Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белым доме адрэагавалі на ўзнагароджаньне ў Расеі пілётаў за перахоп амэрыканскага дрона


Расейскі самалёт Су-27 скідае паліва перад амэрыканскім бесьпілётнікам над Чорным морам. 14 сакавіка 2023 году
Расейскі самалёт Су-27 скідае паліва перад амэрыканскім бесьпілётнікам над Чорным морам. 14 сакавіка 2023 году

«Я ня ведаю іншай арміі ў сьвеце, іншай вайскова-паветранай сілы ў сьвеце, якая б узнагароджвала пілёта за тое, што ён урэзаўся ў дрон. Калі гэта адвага, то, напэўна, у іх іншае вызначэньне гэтага слова. Гэта бязглузда і крыўдна».

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Белага дому Джон Кірбі скрытыкаваў Міністэрства абароны Расеі за ўзнагароджаньне пілётаў, якія сваімі дзеяньнямі выклікалі падзеньне амэрыканскага бесьпілётніка ў Чорнае мора.

«Я ня ведаю іншай арміі ў сьвеце, іншай вайскова-паветранай сілы ў сьвеце, якая б узнагароджвала пілёта за тое, што ён урэзаўся ў дрон. Калі гэта адвага, то, напэўна, у іх іншае вызначэньне гэтага слова. Гэта бязглузда і крыўдна», — цытуе словы Кірбі прэсавая служба Белага дому.

«Мы ня ведаем, ці спрабаваў гэты пілёт наўмысна пратараніць дрон, ці не, але ён гэта зрабіў. Відэадоказы былі дастаткова пераканаўчыя. У любым выпадку, на флёце, дзе я вырас, вы ня хочаце нічога дарыць. Ударыць што-небудзь — кепска для вас... Ня маю ўяўленьня, чаму яны далі ўзнагароду за адвагу пілёту, які, у горшым выпадку, наўмысна ставіў пад небясьпеку сябе і маёмасьць ЗША, а ў лепшым выпадку быў проста ідыётам», — дадаў ён.

22 сакавіка міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ўручыў ордэны Мужнасьці пілётам самалётаў Су-27, якія перахапілі амэрыканскі дрон над Чорным морам 14 сакавіка. Паводле Шайгу, яны «папярэдзілі парушэньне межаў спэцапэрацыі амэрыканскім бесьпілётнікам».

Як сказаў адзін з узнагароджаных лётчыкаў, ён і ягоны калега па службе «выконвалі манэўры, якімі спрабавалі яго (бесьпілётнік. — РС) прымусіць спыніць выкананьне свайго заданьня. Зброю не выкарыстоўвалі, у кантакт не ўступалі».

Паводле вэрсіі ЗША, адзін з расейскіх самалётаў двойчы скінуў паліва перад дронам, а потым ударыў і пашкодзіў яго. Пасьля гэтага, як сьцьвярджаюць, амэрыканскія Вайскова-паветраныя сілы затапілі пашкоджаны дрон.

Эўрапейскае камандаваньне ЗША назвала дзеяньні расейскіх лётчыкаў «небясьпечным і непрафэсійным перахопам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG