны сьмяротны прысуд тым былым афіцэрам КДБ, якія ў часы СССР уцяклі на Захад, выдалі «дзяржаўныя сакрэты» СССР, а значыць, прынесьлі карысьць дэмакратычнаму сьвету.

Вядома, прамое параўнаньне з постгітлераўскай Нямеччынай нацягнутае, не зусім карэктнае — тады краіна ляжала літаральна ў руінах, а над нацызмам адбыўся міжнародны суд. Камунізм, як вядома, асуджаны ня быў.

І ўсё ж пэўныя парадоксы «дэмакратычнай Расеі» маглі б прымусіць амэрыканскіх ці эўрапейскіх лідэраў задумацца: а ці ня ёсьць гэта важкім аргумэнтам меркаваць, што палітычныя зьмены, якія адбываюцца ў Расеі, маюць бутафорскі характар, што Расея ў такім выглядзе ня можа быць «лякаматывам дэмакратыі», як імкнецца яе прадставіць сьвету Ельцын?

І нарэшце: чаму Крэмль не адмовіўся ад успрыманьня «інтарэсаў Расеі» як панаваньня над новымі незалежнымі дзяржавамі, якія ўваходзілі ў склад СССР? Ці ня сьведчыць гэта пра тое, што Расейская Фэдэрацыя застаецца імпэрыяй з патэнцыялам небясьпечнага перарастаньня настальгічнай рэфлексіі па «былой велічы» у агрэсіўную захопніцкую палітыку?

А калі так, ці варта пакідаць Расеі ядзерную зброю? І тым больш ці разумна боегалоўкі зь Беларусі, Казахстану і Ўкраіны перавозіць у Расею?

Пра што не магла марыць Беларусь

Відавочна, было б спрашчэньнем меркаваць, што калі б у пачатку 90-х Буш ці Клінтан запатрабавалі ад Крамля зьліквідаваць ядзерны арсэнал, гэта было б імгненна выканана, хай бы з гэтым і пагадзіўся прэзыдэнт Расеі.

Нават у палавіністых палітычных ды эканамічных рэформах Ельцын ня меў адназначнай падтрымкі ў дзяржаўным апараце, ня кажучы пра найвышэйшае вайсковае камандаваньне (іншая справа, што ён не скарыстаў належным чынам тыя некалькі месяцаў пасьля жніўня 91-га, калі ягоны рэйтынг дазваляў яму самыя радыкальныя крокі — напрыклад, зьліквідаваць той жа КДБ).

Можна зразумець і тыя гіганцкія крэдыты (а фактычна датацыі), якія выдаткоўваліся Расеі ў тыя гады: нікому не хацелася бачыць галодныя бунты, ды і расейцаў на Захадзе тады ўспрымалі з сымпатыяй (яшчэ дзейнічала магічнасьць слова perestroika).

Але ўжо тады быў відаць дысбалянс паміж стаўленьнем да Расеі і да новых постсавецкіх дзяржаў. Увага ім надавалася значна меншая. Беларусь і марыць не магла пра такую эканамічную дапамогу (нават супастаўную з колькасьцю насельніцтва).

Калі называць рэчы сваімі імёнамі: Захад аддаў новыя постсавецкія краіны (апроч Балтыі) у сфэру інтарэсаў Расеі.

Ці ўспрымаюць Расею як імпэрыю

Зь Беларусьсю сытуацыя выглядала асабліва цяжкай. Ня будзе перабольшваньнем сказаць, што на пачатку 90-х Беларусь цікавіла ЗША найперш як тэрыторыя, дзе разьмешчаны стратэгічныя ядзерныя боегалоўкі.

Ніводная сустрэча тагачасных беларускіх палітыкаў (як пры ўладзе, гэтак і апазыцыйных) з заходнімі дзеячамі не абыходзілася без таго, каб апошнія не адмовілі сабе ў жаданьні пераканацца, ці сапраўды ў пытаньні вываду ядзернай зброі ў беларускіх дэпутатаў існуе кансэнсус. Даведаўшыся, што так, існуе, з палёгкай уздыхалі: нібыта вось у гэты самы момант канкрэтна яны адхілілі пагрозу ядзернага Армагедону.

Выкажу ўласнае назіраньне (дапускаю, што іншыя са мной не пагодзяцца): як толькі Вярхоўны Савет у 1993 годзе прагаласаваў за вывад ядзернай зброі, ступень інтарэсу да Беларусі ў цэлым і да лёсу беларускай дэмакратыі імкліва пачала зьмяншацца — пры нязьменнай увазе да Расеі і да тэмы дэмакратыі расейскай.

Красамоўным, хаця і ў пэўным сэнсе ўскосным адлюстраваньнем гэтага можа быць ужо згаданая кніга Строўба Тэлбата, у якой ён апісвае сваю сямігадовую дзейнасьць на пасадзе намесьніка дзяржсакратара ЗША, адказнага за сувязі з Расеяй і былымі рэспублікамі СССР. Беларусь там згадваецца пару разоў, праз коску, тады як пэрыпэтыям унутранай расейскай палітыкі, у тым ліку і ў «дэмакратычным» лягеры, прысьвечаны дзясяткі старонак.

І нават уцягваньне Масквой Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў (чым зьяўлялася далучэньне ў тым жа 1993 годзе да АДКБ) ня выклікала той рэакцыі, на якую разьлічвала парлямэнцкая Апазыцыя БНФ, калі заклікала дэмакратычныя заходнія краіны супрацьстаяць працэсу рэінкарнацыі Варшаўскай дамовы. Бо галоўнае, як здавалася, было зроблена: ад ядзерных ракет Беларусь пазбаўляецца, вывозіць іх у Расею.

Як потым выявіцца — каб праз 30 гадоў Масква іх вярнула (і тактычныя, і нават стратэгічныя).

Ігнараваньне былых савецкіх рэспублік і празьмерныя надзеі на Расею, кволая рэакцыя на агрэсію Масквы супраць Грузіі ў 2008-м і няздольнасьць спыніць Пуціна ў 2014-м сёньня адзначаюцца экспэртамі як праява адсутнасьці канцэптуальнага падыходу Захаду да тэмы Расеі, і найперш — нежаданьня ўспрымаць яе як імпэрыю.

За гэтае нежаданьне сёньня даводзіцца плаціць вялізную цану: заходнім краінам — матэрыяльную, Украіне — чалавечымі жыцьцямі.

Ці прымусіла цяперашняя вайна, самая маштабная на тэрыторыі Эўропы за апошнія восем дзесяцігодзьдзяў, усьвядоміць сутнасьць краіны, якая называе сябе правапераемніцай СССР, аднаўляе помнікі Сталіну і імкнецца адзначыць «сфэру ўплыву» ядзернымі шахтамі?

Школьнай аксіёмы, што імпэрыі ўрэшце распадаюцца, пакуль яшчэ ніхто не абвергнуў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG