Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну ўдалося вярнуць 31 дзіця, вывезенае расейскімі ўладамі з акупаваных тэрыторыяў

Дзіцячыя гульні ў вайну, Кеіўская вобласьць, травень 2022
Дзіцячыя гульні ў вайну, Кеіўская вобласьць, травень 2022

Вернутых дзяцей расейскія вайскоўцы вывезьлі з Херсону і Харкаўскай вобласьці.

Пра вяртаньне дзяцей паведаміў дабрачынны фонд Save Ukraine.

«Дзеці, якіх выкралі расейцы ў Херсонскай і Харкаўскай абласьцях, нарэшце перасеклі мяжу. Цяпер яны ў бясьпецы. Празь некалькі месяцаў расстаньня яны нарэшце сустрэнуцца са сваімі сем’ямі», — напісаў кіраўнік фонду Мікалай Кулеба ў сваім фэйсбуку.

Гэта ўжо пятая выратавальная місія фонду, сказалі на прэс-канфэрэнцыі кіраўніка фонду Save Ukraine. Кулеба адзначыў, што бацькі, якія хочуць вярнуць дзяцей, сутыкаюцца з працяглымі і шматразовымі допытамі з боку ФСБ. Ён адзначыў, што з кожнай місіяй ціск з боку расейскіх сілавікоў павялічваецца.

«Яны зразумелі, што кожнае дзіця, якое вяртаецца, — гэта безумоўны доказ іх злачынстваў», — сказаў Кулеба ў камэнтары выданьню «РБК-Украіна».

Кіраўнік фонду таксама паведаміў, што ў краіну павінны былі вярнуцца 33 дзіцяці, але вярнулася толькі 31 дзіця.

«На жаль, бабуля, якая павінна была забраць двух дзяцей, памерла падчас гэтай місіі», — растлумачыў ён, дадаўшы, што зараз ва Ўкраіну неабходна вярнуць цела гэтай жанчыны. Вернуць і дзяцей, якіх яна павінна была забраць.

Па словах Кулебы, расейцы трымалі дзяцей за плотам і дазвалялі бацькам праходзіць ва ўстанову з камэрамі толькі па адным.

«Усе дзеці, якіх яны вярталі, гавораць аб тым, што ніхто ніякім чынам не спрабаваў знайсьці іх бацькоў. Мы шукалі гэтых дзяцей, а гэта было вельмі цяжка, бо ёсьць дзеці, дзе за 5 месяцаў было зьменена 5 розных месцаў знаходжаньня: іх кідалі з аднаго лягеру ў іншы. Ёсьць вельмі шмат сьведчаньняў таго, што з гэтымі дзецьмі там адбывалася», — распавёў кіраўнік фонду падчас прэс-канфэрэнцыі.

Раней фонд Save Ukraine вярнуў 17 дзяцей з Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, якіх вывезьлі з акупаваных тэрыторый нібыта ў летні лягер у Крыме, дзе іх утрымлівалі паўгода.

Адзін зь дзяцей — 16-гадовы Віталь — распавёў аб умовах, у якіх дзеці жылі ў акупаваным Крыме. У прыватнасьці, аб цялесных пакараньнях, якім падвяргалі дзяцей з праўкраінскімі поглядамі. Па словах хлопчыка, у лягеры «Мара» ў Еўпаторыі дзяцей білі жалезным кійком, трымалі па некалькі гадзін у падвале, прымушалі сьпяваць гімн Расеі і паднімаць расейскі сьцяг. У пакоях, дзе трымалі дзяцей, не было сьвятла.

Пазьней The Insider выявіў асобу сілавіка, які запалохваў і ўжываў гвалт у дачыненьні вывезеных украінскіх дзяцей. Па дадзеных выданьня, гэта былы супрацоўнік «Беркуту» Валерый Астахаў, які ўдзельнічаў у падзеях на Майдане з боку сілавікоў тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Да анэксіі Крыму ён працаваў у МУС Украіны, затым прыняў расейскае грамадзянства і перайшоў на службу МУС Расеі ў Еўпаторыі.

Журналістка The Insider паказала фатаграфіі Астахава хлопчыку, які расказаў пра зьбіцьцё ўкраінскіх дзяцей у лягеры, і ён апазнаў Астахава.

Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што, вывозячы дзяцей, ратуюць іх ад абстрэлаў. Аднак вядома аб выпадках усынаўленьня такіх дзяцей у Расеі, што прама супярэчыць міжнародным канвэнцыям. На дзіцячага амбудсмэна Расеі Марыю Львову-Бялову, як і на прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Пуціна Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG