Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ва Ўкраіне працуюць кампаніі Машэнскага і колькі там зарабіў беларускі бізнэс да арышту актываў


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Свабода прааналізавала адкрытыя рэестры Ўкраіны, каб высьветліць, ці сапраўды на ўкраінскім рынку не засталося ніводнай кампаніі з удзелам беларускага капіталу і ці ўсе прадпрыемствы, у якіх арыштавалі актывы і маёмасьць, спынілі сваю дзейнасьць.

З пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю 24 лютага 2022 году, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне арыштавалі актывы двух дзясяткаў беларускіх кампаній.

Цяпер з адкрытых рэестраў стала вядома, колькі яны пасьпелі зарабіць да арышту сваіх актываў. У двух выпадках прадпрыемствы зь беларускім капіталам працягваюць працаваць.

Важная заўвага наконт далейшых лічбаў

На пачатку вайны нацыянальная грашовая адзінка Ўкраіны часткова абясцэнілася, і да канца 2022 году афіцыйны курс даляра трымаўся на ўзроўні 36,56 грыўні.

Зыходзячы з гэтага, можна зразумець маштабы стратаў беларускага бізнэсу ад вайны, якую падтрымала і кіраўніцтва Беларусі.

«Санта Холод Україна» — арышт актываў і часткі рахункаў

Кампанія, якую заснаваў ва Ўкраіне набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Машэнскі, працуе на ўкраінскім рынку з 2007 году. У сьнежні 2020 году кампаніі, якія ўваходзілі ў гэтую групу, перарэгістравалі на ягоную дачку Яну Машэнскую, грамадзянку Кіпру, і яе кіпрскую кампанію Newride Services Limited.

Згодна з статутам кампаніі, асноўны від яе дзейнасьці — перапрацоўка і кансэрваваньне рыбы, ракападобных і малюскаў.

Апроч таго, кампанія дачкі ўласьніка «Санта Брэмару» мела ліцэнзіі на перапрацоўку і кансэрваваньне гародніны і садавіны, на гуртовы і раздробны гандаль прадуктамі харчаваньня і офіснай мэбляй, на фінансавы лізінг, арэнду і кіраваньне ўласнай ці арандаванай маёмасьцю і нават на распрацоўку будаўнічых праектаў.

Актывы і рахункі кампаній арыштавалі 24 чэрвеня 2022 году для забесьпячэньня магчымай канфіскацыі маёмасьці як віду пакараньня ў рамках крымінальнай справы, якую завялі сёлета ў траўні.

Справу расьсьледуюць з траўня 2022 году паводле ч. 2 артыкула 364-1 і ч. 2 артыкула 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — злоўжываньні паўнамоцтвамі службовай асобай юрыдычнай асобы незалежна ад формы ўласнасьці (караецца штрафам ад 68 да 102 тысяч грыўняў, арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў або пазбаўленьнем волі на 3–6 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады), а таксама фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтаю гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да сямі гадоў з пазбаўленьнем права на два гады займаць пэўныя пасады і канфіскацыяй маёмасьці).

Згодна зь фінансавай справаздачай, даходы кампаніі «Санта Холод Україна» ў 2022 годзе склалі 24,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 24,6 мільёна грыўняў), чысты прыбытак — 730 тысяч грыўняў (у 2021 — 1,4 мільёна грыўняў), актывы — 102,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 88,8 мільёна грыўняў), абавязаньні — 19,4 мільёна грыўняў (у 2021 — 6,5 мільёна грыўняў).

ТАА «Екотехнік Велика Добронь» — не пад санкцыямі

Гэта яшчэ адна кампанія Аляксандра Машэнскага, але яна пазьбегла санкцый і працягвае працаваць ва Ўкраіне.

У 2012 годзе беларускі бізнэсовец вырашыў пашырыць сфэру сваіх бізнэс-інтарэсаў ва Ўкраіне і зарэгістраваў ТАА «Екотехнік Велика Добронь». Тады ж ён пачаў будаваць сонечную электрастанцыю ў вёсцы Вялікая Добрань Ужгарадзкага раёну Закарпацкай вобласьці. Яна здавалася ў эксплюатацыю з 2017 па 2019 год, у тры этапы, пакуль агульная магутнасьць не дасягнула 3,33 МВт.

У сакавіку 2019 году кампанія ТАА «Екотехнік Велика Добронь» дабудавала ў горадзе Бар Барскага раёну Віньніцкай вобласьці новую фотагальванічную электрастанцыю магутнасьцю 16,863 МВт.

Кампанія плянавала і далей разьвівацца, як адзначаецца на яе афіцыйным сайце, «ня толькі ў сфэры геліяэнэргетыкі, а і ў іншых кірунках, максымальна выкарыстоўваючы кліматычныя асаблівасьці і рэсурсы Ўкраіны».

Згодна зь фінансавай справаздачай, даход кампаніі «Екотехнік Велика Добронь» у 2022 годзе склаў 213,3 мільёна грыўняў (у 2021 — 259,2 мільёна грыўняў), страты —180,4 мільёна грыўняў (у 2021-м быў чысты прыбытак на ўзроўні 106,3 мільёна грыўняў), актывы — 619,5 мільёна грыўняў (у 2021 — 624,7 мільёна грыўняў), абавязаньні — 153,8 мільёна грыўняў (у 2021 — 82,7 мільёна грыўняў).

Інфармацыі пра тое, што станцыя пацярпела ад расейскіх абстрэлаў, няма. Аднак раней міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў, што з пачатку вайны 30% сонечных электрастанцый выведзеныя з энэргасыстэмы.

Казялецкі льнозавод — не пад санкцыямі

Казялецкі льнозавод знаходзіцца ў Чарнігаўскай вобласьці. Ён мае форму прыватнага акцыянэрнага таварыства.

Згодна з рэестрам, 22,5% акцый належыць беларускаму прыватнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству «ІСТПС», а 59,8% — грамадзяніну Кітаю Чжу Хаоцяню. Іншыя акцыі Казялецкага льнозаводу належаць фізычным асобам.

Вядома, што Чжу Хаоцянь жыве ў Беларусі і зьяўляецца ўласьнікам прадпрыемства «ІСТПС». Яно не зьвязана зь лёгкай прамысловасьцю, а займаецца вытворчасьцю цеплаізаляцыйных плітаў зь пенастыролу.

Чжу Хаоцянь выкупіў акцыі Казялецкага льнозаводу ў 2021 годзе ў расейскіх уласьнікаў. Цяпер, згодна з статутам, апроч асноўнага віду дзейнасьці — падрыхтоўкі і прадзеньня тэкстыльных валокнаў, яно вырошчвае збожжа, займаецца вытворчасьцю мяса, безальгакольных напояў, будаўнічых канструкцый, а таксама здае ў арэнду ўласную або арандаваную маёмасьць.

Згодна зь фінансавай справаздачай, даходы Казялецкага льнозаводу ў 2022 годзе склалі 3,2 мільёна грыўняў, чысты прыбытак — 791 тысячу грыўняў, актывы — 1,7 мільёна грыўняў, абавязаньні — 965 тысяч грыўняў. Доступу да справаздачы за 2021 год няма.

Праваахоўныя органы Ўкраіны не паведамлялі пра арышт актываў ці маёмасьці гэтай кампаніі.

«Белферт Україна» — маёмасьць арыштаваная

Кампанія працуе на ўкраінскім рынку з 2003 году. Яе статутны капітал складае 354 тысячы грыўняў. Кіраўніком кампаніі па-ранейшаму значыцца Алег Вялічка, сын былога амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі. Маёмасьць кампаніі арыштавалі пасьля пачатку крымінальнага вядзеньня.

Заснавальнікам прадпрыемства спачатку быў Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі, а пазьней «Беларускі нафтавы гандлёвы дом» і наваполацкі «Нафтан», а калі супраць апошніх двух прадпрыемстваў увялі санкцыі, уласьнікам кампаніі стаў Гомельскі хімічны завод.

У статуце прадугледжана шырокая сфэра дзейнасьці кампаніі — гуртовы гандаль хімічнай і сельскагаспадарчай прадукцыяй (малако, яйкі, харчовыя алеі, збожжа), нафтапрадуктамі, тытунём, грузавыя перавозкі, перадача ў арэнду сельскагаспадарчай тэхнікі і нават дасьледаваньні каньюнктуры рынку і грамадзкай думкі.

Крымінальную справу датычна кампаніі расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Яе завялі 20 красавіка 2022 году паводле ч. 3 артыкула 258-5 і ч. 3 артыкула 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (фінансаваньне тэрарызму і наўмыснае пазьбяганьне сплаты падаткаў, адпаведна). Гэтыя дзеяньні караюцца вялікім штрафам і пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўным відам дзейнасьці.

Згодна зь фінансавай справаздачай, у 2022 годзе даход «Белферт Україна» склаў 4,8 мільярда грыўняў (у 2021 — амаль 16 мільярдаў грыўняў), чысты прыбытак — 22,8 мільёна грыўняў (у 2021 — 249 мільёнаў грыўняў), актывы — 1,5 мільярда грыўняў (у 2021 — 1,9 мільярда грыўняў) і абавязаньні — 1,3 мільярда грыўняў (у 2021 — 1,8 мільярда грыўняў).

У 2023 годзе кампанія зноў трапіла ў рэестар вялікіх платнікаў падаткаў ва Ўкраіне.

«БЗТ-Україна» — пад санкцыямі

«БЗТ-Україна» — даччыная кампанія падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Белзамежгандаль». У Беларусі яно было створана ў 2014 годзе Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта, «дачка» ва Ўкраіне пачала працаваць са студзеня 2017 году.

Служба бясьпекі Ўкраіны завяла справу паводле ч. 1 артыкула 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу дзяржаве-агрэсарцы, узброеным фармаваньням акупацыйных адміністрацый, учыненыя грамадзянінам Украіны, іншаземцам ці асобай без грамадзянства з мэтай нанясеньня шкоды Ўкраіне). Такія дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права на 10–15 гадоў займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, з канфіскацыяй ці безь яе.

Згодна зь фінансавай справаздачай, даход «БЗТ-Україна» ў 2022 годзе склаў 319,7 мільёна грыўняў (у 2021 — 8,1 мільярда грыўняў), чысты прыбытак — 812 тысяч грыўняў (у 2021 — 28,5 мільёна грыўняў), актывы — 54,8 мільёна грыўняў (у 2021 — 354,7 мільёна грыўняў), абавязаньні — 142 мільёны даляраў (у 2021 — 314 мільёнаў грыўняў).

Гандлёвы дом «МАЗ-Україна» — арыштаваныя актывы

Гандлёвы дом «МАЗ-Україна» зарэгістравалі 19 траўня 2010 году ў Кіеве, гэта была даччыная кампанія Менскага аўтамабільнага заводу. У ліпені 2021 году, пасьля ўвядзеньня міжнародных санкцый за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і разгон акцый пратэсту, Менскі аўтамабільны завод выйшаў са складу заснавальнікаў і бэнэфіцыяраў украінскай кампаніі «Гандлёвы дом «МАЗ-Україна».

Замест МАЗу ў склад заснавальнікаў увайшлі ААТ «Менскі завод аўтаматычных ліній імя Пятра Машэрава (99% акцый) і жодзінскае ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» (1% акцый), якое ўваходзіць у склад холдынгу «Белаўтамаз» разам зь Менскім аўтамабільным заводам.

Цяпер канчатковы бэнэфіцыярны ўласьнік украінскай дачкі «МАЗу», згодна зь Дзяржаўным рэестрам Украіны, — Дзяржаўны камітэт Беларусі па маёмасьці, бо менавіта ён уласьнік акцый двух новых заснавальнікаў украінскай кампаніі.

Зьмена ўласьнікаў і бэнэфіцыяраў дазваляла гэтай кампаніі ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўкі пасажырскага, грузавога і спэцыяльнага аўтатранспарту, якія ажыцьцяўляліся за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовага бюджэту. Згодна з украінскім заканадаўствам кампанія, падаючы дакумэнты для ўдзелу ў тэндэры, мусіць абавязкова пазначыць, ці не зьяўляецца яна аб’ектам міжнародных санкцый. Як вядома, летась у чэрвені Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Менскага аўтамабільнага заводу.

Арышт актываў кампаніі «Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“» адбыўся ў красавіку 2022 году ў межах крымінальнага расьсьледаваньня паводле ч. 5 артыкула 191, ч. 2 артыкула 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прыўлашчваньне маёмасьці і фінансаваньня дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны).

Згодна зь фінансавай справаздачай, прыбытак кампаніі ў 2022 годзе склаў 399 мільёнаў грыўняў, страты — 2,7 мільёна даляраў (у 2020-м чысты прыбытак склаў 73 мільёны грыўняў), актывы — 541 мільён грыўняў (у 2020 — 688 мільёнаў грыўняў), абавязаньні — 210,2 мільёна грыўняў (у 2020 — 394,6 мільёна грыўняў). Фінансавая справаздача за 2021 год недаступная.

«Сервіс Ойл» — арыштаваныя карпаратыўныя правы і маёмасьць

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сервіс Ойл» зарэгістраванае ва Ўкраіне 27 сьнежня 2012 году. Кампанія аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу. Яе ўласьнікам была дзяржаўная кампанія «Беларуснафта», але пасьля ўвядзеньня супраць яе ў 2021 годзе міжнародных санкцый «Сервіс Ойл» была перарэгістраваная на ААТ «Пухавічынафтапрадукт».

У канцы 2021 і пачатку 2022 году «Сервіс Ойл» выйграў два тэндэры дзяржаўнай кампаніі «Укргазвидобування» на рамонт сьвідравін на газавых радовішчах Украіны агулам на 2,08 мільярда грыўняў (звыш 60 мільёнаў даляраў). Вялося аб рамонце сьвідравін у Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай абласьцях. Згодна з умовамі тэндэру, работы мусілі быць завершаныя да канца 2025 году.

Падольская акруговая пракуратура Кіева з траўня 2022 году расьсьледуе супраць кампаніі крымінальную справу аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» (караецца зьняволеньнем ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), а таксама за «злоўжываньне паўнамоцтвамі юрыдычнай асобы» (караецца штрафам да 102 тысяч грыўняў, арыштам да 6 месяцаў або пазбаўленьнем волі да 6 гадоў).

У межах гэтай крымінальнай справы арыштаваныя карпаратыўныя правы гэтай кампаніі і яе маёмасьць.

Згодна зь фінансавай справаздачай, даход кампаніі «Сервіс Ойл» у 2022 годзе склаў 127,1 мільёна грыўняў (у 2021 — 838,2 мільёна грыўняў), страты склалі 350,4 мільёна грыўняў (у 2021-м чысты прыбытак быў 5,9 мільёна грыўняў), актывы — 787,3 мільёна грыўняў (у 2021 — 1,2 мільярда грыўняў), абавязаньні — 240,6 мільёна грыўняў (у 2021 — 286 мільёнаў грыўняў).

«БНК-Україна» — у працэсе банкруцтва

Беларуская кампанія «БНК-Україна» да арышту яе актываў пасьля пачатку вайны займала 27-е месца ў пераліку найбольшых падаткаплатнікаў Украіны. Нягледзячы на тое, што цяпер адбываецца працэс яе банкруцтва, кампанія таксама ўвайшла ў 2023 годзе ў пералік найбольшых платнікаў падаткаў ва Ўкраіне.

Летась 16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра арышт актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі 5 красавіка 2022 году. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне „Беларуснафта“», супраць якога ўвялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцыяў пратэсту.

Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняло і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі ёсьць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі надалей працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.

Зьвесткі фінансавай справаздачы ў адкрытых рэестрах не апублікаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG