28 сакавіка афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту падтрымаў ідэю стварэньня спэцыяльнага міжнароднага трыбуналудля судовага перасьледу Расеі за агрэсію супраць Украіны, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Эўрапейскі зьвяз таксама выступіў за трыбунал, які мог бы выставіць новыя абвінавачаньні супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на яго арышт у сувязі зь меркаванымі ваеннымі злачынствамі.
Дзярждэпартамэнт заявіў, што Злучаныя Штаты будуць працаваць з саюзьнікамі над стварэньнем «спэцыяльнага трыбуналу ў справе аб злачынстве агрэсіі» ў сувязі з уварваньнем Расеі ў суседнюю краіну ў лютым 2022 году.
«Мы думаем, што такі суд будзе мець значную міжнародную падтрымку, асабліва з боку нашых партнэраў у Эўропе, і ідэальна можа быць разьмешчаны ў іншай краіне Эўропы», — заявіў журналістам прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Вэдант Патэл.
Злучаныя Штаты ўпершыню адкрыта падтрымалі стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па вайне ва Ўкраіне. У лістападзе Эўрапейскі зьвяз вылучыў ідэю трыбуналу, якая была афіцыйна падтрыманая ў студзені галасаваньнем у Эўрапейскім парлямэнце.
Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, выступаючы ў аўторак на Саміце дэмакратый, сказаў, што яго краіна «рашуча выступае за» стварэньне спэцыяльнага трыбуналу, заявіўшы, што ўварваньне Пуціна нагадвае анэксію часткі тэрыторыі Чэхаславакіі нацысцкай Нямеччынай у 1938 годзе.
Злачынства ў выглядзе ваеннай агрэсіі, тады вядомае як «злачынства супраць міру», апошні раз перасьледвалася пасьля Другой сусьветнай вайны і легла ў аснову Нюрнбэрскага і Такійскага працэсаў над былымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны і імпэрскай Японіі.
Міжнародны крымінальны суд з 2018 году мае юрысдыкцыю ў дачыненьні да злачынства агрэсіі, але экспэрты ў галіне права гавораць, што ён ня можа перасьледаваць Расею ў судовым парадку, бо гэтая краіна, як і Злучаныя Штаты, не далучылася да Рымскага статуту, які заснаваў трыбунал у Гаазе.
Дзяржавы, якія не падпадаюць пад юрысдыкцыю суду, па-ранейшаму могуць быць перададзены туды шляхам галасаваньня ў Радзе Бясьпекі ААН, дзе Расея можа скарыстаць сваё права вэта.
Ідэя спэцыяльнага трыбуналу ўпершыню была агучаная неўзабаве пасьля ўварваньня ва Ўкраіну былым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Горданам Браўнам разам з навукоўцамі ў галіне юрыспрудэнцыі.
Браўн у пэтыцыі ад сакавіка 2022 году заявіў, што можа быць «лягчэй устанавіць адказнасьць» за злачынства агрэсіі, чым за асобныя ваенныя злачынствы, паколькі мела месца «настолькі відавочнае грубае парушэньне Статуту Арганізацыі Абʼяднаных Нацый».
Ордэр на арышт Пуціна, выдадзены Міжнародным крымінальным судом, заснаваны на абвінавачаньнях у незаконнай дэпартацыі расейскімі ўладамі ўкраінскіх дзяцей.