Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што нафтапрадукты ў Беларусі і Расеі больш не набываюць. А як гандлявалі раней?


Офіс расейскай кампаніі «Газпром» у Маскве. Ілюстрацыйнае фота
Офіс расейскай кампаніі «Газпром» у Маскве. Ілюстрацыйнае фота

Старшыня камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Вярхоўнай Рады Андрэй Герус (фракцыя «Слуга народу») заявіў аб напружанай сытуацыі на рынку нафтапрадуктаў ва Ўкраіне.

«Гэтая сытуацыя была абумоўлена некалькімі фактарамі. Першы — спыніўся Крамянчуцкі нафтаперапрацоўчы завод, той завод, які забясьпечваў дызэлем і бэнзінам украінскі рынак. Ён не працуе ў выніку ракетных удараў з боку расейскіх акупантаў. Таксама мы бачым, што абстрэльваюць нафтабазы», — сказаў Андрэй Герус 5 траўня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, расейцы зьнішчылі 15 нафтабаз.

«А гэта былі істотныя запасы паліва, якія зьнішчылі, і адначасова ўскладнілі захоўваньне нафтапрадуктаў», — дадаў ён.

«Наступны фактар — наш рынак фактычна пераарыентаваўся на Заходнюю Эўропу, таму што ні ў Расеі, ні ў Беларусі закупаў няма і, я спадзяюся, ужо ня будзе. І мора на сёньня заблякавана, марскія пастаўкі ва Ўкраіну не ідуць», — падкрэсьліў Андрэй Герус.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту адзначыў, што цяпер адпрацоўваецца новая лягістыка паставак нафтапрадуктаў з краін Эўропы, але яна ўскладненая праз брак цыстэрнаў і бэнзавозаў. «Разьлічваем, што неўзабаве рынак наладзіцца і будуць больш рытмічныя пастаўкі з краін Эўропы».

Хто зь Беларусі пастаўляў нафтапрадукты і хто ва Ўкраіне іх купляў

Пастаўкамі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну займаліся дзьве ўкраінскія дачкі беларускіх кампаній («БНК-Україна» і «БЗТ-УКРАЇНА»), а таксама кампаніі, зьвязаныя зь Мікалаем Вараб’ём, бізнэсоўцам з кола Аляксандра Лукашэнкі.

Продажам беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку займаліся найбуйнейшыя галіновыя кампаніі Ўкраіны — ОККО Group, West Oil Group (гандлёвая марка WOG), UPG. Усе яны маюць пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве з украінска-беларускім трэйдэрам «БНК-Україна».

Адпаведныя дакумэнты падпісалі ў Жытоміры ў кастрычніку 2019 году ў рамках Другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, на якім адбылася адзіная сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі.

Найбуйнейшым з украінскіх пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў была кампанія ОККО. Яе заснавальнік — «Концерн Галнафтогаз». У гэтым канцэрне пэўны час дырэктарам па гандлёвай і інвэстыцыйнай дзейнасьці працаваў цяперашні дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу» Андрэй Герус. На пасадзе старшыні парлямэнцкага камітэту энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг менавіта ён пралабіяваў адкрыцьцё рынку для паставак беларускай электраэнэргіі.

У 2019 годзе журналісты-расьсьледавальнікі ўкраінскага праекту «Наші гроші» пісалі, што адна з кампаній, зьвязаная з бэнэфіцыярам «Концерн Галнафтогаз», была буйным донарам выбарчай кампаніі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Паводле журналістаў, у выбарчы фонд яна пералічыла да 6 мільёнаў грыўняў.

Да вайны ў дакумэнтах «зачысьцілі» падсанкцыйных бэнэфіцыяраў

«БНК-Україна» працуе на ўкраінскім рынку з 2010 году. Яе заснавалі Беларуская нафтавая кампанія (56,5% акцый) і вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» (43,5%), і менавіта яны да сьнежня мінулага году лічыліся бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі кампаніі. Цяпер жа, як сьведчыць запіс у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны юрыдычных асобаў, «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі зьяўляюцца прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь».

У той жа час на афіцыйным сайце кампаніі «БНК-Україна» сказана, што кампанія заснаваная толькі «Беларускай нафтавай кампаніяй».

Паводле фінансавай справаздачы за 2020 год (за 2021 год яшчэ не апублікаваная. — РС), кампанія задэкляравала 157,6 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (5,6 мільёна даляраў у эквіваленце па курсе на сьнежань 2020-га), а яе актывы ва Ўкраіне ў 2020 годзе ацэньваліся больш як у 1 мільярд грыўняў (36,7 мільёна даляраў у эквіваленце).

Адметна таксама, што паводле статуту «БНК-Україна» можа ня толькі гандляваць нафтапрадуктамі гуртам і ўраздроб, але яшчэ і набываць і прадаваць нерухомую маёмасьць.

«БЗТ-Україна» — даччыная кампаніяй яшчэ аднаго падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Белзарубежгандаль». У Беларусі яно было створана ў 2014 годзе Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта, а «дачка» ва Ўкраіне пачала працаваць з студзеня 2017 году.

Гэтая кампанія, у адрозьненьне ад «БНК-Україна», мае шырэйшую сфэру дзейнасьці. Нафтапрадукты — не адзіная сфэра яе інтарэсаў. Яна гандлюе яшчэ і запчасткамі для аўтамабільнага транспарту, зернем, гароднінай, бытавой тэхнікай, лесам, будаўнічымі матэрыяламі, хімічнай прадукцыяй і гэтак далей.

Але, нягледзячы на гэта, у 2020 годзе кампанія атрымала толькі 8,6 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (менш як 0,5 мільёна даляраў у эквіваленце), а яе актывы пакуль вымяраюцца 127,1 мільёна грыўняў (эквівалент 4,5 мільёна даляраў).

У сваіх статутных дакумэнтах кампанія таксама выдаліла матчыную кампанію «Белзарубежгандаль» з бэнэфіцыярных уласьнікаў, але сярод заснавальнікаў тая засталася.

«БНК-Україна» пераехала ў Львоў

Больш як празь месяц пасьля пачатку вайны кампанія «БНК-Україна» пераехала з Кіева ў Львоў. Адпаведныя зьмены Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала 6 красавіка 2022 году.

Цяпер кампанія «БНК-Україна» арандуе памяшканьне ў львоўскім бізнэс-цэнтры «Експерт», якім кіруе ПрАТ «Промбудприлад» — прыватная кампанія калектыўнай уласнасьці пяці асобаў, імаверна зьвязаная з мэрам Львова Андрэем Садавым. Кампанія ня мае пэўнага бэнэфіцыярнага ўласьніка, бо ніводзін з акцыянэраў не валодае 25% акцый.

Што адбылося з нафтавай імпэрыяй Вараб’я

У траўні 2021 году ўкраінская служба Радыё Свабода супольна зь Белсатам правяла расьсьледаваньне аб тым, як на пастаўках нафтапрадуктаў зарабляе беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Ва Ўкраіне супраць ягонага партнэра Віктара Медзьведчука ўвялі санкцыі, а таксама нацыяналізавалі нафтаправод прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (г.Роўна), кантрольны пакет акцый якога належаў Мікалаю Вараб’ю. Ужо ў час вайны Медзьведчука ўвогуле арыштавалі.

Як высьветлілася, нафтабізнэсам ва Ўкраіне займаліся і дзеці Мікалая Вараб’я.

У прыватнасьці, кампанія «БЕЛКАЗТРАНС УКРАЇНА» была створаная ягоным сынам Мікалаем у лютым 2018 году, а «УКРБЕЛНАФТОПРОДУКТ» — Валерыяй Варабей: гэта жонка Мікалая, старэйшага сына Мікалая Вараб’я. Пасьля журналісцкага расьсьледаваньня гэтая кампанія таксама «ачысьціліся» ад уласьнікаў.

Транспартаваньнем нафтапрадуктаў з Мазыра (ня толькі беларускіх, а і расейскіх) займаўся яшчэ шэраг кампаній, якія не былі непасрэдна зьвязаныя зь імем Вараб’я, але заўсёды фігуравалі ў ажыцьцяўленьні ўкраінскіх кантрактаў разам з кампаніяй «БЕЛКАЗТРАНС УКРАЇНА», што належала ягонаму сыну. Гэта ўкраінскія ТАА «Белукргаз», «Інтер Глобал», «Катма Груп», «Глобал газ трейдінг» і беларуская «Белэнергомашэкспорт».

Паводле крыніцы Свабоды, нягледзячы на тое, што фармальна Мікалай Варабей нібыта сышоў з украінскага рынку пад пагрозай увядзеньня санкцый, рэальна да вайны ён усё яшчэ кантраляваў пэўную частку беларускіх паставак, і найперш з заводу «Нафтан», які падпаў пад эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі.

Зараблялі на вяртаньні экспартных акцызаў

Як стала вядома Свабодзе, кожны год Аляксандар Лукашэнка выдае ўказы з грыфам «сакрэтна», у якіх вызначаюцца квоты на экспарт для дзяржаўных і прыватных нафтатрэйдэраў.

«Гэтыя ўказы накіроўваюцца ў „Белнафтахім“, а потым перадаюцца ў „Нафтан“. Там прапісана ўсё — колькі яны экспартуюць, колькасьць паставак безакцызнай і акцызнай прадукцыі, колькасьць сум акцызаў, якія вяртаюцца кампаніям-пастаўшчыкам. Каму больш давяраюць, у таго і большыя квоты. Апошнім часам яны ўжо залежалі ня столькі ад блізкасьці да „цела“, колькі ад магчымасьцяў выбудаваць схемы ва Ўкраіне. І ў Вараб’я сытуацыя больш складаная, чым у драбнейшага пастаўшчыка Валадзько», — расказаў Свабодзе экспэрт у пытаньнях нафтабізнэсу.

Паводле такіх дакумэнтаў, наваполацкі «Нафтан» вызвалены ад сплаты акцызаў пры пастаўках прадукцыі на ўнутраны рынак, але мусіць плаціць экспартныя спагнаньні.

«У ланцужку заўсёды ёсьць прыватная беларуская кампанія, напрыклад кампаніі Вараб’я, Шакуціна ці Валадзько, якія гэты аб’ём экспарту выкупляюць і вязуць па дакумэнтах да мяжы. Менавіта гэтыя кампаніі сплачваюць экспартны падатак, але праз 30 дзён 70% сплачаных экспартных падаткаў ім вяртаюць. Такім чынам, бюджэт Беларусі страчвае 70% экспартных падаткаў. А, напрыклад, „БЗТ“ вяртаюць 100% сплачаных падаткаў. То бок фармальна па статыстыцы экспартны падатак сплачваецца, але потым казначэйства вяртае».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG