СМІ: Міжнародны суд у Гаазе адкрывае справы супраць Расеі ў сувязі з вайной ва Ўкраіне

Будуць высунутыя абвінавачаньні ў разбурэньні інфраструктуры і гвалтоўным вывазе дзяцей.

Міжнародны крымінальны суд (МКС), які базуецца ў Гаазе, у найбліжэйшы час адкрые дзьве крымінальныя справы па абвінавачаньнях у ваенных злачынствах у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, а таксама выдасьць ордэры на арышт некалькіх асоб, якія, як мяркуецца, маюць дачыненьне да гэтых злачынстваў.

Пра гэта ў панядзелак са спасылкай на афіцыйных асоб, якія не названыя па імёнах, паведамляюць Reuters і New York Times. Афіцыйна рашэньне яшчэ не абвешчана.

Калі справы сапраўды будуць адкрытыя, гэта будзе першы выпадак, калі МКС — больш як праз год пасьля пачатку вайны — прыме да вытворчасьці справы аб злачынствах, учыненых, як мяркуецца, расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне.

Як паведамляе New York Times, абвінавачаньні будуць вылучаныя па двух пунктах — аб мэтанакіраваным разбурэньні цывільнай інфраструктуры Ўкраіны і аб перамяшчэньні дзяцей з тэрыторыі Ўкраіны ў Расею, якое Кіеў лічыць гвалтоўным, угледжваючы ў ім прыкметы генацыду.

​
XS
SM
MD
LG