Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шольц і фон дэр Ляен: Украіне патрэбен «плян Маршала»

Канцлер ФРН Оляф Шольц і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен
Канцлер ФРН Оляф Шольц і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Канцлер Нямеччыны і старшыня Эўракамісіі заклікалі распрацаваць плян дапамогі Ўкраіне ў рэканструкцыі краіны, які быў бы супастаўны з «плянам Маршала».

Як інфармуе DW, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявілі, што краіны ЭЗ і G7 павінны «ўжо сёньня» сумесна думаць пра ўдзел у аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны, разьвязанай Расеяй, і для гэтага неабходна распрацаваць праграму, якая сваім узьдзеяньнем на эканоміку павінна быць параўнальная з прынятым пасьля Другой сусьветнай вайны «плянам Маршала» (амэрыканскай праграмай дапамогі пасьляваеннай Эўропе).

Сумесны артыкул палітыкаў быў апублікавала ў нядзелю, 23 кастрычніка у газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Паводле Шольца і фон дэр Ляен, пасьля вайны Ўкраіне трэба будзе хутка «стаць на ногі» і аднавіць эканоміку, і ад праекту гэтай рэканструкцыі будзе залежаць тое, якой краінай Украіна стане ў будучыні. «Заўсёды варта быць асьцярожнымі ў параўнаньнях з гістарычнымі падзеямі, але гэта ня што іншае, як стварэньне новага „пляну Маршала“ XXI стагодзьдзі», — гаворыцца ў артыкуле.

Украіна не адновіцца без дапамогі

Палітыкі пералічылі сфэры і аб’екты інфраструктуры, разбураныя расейскімі войскамі і патрэбныя для аднаўленьня эканомікі Ўкраіны — жылыя дамы, школы, дарогі, масты і энэргазабесьпячэньне. Асобна канцлер Нямеччыны і старшыня Эўракамісіі згадалі інтэнсіўныя абстрэлы цывільных аб’ектаў ва Ўкраіне, якія вядуцца Расеяй з 10 кастрычніка, назваўшы іх тэрактамі.

На думку эўрапейскіх палітыкаў, ні Ўкраіна, ні асобныя яе партнэры ня змогуць даць рады з разбуральнымі наступствамі абстрэлаў з боку расейскіх войскаў, таму ўдзел у аднаўленьні Ўкраіны павінны сумесна прыняць «Эўразьвяз, G7 і партнэры далёка за іхнымі межамі», а таксама прыватныя інвэстары і кампаніі.

Пры гэтым мае быць створаны эфэктыўны наглядны орган для барацьбы з карупцыяй пры рэалізацыі праграмы. Як зазначаюць аўтары артыкулу, «шлях да аднаўленьня Ўкраіны — гэта таксама яе шлях у Эўрапейскі Зьвяз».

Ва Ўкраіне разбурана амаль 100 тысяч аб’ектаў інфраструктуры

Паводле стану на пачатак кастрычніка ва Ўкраіне было разбурана 94 596 аб’ектаў інфраструктуры, у тым ліку 74 тысячы жылых дамоў — такія дадзеныя прыводзіў намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Кірыл Цімашэнка. Больш за ўсё аб’ектаў разбурана ў Кіеўскай (звыш 25 тыс.), Данецкай (звыш 20 тыс.) і Харкаўскай абласьцях (звыш 9 тыс.).

Аб тым, што Ўкраіне для аднаўленьня патрэбная замежная дапамога, яшчэ ўвесну казаў сам Уладзімір Зяленскі. Ён таксама параўноўваў магчымую праграму дапамогі з «плянам Маршала» і прапаноўваў краінам-донарам узяць шэфства над асобнымі рэгіёнамі, гарадамі і галінамі эканомікі Ўкраіны, якія пацярпелі падчас расейскага ўварваньня.

На той момант Зяленскі ацэньваў кошт аднаўленьня ўкраінскай эканомікі і інфраструктуры пасьля расейскага ўварваньня ў 600 млрд даляраў. Аднак у выніку расейскіх абстрэлаў у кастрычніку гэтая сума можа вырасьці ў разы — паводле ўкраінскага боку, толькі з 10 кастрычніка ў краіне было разбурана больш за 30% электрастанцый.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG