Гэта Казялецкі льнозавод, які знаходзіцца ў Чарнігаўскай вобласьці. Расказваем пра яго ўласьнікаў і сфэру дзейнасьці.
Як вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру акцыянэраў Украіны, гэта прадпрыемства — Казялецкі льнозавод, які знаходзіцца ў Чарнігаўскай вобласьці. Яно мае форму прыватнага акцыянэрнага таварыства.
Згодна з рэестрам, 22,5% акцый належыць беларускаму прыватнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству «ІСТПС» і 59,8% — грамадзяніну Кітаю Чжу Хаоцяню. Іншыя акцыі Казялецкага льнозаводу належаць фізычным асобам.
Вядома, што Чжу Хаоцянь жыве ў Беларусі і зьяўляецца ўласьнікам прадпрыемства «ІСТПС». Яно не зьвязана зь лёгкай прамысловасьцю, а займаецца вытворчасьцю цеплаізаляцыйных пліт зь пенастыролу.
Чжу Хаоцянь выкупіў акцыі Казялецкага льнозаводу ў 2021 годзе ў расейскіх уласьнікаў.
Прадпрыемства было створана ў 1972 годзе і прыватызавана ў 1996 годзе.
Цяпер, згодна з статутам, апроч асноўнага віду дзейнасьці, падрыхтоўкі і прадзеньня тэкстыльных валокнаў, яно вырошчвае збожжа, займаецца вытворчасьцю мяса, безальгакольных напояў, будаўнічых канструкцый, а таксама здае ў арэнду ўласную або арандаваную маёмасьць.
З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
З красавіка 2022 году праваахоўныя органы пачалі арыштоўваць беларускую маёмасьць ва Ўкраіне, у тым ліку заснаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі кампаніі, іхныя актывы, сродкі вытворчасьці і прадукцыю, якой яны гандлявалі. Найперш пад санкцыі падпалі прадпрыемствы, якія займаліся продажам нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў.