Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне арыштавалі актывы яшчэ адной беларускай нафтавай кампаніі за «фінансаваньне агрэсіі Расеі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы вялікага даччынага прадпрыемства «Беларуснафты», якое аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу.

Кіеўская гарадзкая пракуратура не ўдакладняе назву кампаніі, але, як стала вядома Свабодзе, вядзецца аб кампаніі «Сервіс Ойл». Яе статутны капітал — амаль адзін мільярд грыўняў (прыблізна 26 мільёнаў даляраў).

Сьледчыя арыштавалі ўсю маёмасьць кампаніі, у тым ліку грузавыя аўтамабілі, сховішчы і спэцыяльную аўтамабільную і цяжкую тэхніку для распрацоўкі радовішчаў і здабычы нафты і газу ва Ўкраіне. Кошт арыштаванай тэхнікі — тры мільярды грыўняў (прыблізна 90 мільёнаў даляраў).

Арыштаваныя актывы і карпаратыўныя правы перададзеныя ў орган, які кіруе арыштаванай і канфіскаванай маёмасьцю — «Упраўленьне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў» (АРМА).

Падольская акруговая пракуратура Кіева расьсьледуе крымінальную справу аб «фінансаваньні дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» (караецца зьняволеньнем ад 5 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю цягам 2 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці), а таксама за «злоўжываньне паўнамоцтвамі юрыдычнай асобы» (караецца штрафам да 102 тысяч грыўняў, арыштам да 6 месяцаў або пазбаўленьнем волі да 6 гадоў).

Што вядома пра кампанію

  • Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Сервіс Ойл» зарэгістраванае ва Ўкраіне 27 сьнежня 2012 году. Яго ўласьнікам была дзяржаўная кампанія «Беларуснафта», але пасьля ўвядзеньня супраць яе ў 2021 годзе міжнародных санкцый «Сервіс Ойл» была перарэгістраваная на ААТ «Пухавічынафтапрадукт».
  • У канцы 2021 і пачатку 2022 году «Сервіс Ойл» выйграў два тэндэры дзяржаўнай кампаніі «Укргазвидобування» на рамонт сьвідравін на газавых радовішчах Украіны агулам на 2,08 мільярда грыўняў (звыш 60 мільёнаў даляраў).
  • Вялося аб рамонце сьвідравін у Палтаўскай, Харкаўскай і Львоўскай абласьцях. Згодна з умовамі тэндэру, работы мусілі быць завершаныя да канца 2025 году.
  • «Сервіс Ойл» з 2016 да 2021 году аказаў украінскай кампаніі паслуг амаль на 40 мільёнаў даляраў.
  • Акцыянэрам ААТ «Пухавічынафтапрадукт» таксама зьяўляецца падсанкцыйная кампанія «Беларуснафта».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG