Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра арышт ва Ўкраіне кампаніі, заснаванай Кіраўніцтвам спраў Лукашэнкі


Мазырскі НПЗ, кампанія «БЗТ-Україна» прадае яго прадукцыю ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
Мазырскі НПЗ, кампанія «БЗТ-Україна» прадае яго прадукцыю ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Уся арыштаваная маёмасьць беларуска-ўкраінскай кампаніі «БЗТ-Україна» была перададзена ў адмысловую структуру па кіраваньні выяўленымі актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў.

Карпаратыўныя правы ў выглядзе статутнага капіталу, транспартныя сродкі, а таксама банкаўскія рахункі з наяўнымі на іх грашыма кампаніі «БЗТ-Україна» арыштавалі 10 траўня 2022 году.

Уся арыштаваная маёмасьць беларуска-ўкраінскай кампаніі была перададзена адмысловай структуры для кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).

Гэта стала вядома толькі цяпер, калі прадстаўнік кампаніі зьвярнуўся ў суд па скасаваньне арышту на банкаўскія рахункі. Сваё хадайніцтва кампанія аргумэнтавала неабходнасьцю аплаты падаткаў, адзінага страхавога ўнёску, заробкаў супрацоўнікам, камунальных плацяжоў, алімэнтаў, а таксама паслуг аховы і супрацьпажарнай бясьпекі.

Суд адмовіўся скасаваць арышт.

Наколькі магчыма зразумець з судовага рашэньня, Служба бясьпекі Ўкраіны завяла справу паводле ч. 1 артыкулу 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу дзяржаве-агрэсару, узброеным фармаваньням акупацыйных адміністрацый, учыненыя грамадзянінам Украіны, іншаземцам ці асобай без грамадзянства з мэтай нанясеньня шкоды Ўкраіны). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права на 10-15 гадоў займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю з або без канфіскацыі.

Што вядома аб кампаніі

«БЗТ-Україна» — даччыная кампанія падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Белазамежгандаль». У Беларусі яно было створана ў 2014 годзе Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта, «дачка» ва Ўкраіне пачала працаваць са студзеня 2017 году.

Гэтая кампанія мае шырокую сфэру дзейнасьці. Нафтапрадукты не адзіная сфэра яе інтарэсаў. Яна гандлюе яшчэ і запчасткамі для аўтамабільнага транспарту, збожжам, гароднінай, бытавой тэхнікай, лесам, будаўнічымі матэрыяламі, хімічнай прадукцыяй і гэтак далей.

У 2020 годзе кампанія атрымала 8,6 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (менш як 0,5 мільёна даляраў у эквіваленце), а яе актывы вымяраюцца 127,1 мільёна грыўняў (эквівалент 4,5 мільёна даляраў). Зьвестак аб фінансавай дзейнасьці кампаніі ў 2021 годзе няма.

У сваіх статутных дакумэнтах кампанія выдаліла матчыную кампанію «Белазамежгандаль» з бэнэфіцыярных уласьнікаў, але сярод заснавальнікаў тая засталася.

Кампанію «БЗТ-Україна» узначальваў Аляксандар Камароў. У 2019 годзе кампанія была прызнана ва Ўкраіне лідэрам галіны году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG