Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі суд зьняў арышт з рахункаў беларускай кампаніі «Сервіс Ойл» у трох банках Украіны


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» ва Ўкраіне «Сервіс Ойл», карпаратыўныя правы і тэхніку якога арыштавала Падольская акруговая пракуратура Кіева, дабілася праз суд скасаваньня арышту на свае рахункі ў трох банках Украіны.

У сваёй скарзе беларускае прадпрыемства заявіла, што праз арышт рахункаў прадпрыемства не змагло ў красавіку і траўні 2022 году выплаціць заробкі супрацоўнікам, пералічыць падаткі ў страхавы фонд, ваенны збор, а таксама падатак на прыбытак і на дабаўленую вартасьць.

Суд скасаваў арышт на восем рахункаў кампаніі ў АТ «Raiffeisen Bank», на восем рахункаў у ПАТ «Банк Восток» і на тры рахункі у АТ «Банк Кредіт Дніпро».

16 чэрвеня стала вядома, што Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы кампаніі «Сервіс Ойл», даччынага прадпрыемства «Беларуснафты», якое аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу. Яе статутны капітал –— амаль адзін мільярд грыўняў (прыблізна 26 мільёнаў даляраў).

Падольская акруговая пракуратура Кіева расьсьледуе крымінальную справу аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» (караецца зьняволеньнем ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), а таксама за «злоўжываньне паўнамоцтвамі юрыдычнай асобы» (караецца штрафам да 102 тысяч грыўняў, арыштам да 6 месяцаў або пазбаўленьнем волі да 6 гадоў).

Пазьней стала вядома, што шэраг украінскіх кампаній зьвярнуліся ў суды з пазовамі аб спагнаньні з прадпрыемства «Сервіс Ойл» запазычанасьцяў па дамовах пастаўкі. Напрыклад, кіеўскае ТАА «Техпромімпорт» у адной позве патрабуе спагнаць 380 939,31 грыўняў, а ў другой — 738 762,00 грыўняў (разам больш за 30 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Некалькі пазоваў у суд падала і «Українська сервісна бурова компанія», якая патрабуе спагнаць зь «Сервіс Ойл» запазычанасьці за арэнду абсталяваньня. Кожны зь іх ня менш як на 30 тысяч даляраў у эквіваленце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG