Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук заявіла, што Расея незаконна вывезла з тэрыторыі Ўкраіны больш за 2 тысячы дзяцей, якія ўтрымліваліся ў дзіцячых дамах і ня мелі бацькоў.
«Калі мы гаворым аб Расейскай Фэдэрацыі, то толькі ўкраінскіх сірот, тых, якія ёсьць у нас у рэестры, — 2161 дзіця незаконна вывезла Расея», — паведаміла Ірына Верашчук у эфіры Ўкраінскага радыё.
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец раней заяўляў, што Расея магла вывезьці з Украіны 16 207 дзяцей, у тым ліку дзяцей, дэпартаваных разам са сваімі сем’ямі.
Расея сьцьвярджала, што толькі з акупаванага ёй украінскага Данбасу вывезла больш за 150 тысяч дзяцей.
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што ўкраінскія сьледчыя дакумэнтуюць шэсьць сур’ёзных парушэньняў нормаў міжнароднага права, якія чыніць Расея супраць украінскіх дзяцей. У гэтым пераліку — забойства і калецтва, згвалтаваньне і іншыя формы сэксуальнага гвалту, адмова ў гуманітарнай дапамозе, выкраданьне, вэрбаваньне і выкарыстаньне дзяцей, напады на школы, лякарні і дзіцячую інфраструктуру.
«Дзяцей далучаюць для стварэньня блёк-пастоў, іх выкарыстоўваюць як шпіёнаў, яны становяцца ахвярамі вэрбаваньня расейскімі вайскоўцамі», — заявіла намесьніца генэральнага пракурора Ўкраіны Вікторыя Літвінава.
Паводле яе, цяпер неабходна знайсьці ўсе магчымыя міжнародна-прававыя мэханізмы, каб прыцягнуць да адказнасьці Расею і вярнуць дзяцей дадому.
13 сакавіка выданьні Reuters і New York Times паведамілі, што Міжнародны крымінальны суд (МКС), які базуецца ў Гаазе, неўзабаве адкрые дзьве крымінальныя справы праз абвінавачаньні ў ваенных злачынствах у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, а таксама выдасьць ордэры на арышт некалькіх асобаў, якія, як мяркуецца, маюць дачыненьне да гэтых злачынстваў. Ім зьбіраюцца выставіць абвінавачаньні ў разбурэньні інфраструктуры і гвалтоўным вывазе дзяцей.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch 13 сакавіка абнародавала справаздачу аб рызыках для дзяцей з інтэрнатаў у раёнах баявых дзеяньняў, а таксама для дзяцей, якіх эвакуавалі ў іншыя рэгіёны або краіны Эўропы. Праваабаронцы заклікалі Расею спыніць незаконнае перамяшчэньне дзяцей з украінскай на расейскую тэрыторыю.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.