Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне арыштавалі актывы і прадукцыю расейскай і беларускай кампаній, якія прадавалі МАЗы


Будынак МАЗ
Будынак МАЗ

Арыштаваныя 20 аўтамабіляў МАЗ, якія належаць «АвтоМАЗ-Україна» і «Торговий Дім „МАЗ-Україна“».

Падольская акруговая пракуратура Кіева перадала ва ўпраўленьне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА), арыштаваныя судом карпаратыўныя правы двух прадпрыемстваў, які доўгі час зьяўляліся даччынымі кампаніямі Менскага аўтамабільнага заводу.

Адначасова ў кіраваньне АРМА перадалі і арыштаваную маёмасьць — 20 грузавых аўтамабіляў.

Арышт актываў кампаній «АвтоМАЗ-Україна» і «Торговий Дім «МАЗ-Україна» адбыўся ў межах крымінальнага расьсьледаваньня паводле ч. 5 артыкула 191, ч. 2 артыкула 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прыўласьненьне маёмасьці і фінансаваньня дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны).

У пракуратуры адзначылі, што канцавымі бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі гэтых кампаній зьяўляецца «дзяржаўная структура, падкантрольная ўраду Беларусі».

Што вядома пра кампанію «АвтоМАЗ-Україна»

Кампанію «АвтоМАЗ-Україна» зарэгістравалі ва Ўкраіне ў 2003 годзе. Яе заснавальнік — замежнае прыватнае прадпрыемства «ГЭС», зарэгістраванае ў Менску, а ўласьнік — грамадзянін Расеі Васіль Сьмятанін, які пражывае ў Маскве. Ён жа і бэнэфіцыярны ўласьнік украінскага прадпрыемства «АвтоМАЗ-Україна».

Гэтае прадпрыемства ўдзельнічала ў паўторным тэндэры на пастаўку аўтобусаў у Мікалаеў. Летась гарадзкія ўлады Мікалаева пасьля нарады ў Міністэрстве інфраструктуры Ўкраіны вымушаныя былі скасаваць вынікі тэндэру, у якім перамагло ўкраінскае ТАА «Сучасні вантажівки», таксама дылер МАЗу.

Што вядома пра кампанію «Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“»

«Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“» зарэгістравалі 19 траўня 2010 году ў Кіеве, гэта была даччыная кампанія Менскага аўтамабільнага заводу. У ліпені 2021 году, пасьля ўвядзеньня міжнародных санкцый за фальсыфікацыю вынікаў выбараў і разгон акцый пратэсту, Менскі аўтамабільны завод выйшаў са складу заснавальнікаў і бэнэфіцыяраў украінскай кампаніі «Гандлёвы дом „МАЗ-Україна“».

Замест МАЗу ў склад заснавальнікаў увайшлі ААТ «Менскі завод аўтаматычных ліній імя Пятра Машэрава (99% акцый) і жодзінскае ААТ «Кавальскі завод цяжкіх штамповак» (1% акцый), якое ўваходзіць у склад холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» разам зь Менскім аўтамабільным заводам.

Цяпер канчатковы бэнэфіцыярны ўласьнік украінскай дачкі «МАЗу», згодна зь Дзяржаўным рэестрам Украіны, — Дзяржаўны камітэт Беларусі па маёмасьці, бо менавіта ён уласьнік акцый двух новых заснавальнікаў украінскай кампаніі.

Зьмена ўласьнікаў і бэнэфіцыяраў дазваляла гэтай кампаніі ўдзельнічаць у тэндэрах на пастаўкі пасажырскага, грузавога і спэцыяльнага аўтатранспарту, якія ажыцьцяўляліся за кошт сродкаў дзяржаўнага і мясцовага бюджэту. Згодна з украінскім заканадаўствам кампанія, падаючы дакумэнты для ўдзелу ў тэндэры, мусіць абавязкова пазначыць, ці не зьяўляецца яна аб’ектам міжнародных санкцый. Як вядома, летась у чэрвені Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Менскага аўтамабільнага заводу.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG